№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 13 жніўня

  • 1820

    Нарадзіўся Ёзэф Алберт Албердынк Тэйм (нід. Josephus Albertus (Joseph) Alberdingk Thijm, памёр 17 сакавіка 1889), нідэрландскі паэт, празаік, мастацкі крытык і выдавец. У паэзіі наследаваў Вілему Білдэрдэйку. Значная частка яго крытычных працаў была прысвечаная творчасці Ёста ван дэн Вондэла, пра якога ён выдаў кнігу “Партрэты Вондэла” (Portretten van Josst van den Vondel, 1876), а затым працаваў над зборам ягоных твораў.

  • 1833

    Памёр Эліяс Вільхельм Руда (шведск. Elias Vilhelm Ruda, нар. 3 верасня 1807), шведскі паэт і літаратурны крытык. Аўтар пародыі на “Сагу пра Фрыцьяфа” Э. Тэгнера, а таксама змястоўнай крытычнай працы, якая датычыла тагачасных літаратурных густаў, — “Вандроўкі падарожнага-немца на шведскі парнас” (En tysk resandes ströfverier på svenska parnassen).

  • 1889

    Нарадзіўся Бертыл Мальмберг (шведск. Bertil Frans Harald Malmberg, памёр 11 лютага 1958), шведскі празаік, паэт і перакладчык. Лаўрэат літаратурных прэмій, у тым ліку вялікай прэміі Шведскай акадэміі.

  • 1946

    Памёр Герберт Ўэлс (анг. Herbert George Wells, нар. 21 верасня 1866), ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар і ў многіх іншых жанрах, такіх як сучасныя раманы, гісторыя, палітыка і сацыяльныя каментары. Ўэлса, як і Жуля Верна, называюць “бацькам навуковай фантастыкі”. Апавяданне (а паводле вызначэння аўтара — пантум у прозе) Ўэлса “Чалавек, які ўмеў рабіць цуды” на беларускую мову пераклаў Павел Донаў.

  • 1956

    Памёр Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, псеўд.: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй “сацыяліст”, Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш.; нар. 3 лістапада 1882), беларускі празаік, паэт і перакладчык. Класік беларускай літаратуры — адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, Народны паэт Беларусі.

  • 1967

    Нарадзілася Амелі Натомб (фр. Amélie Nothomb), бельгійская пісьменніца. Піша па-французску раманы, апавяданні, казкі і п’есы. Аўтар знакамітага рамана “Жах і трымценне” (Stupeur et tremblements), за які атрымала Гран-пры Французскай акадэміі.

  • 1995

    Памёр Аляксей Мельнікаў (нар. 9 лістапада 1962), беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Даследаваў старажытную славянскую літаратуру, пісьмовую спадчыну беларускага народа, духоўную культуру усходніх славян эпохі Сярэднявечча. Вывучаў беларускую агіяграфію, у т.л. жыціі Еўфрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага і інш., сваёй працай значна паспрыяў першаму поўнаму выданню твораў Кірыла Тураўскага. Пераклаў на беларускую мову ўсе вядомыя помнікі беларускай агіяграфіі Сярэднявечча, малітвы Кірыла Тураўскага і шэраг іншых яго твораў. Часткова пераклаў на беларускую мову Псалтыр і Новы Запавет.