№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 жніўня

  • 1819

    Нарадзіўся Герман Мэлвіл (анг. Herman Melville, памёр 28 верасня 1891), амерыканскі празаік і паэт. Сусветна вядомы яго твор — раман “Мобі Дзік” (Moby-Dick, 1851). Пасля смерці пісьменнік быў практычна забыты, адраджэнне цікавасці да яго пачалося ў пачатку ХХ стагоддзя, тады ж раман “Мобі Дзік” быў прызнаны шэдэўрам амерыканскай і сусветнай літаратуры.

  • 1862

    Нарадзіўся Мантэгю Родс Джэймс (анг. Montague Rhodes James, памёр 12 чэрвеня 1936), ангельскі пісьменнік і навуковец (тэкстолаг і бібліёграф-медыевіст). Адзін з класікаў жанру ghost story — апавяданняў пра прывідаў, хаця развіў ён гэты жанр па-свойму, і даследчыкі кажуць пра асобны жанр “джэймсіянскай” навэлы, або “антыкварнага” дэтэктыву.

  • 1913

    Памерла Леся Украінка (укр. Леся Українка, сапр. Ларыса Касач-Квітка, нар. 25 лютага 1870), украінская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі і культурны дзеяч. Пісала ў самых розных жанрах, брала актыўны ўдзел ва ўкраінскім народным руху. Вядомая сваімі зборнікамі паэзіі “На крылах песняў” (“На крилах пісень”, 1893), “Думы і мроі” (“Думи і мрії”, 1899), “Водгукі” (“Відгуки”, 1902), паэмаў “Даўняя казка” (“Давня казка”, 1893), “Адно слова” (“Одно слово”, 1903), драмаў “Баярыня” (“Бояриня”, 1913), “Касандра” (Кассандра, 1903—1907), “Лясная песня” (“Лісова пісня”, 1911) і інш. У 1996 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” выйшла кніга Л. Украінкі “Лясная песня: драма-феерыя, вершы”).

  • 1916

    Нарадзілася Ана Эбер (фр. Anne Hébert, памерла 22 студзеня 2000), канадская паэтка, празаік, драматург, пісала на французскай мове. Яе кнігі вершаў і гатычнай прозы, у тым ліку тыя, што прынеслі ёй сусветную вядомасць, выклікалі абурэнне, не былі прынятыя канадскімі выдаўцамі і друкаваліся на ўласныя сродкі пісьменніцы. У 1950-х жыла ў Парыжы, дзе напісала некалькі раманаў — псіхалагічных даследаванняў гвалту, пошукаў асабістай свабоды. Тройчы пераможца найвышэйшай нацыянальнай літаратурнай узнагароды — Прэміі Генерал-губернатара.

  • 1925

    Нарадзіўся Эрнст Яндль (ням. Ernst Jandl, памёр 9 чэрвеня 2000), аўстрыйскі паэт і празаік. Атрымаў вядомасць дзякуючы гумарыстычнаму падыходу да мовы эксперыментальнай паэзіі і некалькім неалагізмам, якія ўвайшлі ў гутарковую мову. Літаратурныя публікацыі з'яўляюцца з 1952 году, за якія пісьменнік атрымаў мноства прэмій, у тым ліку і літаратурную прэмію Георга Бюхнера (1984).

  • 1926

    Памёр Ян Каспровіч (полск. Jan Kasprowicz, нар. 12 снежня 1860), польскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык. Да пачатку 1890-х Каспровіч рэалістычна выяўляў карціны сялянскай галечы ў сваіх паэтычных зборніках. З 1891 году ў творчасці паэта зацвярджаецца сімвалісцкая паэтыка. Самастойна засвоіў лаціну і старажытнагрэцкую, ведаў французскую, ангельскую і іншыя мовы. На польскую перакладаў Эсхіла, Эўрыпіда, Шэкспіра, Марла, Байрана, Шэлі, Кітса, Ўайлда, Рэмбо, Метэрлінка, Гётэ, Шылера і іншых.

  • 1963

    Памёр Тэадор Рэтке (анг. Theodore Roethke, нар. 25 траўня 1908), амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 1954 году за кнігу “Абуджэнне” (The Waking, 1953), двойчы лаўрэат Нацыянальнай кніжнай прэміі.

  • 1977

    Нарадзіўся Аляксей Бацюкоў, беларускі пісьменнік, эсэіст і журналіст. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру БДУ. Працаваў тэлежурналістам, супрацоўнікам магілёўскага абласнога тэлебачання. На дадзены момант — старшы выкладчык Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, выкладае філасофію. Сталы аўтар часопіса “Arche” і газеты “Наша Ніва”.