Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джон Ўілмат, другі граф Рочэстэр (анг. John Wilmot, 2nd Earl of Rochester, нар. 1 красавіка 1647), адзін з самых значных ангельскіх паэтаў эпохі Рэстаўрацыі. Вядомы як моцны сатырык (паэма “Сатыр супраць чалавецтва”, A Satyr Against Mankind) і аўтар лірычных, эратычных вершаў, а таксама вершаў наўпрост непрыстойнага характару. Увайшоў у гісторыю як адзін з прадстаўнікоў лібертынажу і праславіўся сваімі вясёлымі гулянкамі, выбрыкамі, мноствам любоўных гісторыяў.
Нарадзіўся Джордж Бернард Шоў (анг. George Bernard Shaw, памёр 2 лістапада 1950), брытанскі (ангельскі і ірландскі) пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1925 году, дзяржаўны дзеяч (сацыяліст-“фабіяніст”, прыхільнік рэформы ангельскае пісьменнасці). Другі па папулярнасці драматург у ангельскім тэатры (пасля Шэкспіра).
Нарадзіўся Важа-Пшавела (груз. ვაჟა-ფშაველა; сапр. Лука Разікашвілі, памёр 10 ліпеня 1915), вядомы грузінскі празаік і паэт ХІХ стагоддзя. Асноўны матыў яго творчасці — сацыяльна-этнаграфічны: у сваіх паэмах Важа-Пшавела каларытна паказваў побыт, звычаі і традыцыі горцаў.
“26 ліпеня 1864 году пры моцным паўночна-ўсходнім ветры імчалася на поўнай хуткасці ўздоўж Паўночнага праліва шыкоўная яхта…” — пачатак дзеяння рамана Жуля Верна “Дзеці капітана Гранта”.
Памёр Гільермэ Брага (парт. Guilherme da Silva Braga, нар. 22 ліпеня 1845), партугальскі паэт, журналіст. Аўтар змрочных вершаў, асноўная тэма якіх — смерць, яе прысутнасць у штодзённым жыцці. Памёр у раннім узросце (29 гадоў) ад сухотаў, перажыўшы сваіх чатырох дзяцей. Асноўныя зборнікі: “Эха Алжубароты” (Ecos de Aljubarrota, 1868), “Плюшчы і браткі” (Heras e Violetas, 1869), “Аблудныя апосталы” (Os Falsos Apóstolos, 1871), “Біскуп” (O Bispo, 1874) і інш.
Нарадзіўся Антоніё Мачада (гішп. Antonio Machado, памёр 22 лютага 1939), гішпанскі паэт, адзін з выбітных дзеячаў гішпанскага літаратурнага руху, вядомага як “пакаленне 1898”. Першая кніга вершаў Мачада “Смуткі” (Soledades) пабачыла свет у 1903 і разам з “Самотнымі напевамі” Хуана Рамона Хімэнэса пазначыла пачатак гішпанскай паэзіі новага стагоддзя. Поспех зборніка “Палі Кастыліі” (Campos de Castilla, 1912), які адзначыў канец перыяду мадэрнізму ў творчасці Мачада, паводле прызнання паэта, выратаваў яго ад думак пра самагубства, да якіх яго прывяла смерць жонкі. Стваральнік двух гетэронімаў, ад імя якіх пісаў вершы і празаічныя творы, у тым ліку філасофскага кірунку. Пасля ўсталявання ў Гішпаніі правай дыктатуры Ф. Франка становішча паэта, прыхільніка рэспубліканцаў, стала пагрозлівым, Мачада ў 1938 быў эвакуяваны з краіны і праз месяц, падчас пераходу гішпанска-французскай мяжы, разам са сваёй састарэлай маці загінуў у французскім Кальюры. У ягонай кішэні былі знойдзеныя апошнія вершы “Estos días azules y este sol de la infancia” (літ. “Гэтыя блакітныя дні і гэтае сонца дзяцінства”). На беларускую мову асобныя вершы Мачада перакладалі А. Зарыцкі і М. Мартысевіч.
Нарадзіўся Андрэ Маруа (фр. André Maurois, сапр. Эміль Саламон Вільгельм Эрзог, памёр 9 кастрычніка 1967), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі. Пазней псеўданім пісьменніка зрабіўся яго афіцыйным імем.
У Варшаве выйшаў першы падручнік па мове эсперанта.
Нарадзіўся Олдас Хакслі (анг. Aldous Huxley, памёр 22 лістапада 1963), ангельскі пісьменнік, найбольш знакаміты дзякуючы раману-антыўтопіі “Дзіўны новы свет” (Brave New World, 1932). У 1958 годзе Хакслі напісаў “Вяртанне ў дзіўны новы свет” (Brave New World Revisited), у якой развівае думку пра тое, што напраўду ўсё будзе яшчэ горш і жахлівей, чым у першай кнізе.
Памёр Ханс Лодэйзен (нід. Hans Lodeizen, нар. 20 ліпеня 1924), нідэрландскі паэт, які хаця і памёр ва ўзросце 26 гадоў, вельмі моцна паўплываў на нідэрландскую паэзію паваеннага перыяду. Адзін з вершаў Лодэйзена напісаны на доме ў Лейдэне ў межах праекту “Насценныя вершы”.
Памерла Эстэр Марыя Рынгнэр-Лундгрэн (шведск. Ester Maria Ringnér-Lundgren, нар. 4 кастрычніка 1907), шведская дзіцячая пісьменніца. Пісала казкі і займальныя дэтэктыўныя гісторыі для дзяцей. Найбольшую вядомасць ёй прынесла серыя кніг пра Лоту, напісаных пад псеўданімам Мэры Вік (Merri Vik), а таксама кнігі пра троляў Квірэ і Хопсана.
Памёр Ларс Форсэл (шведск. Lars Hans Carl Abraham Forssell, нар. 14 студзеня 1928), шведскі пісьменнік, драматург, паэт, перакладчык, аўтар песняў і дзіцячых кніг. Атрымаў мноства ўзнагародаў за сваю творчасць. Яго імем названая вуліца ў Стакгольме.