Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Эрнэст Сэтан Томпсан (анг. Ernest Seton Thompson, сапр. Эрнэст Эван Томпсан; памёр 23 кастрычніка 1946), канадскі пісьменнік, мастак-анімаліст і грамадскі дзеяч брытанскага паходжання. Першы літаратурны твор Томпсана, “Жыццё лугавога цецерука”, выйшаў у 1883 годзе. Вядомасць у ЗША і Канадзе пісьменніку прынеслі зборнікі “Дзікія жывёлы, як я іх ведаю” (1898), “Жыццё тых, на каго палююць” (1901), а таксама 8-томавая праца “Жыццё дзікіх звяроў” (1925—1927). Ілюстрацыі да сваіх апавяданняў і аповесцяў пісьменнік рабіў сам. Усяго напісаў каля 40 кніг, збольшага пра жывёлаў. Не з’яўляючыся прыхільнікам гарадскога жыцця, падоўгу жыў у лясах і прэрыях. Адзін з пачынальнікаў літаратурнага жанру апавяданняў пра жывёлаў, Томсан зрабіў вялікі ўплыў на іншых пісьменнікаў-анімалістаў.
Нарадзіўся Дзмітрый Меражкоўскі (руск. Дмитрий Мережковский, памёр 9 снежня 1941), рускі празаік, паэт, крытык, перакладчык, гісторык, рэлігійны філосаф. Яскравы прадстаўнік Срэбнага веку, увайшоў у гісторыю як адзін з заснавальнікаў рускага сімвалізму, заснавальнік новага для рускай літаратуры жанру гістарыясофскага рамана, адзін з піянераў рэлігійна-філасофскага падыходу да аналізу літаратуры, выбітны эсэіст і літаратурны крытык. Меражкоўскі пачынаючы з 1914 году неаднаразова прэтэндаваў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 1933 годзе ўся руская эмігранцкая грамадскасць гадала, хто пераможа, Меражкоўскі ці Бунін. Перамог апошні.
Нарадзіўся Джон Галсуорсі (анг. John Galsworthy, памёр 31 студзеня 1933), ангельскі празаік, драматург, паэт і публіцыст, аўтар цыклу “Сага пра Фарсайтаў” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1932 год.
Памёр Бертальт Брэхт (сапр. поўн. Ойген Бертальд Фрыдрых Брэхт, ням. Eugen Berthold Friedrich Brecht, нар. 10 лютага 1898), нямецкі паэт, празаік, драматург, рэфарматар тэатра, заснавальнік тэатра “Берлінская трупа” (Berliner Ensemble).
Памёр Кларк Эштан Сміт (анг. Clark Ashton Smith, нар. 13 студзеня 1893), амерыканскі паэт і празаік, аўтар апавяданняў у жанры хорар і навуковай фантастыкі, сябар Г. Ф. Лаўкрафта. Пра яго казалі, што “з часоў Эдгара По ніхто не любіў парадкам падгнілыя трупы так, як Сміт”.
Памёр Джон Бойнтан Прыстлі (анг. John Boynton Priestley, нар. 13 верасня 1894), ангельскі раманіст, драматург, эсэіст і тэатральны рэжысёр. Вывучаў ангельскую літаратуру ў Кембрыджы. Вядомасць Прыстлі прынёс раман “Добрыя сябры” (The good companions, 1929) пра прыгоды трупы вандроўных артыстаў. Прыстлі — адзін з самых папулярных драматургаў Вялікабрытаніі.
Памёр Эліяс Канэці (анг. Elias Canetti, нар. 25 ліпеня 1905), аўстрыйска-балгарска-брытанскі пісьменнік, драматург, культуролаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1981). Нарадзіўся ў Балгарыі. Скончыў хімічны факультэт Венскага ўніверсітэта. З 1952 году — грамадзянін Вялікабрытаніі.Самы вядомы твор пісьменніка — раман “Асляпленне”, у якім, працягваючы традыцыі Ф. Кафкі, Канэці піша пра абсурднасць і вар'яцтва навакольнага свету.
Памёр Чэслаў Мілаш (польск. Czesław Miłosz, нар. 30 чэрвеня 1911), польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1980), юрыст і дыпламат. Даўняе Вялікае Княства Літоўскае, на землях якога Мілаш выхоўваўся, разам са сваёй шматкультурнай і талерантнай атмасферай моцна паўплывала на творчасць і светапогляд паэта. Мілаш вучыўся ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, спачатку на гуманітарным факультэце, а праз некаторы час ён перайшоў на факультэт сацыяльных навук, каб вывучаць права. Ён дэбютаваў у 1930 годзе на старонках універсітэцкага часопіса "Alma Mater Vilnensis" вершамі “Кампазіцыя” і “Падарожжа”. Уваходзіў у згуртаванне паэтаў-катастрафістаў “Жагары” (Żagary) і спрычыніўся да выдання аднайменнага часопіса. У гэты ж час Мілаш працаваў у віленскай рэдакцыі польскага радыё, аднак быў звольнены па абвінавачваннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў. На пачатку Другой сусветнай вайны, калі савецкая армія заняла Вільню, Мілаш вярнуўся ў родны горад (адкуль з’ехаў, адступаючы ад ваенных дзеянняў) і прыняў літоўскае грамадзянства. Аднак, калі савецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю Літвы, Мілаш выехаў у акупаваную немцамі Варшаву, дзе працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху, апублікаваўшы ў 1940 годзе зборнік “Вершы” пад псеўданімам Ян Сыруць. Пасля паразы варшаўскага паўстання Мілаш пераехаў у Кракаў, дзе і застаўся да канца 1945 году. Пасля вайны Мілаш працуе ў Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Pэспублікі ў якасці аташэ па культуры ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе паэт папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. У Парыжы Чэслаў Мілаш жыў да 1960 году, актыўна супрацоўнічаючы з часопісам “Культура” Ежы Гедройца. У 1960 годзе Мілаш пераязджае ў ЗША, дзе выкладае славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і Гарвардзе. У Польшчы яго афіцыйна лічаць здраднікам і рэнегатам. Да 1980 году існавала цэнзарская забарона не толькі на публікацыю яго твораў, але і на яго прозвішча наогул. Кніжкі Мілаша выдаваліся падпольна, а частка польскай эміграцыі абвінавачвала яго ў бальшавіцкіх поглядах. У 1980 годзе Мілаш атрымлівае Нобелеўскую прэмію і акурат тады пачынае змяняцца стаўленне да “здрадніка” і ў Польшчы, і ў эмігранцкім асяродку. У 1993 годзе паэт вырашае вярнуцца ў Польшчу і пераязджае ў Кракаў, паводле яго сцверджання “найбольш блізкі Вільні”. У 2011 годзе па ўсім свеце шырока адзначаецца стогадовы юбілей Чэслава Мілаша, да якога ў Беларусі прымеркаваны выхад чатырохтомніка пісьменніка.