№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 3 жніўня

  • 1857

    Памёр Эжэн Сю (фр. Marie Joseph Eugène Sue, нар. 20 студзеня 1804), французскі пісьменнік. Лічыцца адным з заснавальнікаў масавай літаратуры. Найбольш вядомыя яго раманы — “Матыльда” (Mathilde, 1841), “Парыжскія таямніцы” (Les Mystères de Paris, 1842—1843), “Вечны Жыд” (Le Juif errant, 1844—1845). Шырока вядомая цытата з “Матыльды”: “Помста — гэта страва, якую трэба падаваць як след астудзіўшы” (La vengeance se mange très-bien froide).

  • 1924

    Памёр Джозэф Конрад (анг. Joseph Conrad, сапр. Юзаф Тэадор Конрад Кажанёўскі; нар. 3 снежня 1857), ангельскі пісьменнік польскага паходжання. Конрад лічыцца адным з найлепшых ангельскіх пісьменнікаў, нягледзячы на тое, што ён навучыўся вольна гаварыць па-ангельску, калі яму было ўжо больш за дваццаць, а заўважнага польскага акцэнту так і не пазбавіўся да канца жыцця. Конрад быў майстрам празаічнай стылізацыі, які прынёс у ангельскую літаратуру неўласцівую ёй трагічную чуллівасць. Хоць некаторыя з яго працаў маюць налёт рамантызму, ён лічыцца перадвеснікам мадэрнісцкай літаратуры. Яго стыль аповеду і антыгераічныя персанажы зрабілі ўплыў на многіх аўтараў. На беларускую мову апавяданне Конрада “Аванпост прагрэсу” пераклаў Павел Донаў.

  • 1924

    Нарадзіўся Леон Юрыс (анг. Leon Uris, памёр 21 чэрвеня 2003), амерыканскі пісьменнік, бацька якога — беларускі габрэй з Наваградка. Найбольш вядомы за скандальны раман “Выхад” (Exodus, 1958), які аўтар назваў бібліяй габрэйскіх дысідэнтаў у Расіі.

  • 1954

    Памерла Сідані Габрыэль Калет (фр. Sidonie Gabrielle Colette, нар. 28 студзеня 1873), французская пісьменніца, адна з зорак belle époque. Аўтар каля 50 кніг. Пачынала пісаць як літаратурны “негр” свайго мужа — ён выдаў яе аўтабіяграфічныя раманы пра Кладзіну пад сваім імем. Калет была абраная сябрам Ганкураўскай акадэміі ў 1945 г., а ў 1949 зрабілася яе прэзідэнтам. Цяпер яна класік французскай літаратуры.

  • 1964

    Памерла Фланэры О’Конар (анг. Mary Flannery O'Connor, нар. 25 сакавіка 1925), амерыканскі празаік і публіцыстка ірландскага паходжання. Аўтарка двух раманаў і 32 апавяданняў, а таксама аглядаў і каментароў. Прадстаўніца літаратуры Паўднёвых штатаў, з уласцівым ім стылем “паўднёвай готыкі”.

  • 1971

    Памёр Янка Маўр (сапр. Іван Фёдараў, нар. 10 траўня 1883), беларускі пісьменнік, перакладчык. Аўтар кніг аповесцяў, апавяданняў “Чалавек ідзе” (1927), “У краіне райскай птушкі” (1928, 1983), “Сын вады” (1928), “Палескія рабінзоны” (1930, аповесць экранізаваная ў 1935), “Слёзы Тубі” (1930), “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (часопіс “Маладосць”, 1954—1955), рамана “Амок” (1930) і інш. Аўтар п’есы “Памылка” (апублікаваная і пастаўленая ў 1940), аднаактовак “Хата з краю” (1941), “Балбатун” (1946). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г. Х. Андэрсэна, Дз. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава, Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Верна, В. Гюго, А. Гайдара, В. Шклоўскага, А. Конанава.

  • 2008

    Памёр Аляксандр Салжаніцын (руск. Александр Солженицын, нар. 11 снежня 1918), рускі празаік, публіцыст, паэт, грамадскі і палітычны дзеяч, які жыў і працаваў у СССР, Швейцарыі, ЗША і Расіі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1970). У 1974 годзе быў пазбаўлены грамадзянства за дысідэнцкую дзейнасць і друк сваіх твораў на Захадзе, абвінавачаны ў здрадзе радзіме і сілком дастаўлены самалётам у ФРГ. У 1990 годзе савецкае грамадзянства Салжаніцыну вярнулі і ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй РСФСР за “Архіпелаг ГУЛАГ”. У 1994 Салжаніцын з сям’ёй вярнуўся ў Расію.