Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Роберт Саўці (анг. Robert Southey, памёр 21 сакавіка 1843), ангельскі паэт-рамантык, перакладчык, гісторык, прадстаўнік “азёрнай школы”. Адзін з найбольш знакамітых аўтараў гатычных баладаў, а таксама баладаў-пародыяў на гэты жанр. Шмат падарожнічаў, жыў у Гішпаніі і Партугаліі; яму належаць пераклады рыцарскіх раманаў (у прыватнасці, знакамітага “Амадыса Гальскага”). Пісаў таксама вершы на гішпанскія і партугальскія сюжэты: балады “Гішпанская армада” (The Spanish Armada), “Каралева Урака і пяць мараканскіх пакутнікаў” (Queen Orraca and the Five Martyrs of Morocco), “Гансала Эрмігес” (Gonzalo Hermiguez) і інш. Сярод самых значных твораў Роберта Саўці, апроч гатычных баладаў, можна назваць пяць вялікіх паэмаў: “Талаба-разбуральнік” (Thalaba the Destroyer, 1801), “Мэдак” (Madoc, 1805), “Пракляцце Кехамы” (Curse of Kehama, 1810), “Родэрык, апошні з готаў” (Roderick the Last of the Goths, 1814), “Бачанне суду” (A Vision of Judgment, 1821). З 1813 г. і да смерці Саўці быў паэтам- лаўрэатам (званне прыдворнага паэта давалася да канца жыцця; паэт-лаўрэат мусіў пісаць вершы з нагоды розных падзей у жыцці манарха і дзяржавы і атрымліваў пенсію). На беларускую балады Саўці перакладала Ганна Янкута.
Памёр Ўільям Блэйк (анг. William Blake, нар. 28 лістапада 1757), ангельскі паэт, мастак, містык. Першы зборнік вершаў Блэйка “Паэтычныя накіды”, выйшаў у 1783 годзе. У далейшым паэт стварыў некалькі “ілюмінаваных рукапісаў”, уласнаручна гравіруючы свае вершы і малюнкі на меднай дошцы. Памёр Блэйк у разгар сваёй працы над ілюстрацыямі да “Боскай камедыі”. Яго смерць была раптоўная і невытлумачальная. Дакладнае месцазнаходжанне магілы Блэйка было забытае, а магільны камень быў перанесены на новае месца. Пры жыцці Блэйк не атрымаў ніякай вядомасці за межамі вузкага кола прыхільнікаў, але быў “адкрыты” пасля смерці прэрафаэлітамі. Блэйк рабіў значны ўплыў на заходнюю культуру XX стагоддзя. Песня “Ерусалім” на верш Блэйка лічыцца неафіцыйным гімнам Вялікабрытаніі.
Памёр Юзаф Маралёўскі (нар. 5 сакавіка 1777), беларускі паэт і педагог. Пісаў на польскай, лацінскай, рускай мовах. Друкаваўся ў часопісах “Полацкі штомесячнік”, “Вестник Европы”. Творчасць Ю. Маралёўскага насіла характэрныя прыкметы літаратуры часоў пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамантычным стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманістычных і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі.
Нарадзіўся Марцэлус Эманц (нід. Marcellus Emants, памёр 14 кастрычніка 1923), нідэрландскі празаік, адзін з рэдкіх прадстаўнікоў нідэрландскага натуралізму. Быў віцэ-прэзідэнтам “Суполкі за спрашчэнне нашага правапісу” (Vereniging tot vereenvoudiging van onze spelling), якая спрашчэння так і не дабілася.
Нарадзілася Кэтрын Лі Бэйтс (анг. Katharine Lee Bates, памерла 28 сакавіка 1929), амерыканская паэтка і выкладчыца, аўтарка некалькіх тамоў паэзіі, у тым ліку знакамітага верша “Прыўкрасная Амерыка” (America the Beautiful), што зрабіўся другім, неафіцыйным гімнам ЗША. Пісьменніца таксама папулярызавала такога персанажа, як місіс Санта-Клаўс у сваім вершы “Цётухна Санта-Клаўс на санках” (Goody Santa Claus on a Sleigh Ride).
Нарадзіўся Хасінта Бенавентэ-і-Марцінэс (гішп. Jacinto Benavente y Martínez, памёр 14 ліпеня 1954), гішпанскі драматург “пакалення 98 году”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1922) — “за бліскучае майстэрства, з якім ён працягнуў слаўныя традыцыі гішпанскай драмы”.
Нарадзілася Мэры Робертс Райнхарт (анг. Mary Roberts Rinehart, памерла 22 верасня 1958), амерыканская пісьменніца, аўтар дэтэктываў. Яе часам называюць “амерыканскай Агатай Крысці”. Райнхарт прыпісваюць аўтарства фразы “Забойца — дварэцкі” (The butler did it).
Нарадзіўся Мігел Торга (парт. Miguel Torga, сапр. Адолфу Карэя да Роха, памёр 17 студзеня 1907), партугальскі паэт, празаік, драматург. Лаўрэат шматлікіх узнагародаў, у тым ліку Міжнароднай паэтычнай прэміі (1977) і прэміі Камоэнша (1989). Творы перакладзеныя на многія еўрапейскія мовы, а таксама на кітайскую, японскую і інш.
У СССР пакараныя смерцю трынаццаць падсудных па сфабрыкаванай справе Габрэйскага антыфашысцкага камітэта, сярод якіх было некалькі знакамітых габрэйскіх паэтаў (Л. Квітко, П. Маркіш, Д. Бергельсон, Д. Гафштэйн). Гэтае пакаранне вядомае таксама як “Ноч забітых паэтаў”.
Памёр Томас Ман (ням. Thomas Mann, нар. 6 чэрвеня 1875), нямецкі пісьменнік, эсэіст, майстар эпічнага рамана, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1929), брат Генрыха Мана, бацька Клаўса Мана і Эрыкі Ман. Пасля смерці бацькі, паводле яго тэстаменту, сямейная фірма і дом у Любэку былі прададзеныя, а Томас Ман атрымаў ката, у якога была нездаровая цяга да ботаў. Праз 5 месяцаў кот памёр ад з’едзенага бота. Вядомасць да Мана прыйшла пасля таго, як у 1901 г. пабачыў свет яго першы раман, у аснову якога была пакладзеная гісторыя яго ўласнага роду — “Будэнброкі” (Buddenbrooks — Verfall einer Familie), за які пісьменнік атрымлівае Нобелеўскую прэмію. На беларускую мову творы Т. Мана перакладаў В. Сёмуха — “Доктар Фаўстус: жыццё нямецкага кампазітара Адрыяна Леверкюна, пра якое расказаў яго сябар” (“Мастацкая літаратура”, 1989) і навелы “Вундэркінд”, “Дарога на могілкі”, “Марыё і штукар” (Томас Ман, Штэфан Цвэйг. Навелы; пер. з ням. В. Сёмухі, У. Чапегі; “Юнацтва”, 1996).