Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Фларыян Бохвіц (нар. 4 траўня 1799), польска-беларускі асветнік, філосаф, пісьменнік. У 1838 годзе ў Вільні на польскай мове выйшла яго кніга “Выява думкі. На памятку маёй жонцы і дзецям” (другое выданне — 1839). Працяг гэтай маральна-філасофскай працы — “Выява маёй думкі пра мэты існавання чалавека” (Вільня, 1841). Першая кніга ў перапрацаваным выглядзе выйшла ў 1842 годзе пад назваю “Асновы маіх думак і пачуццяў”. Выдаў “Думкі пра выхаванне чалавека” (Вільня, 1847). Пахаваны на старых могілках у вёсцы Дарава. У 1960—1970-я магіла Бохвіца была разрабаваная. Помнік з надпісам “Няхай твой прыклад пакажа нам дарогу праўды” не знойдзены. Нягледзячы на тое, што магіла Бохвіца ахоўвалася дзяржавай, у 2003 годзе яна была знішчаная, і ў той самы год на яе месцы з'явіліся новыя пахаванні.
Памёр Шарль Кро (фр. Charles Cros, нар. 1 кастрычніка 1842), французскі пісьменнік і вынаходнік, адзін з “выклятых паэтаў”. З дзяцінства спрабаваў сябе ў розных галінах ведаў — вывучаў старажытныя мовы, браў урокі музыкі і малявання, потым узяўся за медыцыну і тэалогію, але неўзабаве навучанне яму надакучыла, і ён з галавой занурыўся ў багемнае жыццё. Пазней, захапіўшыся навукай, шмат часу аддае працы над каляровай фатаграфіяй, у выніку чаго яму ўдалося стварыць першы фанограф, прычым яшчэ да яго афіцыйнага яго вынаходжання Эдысанам. У 1867 годзе Кро на Сусветнай выставе ў Парыжы дэманструе аўтаматычны тэлеграф. У тым жа годзе ён падае заяўку на вынаходніцтва прылады “для запісу і прайгравання ў колеры формаў і рухаў”. У 27 гадоў Кро апублікаваў працу “Агульнае рашэнне праблем каляровай фатаграфіі” (Solution générale du problème de la photographie des couleurs), а таксама “Агляд магчымых сувязяў з планетамі”. Займаўся таксама праблемамі слыхавога ўспрыняцця, вынікам чаго стала праца “Прынцыпы мазгавога механізму”. Адзіны прыжыццёвы зборнік літаратурных твораў Кро — паэтычная кніга “Сандалавы куфэрак” (Le Coffret de santal, выйшла двума выданнямі ў 1873 і 1879). Зборнік “Каралі з кіпцяў” выйшаў у свет праз два дзясяткі гадоў пасля смерці аўтара. Многія вершы Кро пакладзеныя на музыку.
Нарадзілася Памэла Ліндан Трэверс (анг. Pamela Lyndon Travers, сапр. Хелен Ліндан Гоф; памерла 23 красавіка 1996), ангельская пісьменніца, вядомая як аўтар серыі дзіцячых кніг пра Мэры Попінс. Афіцэр Ордэна Брытанскай імперыі. Была добра знаёмая з паэтам-містыкам Джорджам Ўільямам Расэлам, які істотна паўплываў на яе, а таксама з Ўільямам Батлерам Ейтсам і іншымі ірландскімі паэтамі, якія прышчапілі ёй захапленне сусветнай міфалогіяй. Пісьменніца не любіла расказваць пра сваё жыццё. “Калі вас цікавяць факты маёй біяграфіі, — аднойчы сказала яна, — то гісторыя майго жыцця — у “Мэры Попінс” і іншых маіх кнігах”.
Нарадзілася Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч, памерла 7 красавіка 1983), беларуская паэтка, дзяячка нацыянальнага руху, аўтарка кнігі ўспамінаў “Споведзь”. 8 гадоў правяла ў лагерах, усё астатняе жыццё, 27 гадоў у Зэльве, прайшло пад наглядам КДБ.
Нарадзілася Тувэ Янсан (шведск. Tove Jansson, памерла 27 чэрвеня 2001), фінская шведскамоўная пісьменніца і мастачка, сусветна вядомая дзякуючы серыі дзіцячых аповесцяў пра мумітроляў. Напісала таксама шэраг твораў для дарослых: зборнікі апавяданняў “Дачка скульптара” (Bildhuggarens dotter, 1968), “Лялечны дом і іншыя гісторыі” (Dockskåpet och andra berättelser, 1978), біяграфічную аповесць “Летняя кніга” (Sommarboken, 1972), раман “Горад сонца” (Solstaden, 1974). Па-беларуску выйшлі дзве аповесці Тувэ Янсан: “Маленькія тролі і вялікая паводка” (Småtrollen och den stora översvämningen, пераклад Насты Лабады) і “Камета над далінай мумітроляў” (Kometjakten, пераклад Алесі Башарымавай і Насты Лабады). Рыхтуецца да выхаду наступная аповесць — “Чарадзееў капялюш” (Trollkarlens hatt, пераклад Алесі Башарымавай).
Нарадзіўся Філіп Артур Ларкін (анг. Philip Arthur Larkin, памёр 2 снежня 1985), брытанскі паэт, празаік і джазавы крытык. Усё жыццё працаваў бібліятэкарам ва ўніверсітэце. У 1984 Ларкіну прапанавалі ганаровае званне паэта-лаўрэата, ад якога ён адмовіўся. За свае літаратурныя заслугі быў узнагароджаны Ордэнам Кавалераў Славы і Ордэнам Брытанскай імперыі. У 2008 газета The Times назвала Ларкіна найлепшым брытанскім пісьменнікам пасляваеннай эпохі (Толкін, напрыклад, заняў у гэтым спісе 6-е месца).
Нарадзіўся Яўген Міклашэўскі (псеўд. Яўген Верабей), беларускі паэт і перакладчык. Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі, апублікаваў аповесці “Чатыры дарогі” (1979) і “Мёртвая крыніца” (1989). Выдаў раман-даследаванне “Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча” (1994). Перакладае паэзію і прозу з ангельскай і славянскіх моваў. Пераклаў творы Д. Ўолеса, Э. Хэмінгуэя, М. Пехаля, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Кальцова, Р. Кіплінга, Э. Колдуэла, Наваі, Машраба, лібрэта У. Вольскага оперы С. Манюшкі “Галька”. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.
Нарадзіўся Джон Варлі (анг. John Varley), амерыканскі пісьменнік-фантаст, вядомы сваімі апавяданнямі і аповесцямі, якія прынеслі яму 2 прэміі — Nebula Award, 3 Hugo Award і 5 прэмій The Locus Poll.
Памёр Герман Гесэ (ням. Hermann Hesse, нар. 2 ліпеня 1877), швейцарска-нямецкі пісьменнік і мастак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1946). Яго раманы “Стэпавы воўк” і “Гульня шкляных перлаў” на беларускую пераклаў Васіль Сёмуха, у перакладзе Арцёма Арашонка выходзіў раман “Сідхартха”.
Памёр Іван Мележ (нар. 8 лютага 1921), беларускі пісьменнік. Дэбютаваў у літаратуры вершамі ў 1939 годзе. Ваяваў на фронце і быў паранены ў 1942. Аўтар славутай трылогіі “Палеская хроніка”, якая ўключае раманы “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. Раманы двойчы экранізаваліся.