№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 6 жніўня

  • 1517

    У Празе Францыск Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — “Псалтыр”.

  • 1651

    Нарадзіўся Франсуа Фенелон (фр. François de Salignac de la Mothe-Fénelon, памёр 7 студзеня 1715), французскі пісьменнік, тэолаг. Яго раман “Прыгоды Тэлемаха, сына Адысея” (Les aventures de Télémaque, fils d’Ulysse, 1699) зазнаў шырокі поспех у XVIII ст., быў перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы, у тым ліку на рускую. В. Традзьякоўскі зрабіў пералажэнне рамана гекзаметрам, назваўшы яго “Тэлемахіда”. Знакамітае апісанне Кербера — “чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй” — адтуль (цытата прыведзеная ў рэдакцыі А. Радзішчава).

  • 1790

    Рускі пісьменнік А. Радзішчаў вырачаны на смяротнае пакаранне за кнігу “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву” (“Путешествие из Петербурга в Москву”).

  • 1809

    Нарадзіўся Альфрэд Тэнісан (анг. Alfred Tennyson, памёр 6 кастрычніка 1892), самы вядомы паэт віктарыянскай Англіі. Меў ганаровае званне паэта-лаўрэата. Каралева Вікторыя надала яму за паэтычную творчасць тытул барона, што зрабіла Тэнісана пэрам Англіі (1-ы барон Тэнісан, або лорд Тэнісан). Тэнісану належаць вядомае выслоўе “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца” (To strive, to seek, to find, and not to yield) — гэта апошні радок з ягонага верша “Уліс”. Тэнісан напісаў верш з нагоды перазахавання парэшткаў Эдгара По ў 1875 г., які быў зачытаны на цырымоніі.

  • 1809

    Нарадзіўся Поль Кладэль (фр. Paul Claudel, памёр 23 лютага 1955), французскі паэт, драматург, эсэіст, найбуйнейшы рэлігійны пісьменнік XX ст. Драма Кладэля “Жана д’Арк на вогнішчы” (Jeanne d’Arc au bûcher, 1939) стала асновай для араторыі Арцюра Анэгера, фільм па ёй зняў у 1954 Раберта Раселіні.

  • 1840

    Нарадзіўся Альгерд Якуб Абуховіч (псеўд. Граф Бандынэлі, Olgerd gr. Bandinelli; памёр 22 жніўня 1898), беларускі паэт, перакладчык. Паходзіў са шляхецкай сям’і, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі, адсюль паўсталі яго літаратурныя псеўданімы. Адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму, перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратураў (Гётэ, Шылера, Байрана, Дантэ, Гюго, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча і інш.). Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, таму захавалася толькі невялікая частка яго твораў. Напісаў мемуары (надрукаваныя ў газеце “Гоман”, 1916). Вёў дыскусію з Ф. Багушэвічам аб пурызме і дыялектнай аснове беларускай мовы.

  • 1884

    Нарадзіўся Яўген Хлябцэвіч (псеўд. Халiмон з-пад Пушчы, памёр 20 кастрычніка 1953), беларускі бібліятэказнаўца, бібліёграф, літаратуразнаўца. Адзін з арганізатараў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургскім універсітэце ў 1912 г. У 1912 г. быў таксама адным з арганізатараў беларускага краязнаўчага таварыства пры Пецярбургскім універсітэце.

  • 1932

    Нарадзіўся Уладзімір Бурыч (руск. Владимир Бурич, памёр 26 жніўня 1994), рускі паэт і перакладчык (найперш польскай і югаслаўскай паэзіі), тэарэтык і прапагандыст верлібра (пачынаючы з артыкула “Ад чаго свабодны свабодны верш” (“От чего свободен свободный стих”, 1972) у часопісе “Вопросы литературы”), складальнік анталогіі рускага верлібра. Лаўрэат літаратурнай прэміі Югаславіі.

  • 1938

    Нарадзіўся Дзмітрый Аваліяні (руск. Дмитрий Авалиани, памёр 19 снежня 2003), рускі паэт, заснавальнік сучаснага рускага паліндрома, майстар візуальнай паэзіі (асабліва амбіграмаў). Аваліяні першым у рускай паэзіі пачаў выкарыстоўваць паэтычную форму, якую назваў “листовертень” (Юрась Барысевіч прапанаваў беларускі адпаведнік “аркушакрут”) — калі для прачытання надпісу аркуш трэба перавярнуць на 180°.

  • 1942

    Загінуў Януш Корчак (польск. Janusz Korczak; сапр. Эрш Хенрык Гольдшміт, нар. 22 ліпеня 1878), польскі педагог, пісьменнік, доктар і грамадскі дзеяч. У 1940 разам са сваімі выхаванцамі з Дома сіротаў быў адпраўлены ў Варшаўскае гета. Ён адхіліў усе прапановы прыхільнікаў свайго таленту вывесці яго з гета і схаваць на “арыйскім” баку. У 1942 г. яго сярод 200 габрэяў пераводзілі ў канцлагер у Трэблінцы, ён чарговы раз адмовіўся ад свабоды і загінуў разам са сваімі выхаванцамі ў газавай камеры. Па-беларуску выйшла дзіцячая кніга Корчака “Кароль Маціуш Першы”. Кожны год 23 сакавіка ў Польшчы і Беларусі запускаюць паветранага змея гонар Януша Корчака і дзяцей, забітых у гета.

  • 1975

    Памёр Эркюль Пуаро (фр. Hercule Poirot, дата нараджэння невядомая), знакаміты бельгійскі дэтэктыў, герой твораў Агаты Крысці. Пуаро стаў адзіным прыдуманым героем, на якога на першай старонцы “Нью-Ёрк Таймс” стаяў некралог: “6 жніўня 1975. Памёр Эркюль Пуаро, вядомы бельгійскі дэтэктыў”.

  • 2001

    Памёр Жоржы Амаду (парт. Jorge Leal Amado de Fariа, нар. 10 жніўня 1912), бразільскі пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч. Аўтар раманаў “Бяскрайнія землі” (Terras do sem fim, 1943), “Габрыела, гваздзіка і карыца” (Gabriela, cravo e canela, 1958), “Пастухі начы” (Os pastores da noite, 1964), “Дона Флор і два ейныя мужы” (Dona Flor e seus dois maridos, 1966), “Крамка цудаў” (Tenda dos milagres, 1969), “Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць” (Teresa Batista, cansada de guerra, 1972), “Засада” (Tocaia grande, 1984) і інш. У СССР найбольш быў вядомы раманам “Капітаны пяску” (Capitães da Areia, 1937), экранізаваным пад назвай “Генералы песчаных карьеров” (1971).