Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Томас Кэмпбел (анг. Thomas Campbell, памёр 15 чэрвеня 1844), шатландскі паэт, ініцыятар закліку стварыць у Лондане ўніверсітэт, у якім маглі б вучыцца студэнты, што не трапілі ў Кембрыдж і Оксфард. Адзін з самых знакамітых твораў Кэмпбела — паэма “Асалоды надзеі” (The Pleasures of Hope).
Нарадзіўся Аляксандр Дзюма-сын (фр. Alexandre Dumas fils, памёр 27 лістапада 1895), французскі драматург і празаік, сябра Французскай акадэміі (з 1874), сын Аляксандра Дзюма. Аўтар знакамітага рамана, а потым драмы “Дама з камеліямі” (La Dame aux Camélias), які лёг у аснову оперы “Травіята” Джузэпэ Вэрдзі.
Нарадзіўся Джазуэ Кардучы (іт. Giosuè Carducci, памёр 16 лютага 1907), найбуйнейшы італьянскі паэт XIX стагоддзя, літаратуразнаўца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1906). Як паэт выступаў супраць рэлігійна-сентыментальных твораў рамантыкаў, за мужную і жыццярадасную паэзію ў духу класіцызму. Паэма “Гімн Сатане” (Inno a Satana, 1865) услаўляе свабоду, зямныя ўцехі, перамогу чалавечага розуму над рэлігіяй. У лірычным зборніку “Новыя вершы” (Rime Nuove, 1861—1887) адчуваецца подых рэалізму. У “Варварскіх одах” (Odi barbare, 1878—1889) паэт спрабуе аднавіць дух антычнасці, пераймаючы рытмічныя структуры грэцкай і лацінскай паэзіі. Кардучы таксама добра вядомы сваімі літаратуразнаўчымі працамі, у прыватнасці пра Дантэ, Петрарку, Кальдэрона, Бакача і інш.
Загінуў Міхаіл Лермантаў (руск. Михаил Лермонтов, нар. 15 кастрычніка 1814), рускі паэт, празаік, драматург, мастак, афіцэр. Існуе меркаванне, што род Лермантавых паходзіць з Шатландыі і ўзыходзіць да напаўміфічнага барда-прарока Томаса Лерманта. Першы яго надрукаваны твор — “Хаджы Абрэк” (1835) — трапіў у “Бібліятэку для чытання” без ведама аўтара, і пасля гэтага выпадковага, але ўдалага дэбюту Лермантаў доўга не хацеў друкаваць свае вершы. Уся сіла таленту Лермантава адкрылася рускай публіцы пасля смерці Пушкіна. У канцы студзеня доктар Арэндт пабываў у Лермантава (які тады хварэў) і расказаў яму падрабязнасці дуэлі і смерці Пушкіна, вынікам чаго стаўся верш “Смерць Паэта”. Верш хутка распаўсюдзіўся ў спісах, выклікаўшы ў грамадстве сапраўдную буру; адзін з родных Лермантава, Сталыпін, пачаў асуджаць паэта за яго гарачнасць у дачыненні да Дантэса. Гэта раззлавала Лермантава, і ён дадаў да верша яшчэ 16 радкоў. Паэта арыштавалі, пачалося судовае разбіральніцтва, за якім сачыў сам імператар, але за паэта заступіліся сябры Пушкіна, перадусім Жукоўскі, а таксама бабуля паэта, якая выкарыстала ўсе свае сувязі, каб палегчыць лёс унука. Хуткім часам Лермантаў быў пераведзены ў Ніжагародскі драгунскі полк, што дзейнічаў на Каўказе. Па вяртанні ў Пецярбург паэт стварае паэмы “Дэман” і “Мцыры”. Хутка ён робіцца адным з самых вядомых рускіх пісьменнікаў, уваходзіць у кола пушкінскіх сяброў і пачынае актыўна друкавацца. У Пяцігорску ён пасварыўся з маёрам у адстаўцы Мікалаем Мартынавым, з якім пазнаёміўся яшчэ ў Школе гвардзейскіх падпрапаршчыкаў. Згодна з “Нататкамі дзекабрыста” Лорэра, Лермантаў часта жартаваў з чаркескага касцюма Мартынава, і маёр урэшце не вытрымаў. Дуэль адбылася 15 ліпеня. Мартынаў патрапіў проста ў грудзі паэта. Творы Лермантава перакладзеныя на нямецкую, ангельскую, французскую, польскую, дацкую, шведскую, беларускую, сербскую і іншыя мовы. На сайце “ПрайдзіСвета” можна пачытаць паэмы Лермантава “Мцыры” і “Дэман” у перакладах Макара Краўцова.
Нарадзіўся Уладзімір Караленка (руск. Владамир Короленко, памёр 25 снежня 1921), рускі пісьменнік украінска-польскага паходжання, журналіст, публіцыст і грамадскі дзеяч. Імя Караленкі носіць прэмія, створаная Саюзам пісьменнікаў Украіны ў 1990 годзе, за найлепшы рускамоўны літаратурны твор Украіны.
Нарадзіўся Хілар Бэлак (анг. Hilaire Belloc, памёр 16 ліпеня 1953), пісьменнік і гісторык ангельска-французскага паходжання, з 1902 году — падданы Вялікабрытаніі. У дзяцінстве меў мянушку Стары Гром. Шчыльна супрацоўнічаў з Г. К. Чэстэртанам, і іх сумесная праца дала жыццё тэрміну “Чэстэрбэлак”. Калі Бэлака спыталі, чаму ён напісаў так шмат кніг, ён адказаў: “Бо мае дзеці ўвесь час канькалі ікры і перлаў”.
Памёр Фёдар Цютчаў (руск. Фёдор Тютчев, нар. 5 снежня 1803), рускі паэт, дыпламат, кансерватыўны публіцыст, чалец-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук. Яму належаць словы: “Расійская гісторыя да Пятра І — суцэльная паніхіда, а пасля — суцэльная крымінальная справа”.
Нарадзіўся Ежы Гедройц (польск. Jerzy Giedroyc, памёр 14 верасня 2000), польскі публіцыст, палітык, мемуарыст, заснавальнік і рэдактар часопіса “Kultura” і выдавецтва “Instytut Literacki”. Аўтар мемуарнай кнігі “Аўтабіяграфія на чатыры рукі” (Autobiografia na cztery ręce, 1994). Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2006 год годам Ежы Гедройца; 100-годдзе з дня народзінаў Гедройца ўлучанае ў памятныя даты, што адзначаюцца пад эгідай ЮНЕСКА.
Нарадзіўся Заур Кабісаў (асец. Къæбысты Зауыр), асецінскі пісьменнік, аўтар першага на асецінскай мове фантастычнага рамана “Апошняя малпа” (“Фæстаг маймули”, 1977). Раман натхнёны творчасцю французскага пісьменніка П’ера Буля.
Памерла Гертруда Стайн (анг. Gertrude Stein, нар. 3 лютага 1874), амерыканская пісьменніца. У 1902 годзе пераехала з ЗША ў Парыж, дзе і правяла ўсё жыццё. Гертруда Стайн пакінула па сабе след не столькі як пісьменніца, колькі як гуртавальніца маладых англамоўных літаратараў, для многіх з якіх яна была настаўніцай і часцяком спонсарам. Яе кватэра па вуліцы Флеру стала адным з цэнтраў мастацкага і літаратурнага жыцця Парыжа да Першай сусветнай вайны і пасля яе. Ёй таксама належыць аўтарства тэрміна “страчанае пакаленне” (lost generation), якім пазней пачалі называць цэлы шэраг пісьменнікаў пасляваеннага часу, што выказвалі ў сваіх творах расчараванне ў сучаснай цывілізацыі, песімізм і страту былых ідэалаў (Э. Хэмінгуэй, Дж. Дос Пасас, Томас Эліят, Ф. С. Фіцджэралд і інш.).
Памёр Рычард Олдынгтан (анг. Richard Aldington, нар. 8 ліпеня 1892), ангельскі паэт, празаік, крытык. Адзін з галоўных прадстаўнікоў імажызму, уваходзіў ва ўсе імажысцкія анталогіі, рэдагаваў часопіс The Egoist (1914—1917). У гэты час перакладаў старажытнарымскіх і старажытнагрэцкіх паэтаў. У 1920-я гг. Олдынгтан, дагэтуль больш вядомы як паэт, пачаў усё больш увагі аддаваць прозе. Ягоны раман “Смерць героя” (Death of a Hero, 1929) лічыцца адным з найлепшых антываенных раманаў побач з творамі Рэмарка і Хэмінгуэя.
Памёр Аляксандр Ват (польск. Aleksander Wat, сапр. Хват; нар. 1 траўня 1900), польскі пісьменнік, перакладчык, адзін з пачынальнікаў польскага футурызму. Рэдактар авангардысцкіх часопісаў “Новае мастацтва” і “Альманах новага мастацтва”. Вядомы як аўтар адной з найлепшых аўтабіяграфічных кніг “Маё стагоддзе”, запісанай у якасці дыялогу з ініцыятывы і з дапамогай Ч. Мілаша.
Нарадзіўся Ілля Цюрын (руск. Илья Тюрин, памёр 24 жніўня 1999), рускі паэт, філосаф. З ранняга дзяцінства пісаў вершы, у школе заснаваў рок-гурт і быў аўтарам большасці яго песняў. Аўтар паэмы “Падваенне асобы”, драматычнай сцэны “Шэкспір”, шматлікіх нарысаў і артыкулаў, у т.л. “Рускі характар”. У 2000 г. была выдадзеная кніга яго вершаў, нарысаў, тэкстаў песняў “Ліст” (“Письмо”). Паэт загінуў, патануўшы ў Маскве-рацэ. У 2000 г. створаны Фонд памяці І. Цюрына, заснаваная Прэмія памяці Іллі Цюрына ў галіне літаратуры.
Памерла Агота Крыштоф (венг. Agota Kristof, нар. 30 кастрычніка 1935), швейцарская пісьменніца венгерскага паходжання. Пасля здушэння антыкамуністычнага паўстання ў Венгрыі (1956) пераехала ў Швейцарыю, дасканала вывучыла французскую мову, на якой напісала ўсе свае творы. У 1986 годзе Крыштоф выдала свой першы і самы вядомы раман — стылізаваны пад дзённік постніцшэанскі кашмар “Тоўсты сшытак” (Le grand cahier), які апісвае жыццё двух братоў, што вырашылі стаць звышлюдзьмі падчас Другой сусветнай вайны. У 1987 і 1991 Крыштоф апублікавала раманы “Доказ” і “Трэцяя хлусня”, пашырыўшы такім чынам “Тоўсты сшытак” да своеасаблівай трылогіі. Апошні з раманаў быў экранізаваны ў 2000 годзе дацкім рэжысёрам Томасам Вінтэрбергам.