Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Цао Пэй (кіт. 曹丕, піньінь Cáo Pī, нар. 187), імператар Вэй, заснавальнік дынастыі Цао Вэй і вялікі кітайскі паэт. Пакінуў пасля сябе больш за сто вершаў і першы ў Кітаі трактат пра прыгожае пісьменства “Развагі пра класіку”.
Нарадзіўся Сімон Дах (ням. Simon Dach, памёр 15 красавіка 1659), нямецкі паэт, вядомы перш за ўсё як аўтар словаў да песні “Анхен з Тараў”, дагэтуль папулярнай у Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. У 1637 годзе ў царкве вёскі Тараў вянчаліся пастар Ёган Патрацый і дачка мясцовага пастара Марціна Нендэра Анхен. Даха запрасілі на вяселле, і ў якасці падарунка ён напісаў гэты верш. Пры жыцці Даха верш не быў заўважаны, але калі праз сто гадоў Гердэр пераклаў яго на літаратурную нямецкую мову, а Зільхер напісаў музыку, песня зрабілася папулярнай і набыла статус народнай.
Нарадзіўся Ян Колар (славацк. Ján Kollár, памёр 24 студзеня 1852), славацкі паэт, палітык, філосаф і лютэранскі святар, пачынальнік панславізму ў паэзіі. Колар быў адным з ідэолагаў славацкага адраджэння, але трымаўся меркавання пра тое, што славакі выкарыстоўваюць чэшскую мову, што прывяло яго да канфлікту з іншымі адраджэнцамі. Тым не менш дзякуючы намаганням Колара венгры дазволілі адкрыць славацкую школу (у 1820), а потым — славацкую царкву (у 1833).
Нарадзіўся Алексіс дэ Таквіль (фр. Alexis-Charles-Henri Clérel de Tocqueville, памёр 16 красавіка 1859), французскі пісьменнік, гісторык і міністр замежных справаў (1849). Адна з галоўных працаў Таквіля — “Дэмакратыя ў Амерыцы”: падарожнічаючы па гэтай краіне, пісьменнік распытваў людзей і такім чынам сабраў матэрыял для свае працы.
Памёр Карэл Гаўлічак-Бароўскі (чэшск. Karel Havlíček Borovský, нар. 31 кастрычніка 1821), чэшскі паэт, публіцыст, палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў чэшскай журналістыкі, сатыры і літаратурнай крытыкі. Вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе (1838—1840), затым у духоўнай семінарыі, з якой быў выключаны за вальнадумства (1841). Вывучэнне моваў, літаратуры і гісторыі славянскіх народаў зблізіла яго з філолагам і паэтам П. Шафарыкам. Працаваў хатнім настаўнікам у Маскве, па вяртанні на радзіму заняўся публіцыстыкай, рэдагаваў газету Pražské noviny і літаратурны дадатак да яе Česka včela. Літаратурныя творы Гаўлічка-Бароўскага распаўсюджваліся збольшага ў спісах. Напісаў каля 78 эпіграмаў, пераклаў на чэшскую “Мёртвыя душы” і “Вія” Гогаля, “Казачую калыханку” Лермантава. Асноўныя творы — “Кутнагорскія лісты” (Epištoly kutnohorské), “Цірольскія элегіі” (Tyrolské elegie, паэма; 1852, надр. 1861), “Кароль Лаўра” (Král Lávra, 1854, надр. 1870).
Памёр Уладзімеж Вольскі (польск. Włodzimierz Wolski, нар. 9 кастрычніка 1824), польскі паэт, празаік і перакладчык. Апроч лібрэта да дзвюх операў Манюшкі Вольскі пакінуў пасля сябе зборнікі вершаў “Паўстанцкія спевы” (Śpiewy powstańcze, 1863), “Праменьчыкі” (Promyki, 1869), “Лісты з Бельгіі”, раман “Дамок на вуліцы Глыбокай” (Domek przy ulicy Głębokiej, 1859) і іншыя творы. Песню Вольскага “Марш зуаваў” на беларускую мову пераклаў Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Эйвінд Юнсан (шведск. Olof Edvin Eyvind Verner Johnson, памёр 25 жніўня 1976), шведскі пісьменнік і перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1974 году. Кніга-дэбют — зборнік апавяданняў “Чацвёра чужынцаў”. Ягонымі натхняльнікамі былі Марсэль Пруст, Джэймс Джойс і Ўільям Фолкнэр. Адным з найбольш вядомых твораў Юнсана называюць часткова аўтабіяграфічны “Раман пра Улафа” (Romanen om Olof), які быў экранізаваны вядомым рэжысёрам Янам Труэлем. У некаторых раманах пісьменнік сплятае сюжэты даўніх часоў (напрыклад, Траянскай вайны або інквізіцыі ў Францыі) і часоў Другой сусветнай вайны. Юнсан перакладаў на шведскую Жана-Поля Сартра і Жуля Верна.
Памёр Сігб'ёрн Абстфелер (нарв. Sigbjørn Obstfelder, нар. 21 лістапада 1866), нарвежскі пісьменнік, драматург, паэт-мадэрніст. Яго першы зборнік “Вершы” (Digte, 1893) з'яўляецца адным з ранніх прыкладаў нарвежскай мадэрністычнай літаратуры. Творы Абстфелера часта называюць літаратурным аналагам карцін Эдварда Мунка.
Нарадзіўся Хары Мюліш (нід. Harry Mulisch, памёр 30 кастрычніка 2010), нідэрландскі пісьменнік, які разам з В. Ф. Хермансам і Герардам Рэве лічыцца адным з “вялікай тройкі” (De Grote Drie) паваеннай нідэрландскай літаратуры. Пасля таго, як Херманс памёр, а Рэве звар’яцеў, Мюліш пачаў жартам называць сябе “вялікай адзінкай”. Асноўная тэма твораў Мюліша — Другая сусветная вайна.
Нарадзіўся Жан Бадрыяр (фр. Jean Baudrillard, памёр 6 сакавіка 2007), французскі філосаф-постмадэрніст, сацыёлаг, літаратар, гуру левых інтэлектуалаў. Адчуў на сабе ўплыў неамарксізму і псіхааналізу, хаця ўжо з самых першых сваіх твораў ахвотна карыстаўся ідэямі структурнага аналізу. Стыль філасофствавання Бадрыяра вызначаецца літаратурнасцю і вытанчанасцю думак і фармулёвак, эстэтычная асалода ад якіх часам хавае за сабой сур’ёзнасць намеру аўтара. З гэтай прычыны шмат якія даследчыкі не дазваляюць сабе меркаваць пра Бадрыяра як пра філосафа. На іх думку, ягонай творчасці хутчэй пасуе найменне “літаратуры” ці “публіцыстыкі”. На беларускую мову перакладзеныя творы “Пра спакусу” (пер. А. Дынько, ARCHE, 1998, № 1), “Пра нігілізм” (пер. І. Бабкова і інш., Паміж, 2001, № 1), “Прэцэсія сімулякраў” (Фрагменты, 1999, № 7), “Пластычная хірургія Іншага” (Фрагменты, 2000, № 9).
Нарадзіўся Уле Лунд К’еркегор (дацк. Ole Lund Kirkegaard, памёр 24 сакавіка 1979), дацкі дзіцячы пісьменнік і ілюстратар, марак і настаўнік. Пасля перамогі ў конкурсе дзіцячых апавяданняў выдавецтва Gyldendal пажадала, каб ён напісаў яшчэ некалькі гісторый для дзяцей, і ў 1967 годзе выйшла першая кніга К’еркегора “Малы Віргіль” (Lille Virgil). За кнігу “Альберт” (Albert) пісьменнік атрымаў прэмію Міністэрства культуры. У 1973 сям’я К’еркегора пераязджае на іншае месца. Уле Лунд, кінуўшы выкладаць у школе, страчвае натхненне. Аднойчы, напіўшыся ў карчме, ён заснуў у снезе на марозе і памёр.
Памёр Оке Ходэл (шведск. Åke Hodell, нар. 30 красавіка 1919), шведскі паэт, пісьменнік, кампазітар і мастак. Пачынаў кар’еру ваеннага пілота, але пасля аварыі надоўга трапіў у лазарэт. Гэта цалкам змяніла яго погляды на жыццё, ён зрабіўся антымілітарыстам, што паўплывала на яго творчасць. У гэты час ён пачаў пазнаёміўся з выбітным шведскім паэтам Гунарам Экелёфам. Ягоным дэбютам быў зборнік вершаў “Пілот у палёце” (Flyende pilot). Пазней заснаваў выдавецтва “Цэрбер” (Kerberos).