№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 28 ліпеня

  • 1655

    Памёр Эркюль Савіньян Сірано дэ Бержэрак (фр. Hercule Savinien Cyrano de Bergerac, нар. 6 сакавіка 1619), французскі драматург, філосаф, паэт і празаік, папярэднік навуковай фантастыкі. “Правучаны педант” (Le Pédant joué, 1654) — адна з першых празаічных камедый на французскай мове — атрымала адмоўную ацэнку крытыкаў. Між іншага, яна ўяўляе цікавасць: выкарыстоўваючы сюжэтную схему камедыі дэль артэ, Сірано надае асаблівую ўвагу маўленчай характарыстыцы персанажаў (у прыватнасці, упершыню на французскай сцэне выкарыстоўвае дыялектнае маўленне). Найбольшую вядомасць Бержэрак атрымаў як персанаж п'есы Эдмона Растана “Сірано дэ Бержэрак”. Імя Сірано зрабілася агульным для абазначэння чалавека з вялізным носам, а таксама сапраўднага гасконца — паэта і дуэлянта. Пра Сірано дэ Бержэрака бытнуе легенда, што яго, адчайнага дуэлянта, ні разу не перамагалі, таксама існуе міф, што аднойчы ён выйграў бой з сотняй супернікаў, што таксама адлюстравалася ў п'есе Растана. Сірано дэ Бержэрак быў прататыпам Сэн-Саўена — персанажа рамана “Востраў наконадні” Умбэрта Эка. Многія выказванні Сэн-Саўена былі пазычаныя з твораў пісьменніка. Таксама Сірано — адзін з галоўных герояў серыі кніг Філіпа Фармера “Свет Ракі”.

  • 1676

    Нарадзіўся Дамінік Рудніцкі (польск. Dominik Rudnicki, памёр 1 лістапада 1739), польска-беларускі паэт, езуіт. Рудніцкаму прыпісваецца аўтарства беларускіх вершаваных “Вітанняў” з выпадкаў наведвання Вільні ў 1729 вармінскім біскупам Крыштафам i Пінска ў 1730(?) валынскім біскупам Стафанам, многіх гратэскавых твораў (“Птушыны баль”, “Камара цяжкі з дуба ўпадак” i інш.). У алегарычным апісанні злых прыгод птушак, насякомых і раслін угадваецца рэальнае жыццё дробнай шляхты Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў.

  • 1812

    Нарадзіўся Юзаф Ігнацы Крашэўскі (польск. Józef Ignacy Kraszewski, памёр 19 сакавіка 1887; псеўд. Б. Балеславіта; Д-р. Амега; К. Пастарнак), беларускі і польскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў (проза, паэзія, драматургія, крытычныя артыкулы, працы па гісторыі, этнаграфіі i інш.). Аўтар паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы часоў Міндоўга і Вітаўта “Анафеляс” (1840—1845), якую рэцэнзаваў Я. Чачот. Агулам Юзафам Крашэўскім напісана 223 раманы, у т.л. “Апошняя са слуцкіх князёў”, “Кароль у Нясвіжы” (два апошніх пераклаў на беларускую мову Міхась Кенька), “Пане Каханку”. Аўтар навуковых прац “Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні” (1847—1850), “Мастацтва ў славян, асабліва ў Польшчы і дахрысціянскай Літве” (1860), “Адзенне мяшчан і сялян з ваколіц Берасця, Кобрына і Пружанаў” і інш. Меў таксама талент мастака: маляваў, рабіў ілюстрацыі, гравіяваў і аздабляў вокладкі да кніг.

  • 1842

    Памёр Клеменс Брэнтана (ням. Clemens Brentano, нар. 9 верасня 1778), нямецкі паэт і празаік, які разам з Ахімам фон Арнімам лічыцца галоўным прадстаўніком гейдэльбергскага рамантызму. Свае першыя творы Брэнтана падпісваў псеўданімам “Марыя” і днём свайго нараджэння пазначаў 8 верасня — каталіцкае свята нараджэння Панны Марыі. Вершы Брэнтана на беларускую мову перакладалі М. Сяднёў, У. Папковіч.

  • 1844

    Нарадзіўся Джэрард Мэнлі Хопкінс (анг. Gerard Manley Hopkins, памёр 8 чэрвеня 1889), ангельскі паэт і каталіцкі святар. Пры жыцці Хопкінса, які не дбаў пра выданне сваіх тэкстаў, было апублікавана толькі некалькі ягоных вершаў. У 1918 яго спадчыну апублікаваў ягоны сябар Р. Брыджэс, на той час вядомы паэт-лаўрэат. Пасля гэтага Хопкінс быў прызнаны адным з найвялікшых англамоўных паэтаў. Наватарскі па рытміцы верш, якім напісаная большасць яго духоўных санэтаў, склаўся пад уплывам старажытнай саксонскай паэзіі, валійскага верша, дзіцячых песняў і лічылак. На вершы Хопкінса пісалі музыку Э. Кшэнэк, С. Барбэр, М. Бэбіт, Ш. О’Ліры і інш.

  • 1866

    Нарадзілася Беатрыкс Потэр (анг. Beatrix Potter, 22 снежня 1943), ангельская дзіцячая пісьменніца і мастачка. Яшчэ ў дзяцінстве вельмі любіла жывёлаў і вучылася іх маляваць. У яе жылі жабкі, мышы, вожык, трытон Ісак Ньютан і кажан. У 1902 годзе выйшла яе “Казка пра трусіка Пітэра” (The Tale of Peter Rabbit). Казкі Потэр перакладзеныя на многія мовы свету, паводле іх зняты шэраг мультыплікацыйных стужак, у тым ліку серыял “Пітэр Пуш і яго сябры”.

  • 1897

    Памёр Янка Лучына (нар. 18 ліпеня 1851), беларускі паэт, пісаў па-беларуску і па-польску. Многія творы Лучыны не захаваліся. Аўтар паэм “Паляўнічыя акварэлькі з Палесся”, “Віялета”, “Гануся”, “Андрэй”. Тэматычна паэзія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Яго зборнік “Вязанка” быў выдадзены пад выглядам кніжкі на балгарскай мове — каб абысці расійскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк. Перакладаў з польскай мовы на беларускую (У. Сыракомля) і рускую (У. Сыракомля, А. Аснык), з рускай на польскую (І. Крылоў, М. Някрасаў, В. Чуміна-Міхайлава і інш.), з нямецкай (Г. Гайнэ), старажытнагрэцкай (Гамэр). Іншамоўныя творы Я. Лучыны на беларускую мову перакладалі М. Клімковіч, М. Машара, П. Пестрак, К. Цітоў, М. Арочка, Р. Барадулін, У. Мархель, Г. Тумаш, І. Чыгрын і інш.

  • 1900

    Нарадзілася Эдыт Унэрстад (шведск. Edith Unnerstad, памерла 29 снежня 1982), фінска-шведская дзіцячая пісьменніца. Найбольшую вядомасць ёй прынеслі дзіцячыя кнігі пра вялікую сям’ю Піп-Ларсанаў. Сярод іх можна назваць кнігі “Рондальнае падарожжа” (Kastrullresan) і “Піп-Ларсаны пад ветразем” (Nu seglar Pip-Larssons), якія былі экранізаваныя. Пасля смерці Унэрстад была выдадзеная яе часткова аўтабіяграфічная кніга “Проста Сара” (Bara Sara).

  • 1920

    Памёр Алесь Гарун (сапр. Аляксандр Прушынскі, нар. 11 траўня 1887), беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Пачаў публікавацца з 1907 у газеце “Наша Ніва”. Арыштаваны 4 сакавіка 1907 у падпольнай друкарні на вуліцы Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва “Да ўсіх працоўных”. У ліпені 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на высылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працуючы на рацэ Лене, падрыхтаваў зборнік “Матчын дар” і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню (выйшаў у 1918). Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у верасні 1917. Віцэ-старшыня Усебеларускага з'езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. Рэдагаваў газету “Беларускі шлях”, актыўна выступаў у ёй як публіцыст. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве. Яго магіла была адшуканая ў 1988. У 1991 пра Алеся Гаруна быў зняты дакументальна-публіцыстычны фільм “Праз сваю хату ўбачыць бацькаву”.

  • 1960

    Памерла Этэль Ліліян Войніч (анг. Ethel Lilian Voynich, нар. 11 траўня 1864), ангельская пісьменніца, аўтарка рамана “Авадзень” (The Gadfly). Гэты раман, надрукаваны ў 1897 годзе ў ЗША і Англіі, а ў наступным годзе ў перакладзе — у Расіі, меў грандыёзны поспех. Паводле яго знялі некалькі фільмаў, паставілі шэраг п’есаў і операў. Войніч вельмі цікавілася Расіяй, пераклала на ангельскую мову шэраг рускіх класікаў: Гогаля, Дастаеўскага, Лермантава, Салтыкова-Шчадрына, Гаршына і інш.

  • 1998

    Памёр Збігнеў Герберт (польск. Zbigniew Herbert, нар. 29 кастрычніка 1924), польскі паэт, драматург, эсэіст. Па-беларуску выйшаў зборнік паэзіі Герберта “Рапарт з гораду ў аблозе” (2006), а таксама двухтомнік “Рэканструкцыя паэта” (вершы, п’еса) і “Спроба апісання” (эсэ, 2009). “ARCHE” №10 за 2008 год быў прысвечаны асобе Герберта.