Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джорджа Вазары, празваны Арэтына (іт. Giorgio Vasari, памёр 27 чэрвеня 1572), італьянскі мастак, архітэктар і пісьменнік, аўтар знакамітых “Жыццяпісаў найвыдатнейшых мастакоў, скульптараў і архітэктараў” (Le Vite de’piu eccelenti Pittori, Scultori e Architetti, сконч. 1550), заснавальнік сучаснага мастацтвазнаўства. Без многіх звестак, якія падаюцца ў гэтай працы, у сучасным мастацтвазнаўстве было б нашмат больш белых плямаў.
Памёр Томас Грэй (анг. Thomas Gray, нар. 26 снежня 1716), ангельскі паэт-сентыменталіст, папярэднік рамантызму, гісторык літаратуры. Адзін з самых вядомых вершаў Грэя — “Элегія на вясковых могілках” (Elegy Written in a Country Churchyard, 1750), перакладзены на рускую мову В. Жукоўскім тройчы, прычым другі з гэтых перакладаў зрабіў Жукоўскага вядомым, — адначасова і самы знакаміты верш “могілкавай паэзіі”. Грэй часта звяртаўся да кельцкай і скандынаўскай паэзіі (“Фатальныя сёстры”, “Сыходжанне Одына”), напісаў гістарычна-літаратурную працу “Гісторыя ангельскай паэзіі”.
Нарадзіўся Аляксандр Вельтман (руск. Александр Вельтман, памёр 23 студзеня 1870), адзін з найбольш паспяховых рускіх аўтараў рамантычнай, гатычнай, фантастычнай прозы 1830—1840-х гадоў. Адзін з піянераў рускай навуковай фантастыкі.
Нарадзілася Эмілі Бронтэ (анг. Emily Brontë, памерла 19 снежня 1848), ангельская пісьменніца, аўтарка рамана “Навальнічныя пагоркі” (Wuthering Heights, 1847). Другая па ўзросце сярод сёстраў Бронтэ. У адрозненне ад сястры Шарлоты, у Эмілі Бронтэ не было блізкіх сяброў, яна рэдка пісала лісты, мала каго, за выключэннем родных, любіла. Яе характару былі ўласцівыя стаічная цвёрдасць і містыцызм. Эмілі памерла ад хуткацечнага туберкулёзу, прастудзіўшыся на пахаванні брата. Сёння асабліва высока ацэньваецца яе паэзія. Вершы “Успаміны” (Remembrance), “Палоннік” (The Prisoner) і іншыя прынеслі ёй славу таленавітай паэткі. У гонар Эмілі Бронтэ названы кратар на Меркурыі.
Нарадзіўся Карл Густаў Осіянільсан (шведск. Karl Gustav Ossiannilsson, памёр 14 сакавіка 1970), шведскі празаік, паэт і перакладчык. Вядомасць яму прынеслі яго паэтычныя зборнікі “Пяць вершаў” (Fem dikter), “Маскі” (Masker) і “Паганцы” (Hedningar).
Нарадзіўся Сальвадор Нова (гішп. Salvador Novo López, памёр 13 студзеня 1974), мексіканскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Належаў да групы мексіканскіх мадэрністаў Los Contemporáneos (“Сучаснікі”). Не хаваў сваёй гомасэксуальнай арыентацыі і аднойчы адазваўся на скандал, што разгарэўся пасля таго, як ягоныя сябры-пісьменнікі запрасілі маладых салдатаў да сябе на прыём, наступным чынам: “Вось што бывае, калі інтэлектуальная эліта спрабуе пакруціцца ў вайсковых колах”.
Памёр Дзюньітыра Танідзакі (яп. 谷崎 潤一郎, нар. 24 ліпеня 1886), японскі празаік і драматург. На раннім этапе творчасці быў прыхільнікам мадэрнізму і авангардызму і паспрабаваў спалучыць у сваёй творчасці традыцыйныя японскія літаратурныя густы з прынцыпамі эстэтыкі заходнееўрапейскай дэкадэнцкай літаратуры. Стварыў шэраг унікальных для японскай літаратуры жаночых вобразаў, у прыватнасці, вобразы фатальных жанчын у аповесцях “Дзеці” (1910), “Сакрэт” (1911) і “Д’ябал” (1912) і вобразы “сучасных дзяўчат” (т.зв. “модан гару”) у рамане “Наомі” (1924).