№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 16 жніўня

  • 1678

    Памёр Эндру Марвэл (анг. Andrew Marvell, нар. 31 сакавіка 1621), ангельскі паэт, адзін з апошніх прадстаўнікоў школы метафізікаў і адзін з першых майстроў ангельскага класіцызму. Адзін з самых вядомых вершаў Марвэла — “Нораў галандцаў” (напісаны падчас ангельска-нідэрландскай вайны), у якім ворагі ганьбуюцца ўсімі магчымымі спосабамі і дзе выяўляецца тагачасны нацыянальны стэрэатып, нібыта ўсе нідэрландцы — п’яніцы і грубіяны. Зрэшты, у тагачаснай нідэрландскай паэзіі таксама хапае такіх ганьбаванняў ангельцаў (напрыклад, аўтарства Ёста ван дэн Вондэла). Вялікімі прыхільнікамі творчасці Эндру Марвэла, які доўгі час заставаўся ў цені Мілтана і Драйдэна, былі Томас Стэрнс Эліят (ён фактычна адкрыў Малвэла наноў чытацкай публіцы) і Уладзімір Набокаў.

  • 1860

    Нарадзіўся Жуль Лафорг (фр. Jules Laforgue, памёр 20 жніўня 1887), французскі паэт-сімваліст. Рана памёр ад туберкулёзу, паспеўшы выдаць пры жыцці толькі тры зборнікі вершаў. Іранічна-парадыйная паэзія Лафорга зрабіла сур’ёзны ўплыў на творчасць Э. Паўнда і Т. С. Эліята.

  • 1869

    Памерла Альбіна Габрыэля Пузына (Пузыня, Пузыніна) з Гюнтэраў (польск. Gabriela Puzynina, нар. 24 верасня 1815), польская пісьменніца і мемуарыстка. Трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладзечанскі раён), збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасцямі яе салона былі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч. Выдала некалькі зборнікаў вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. У канцы жыцця напісала ўспаміны пад назвай “Мая памяць”, якія ахоплівалі 1815—1867 гг. і ў якіх апісвалася жыццё розных слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, а таксама шмат гістарычных падзей. Часткова гэтыя ўспаміны былі выдадзеныя ў 1928 пад назвай “W Wilnie i w dworach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843”, а рукапіс загінуў у Варшаве ў 1944 г.

  • 1900

    Памёр Эса ды Кейрош (парт. José Maria Eça de Queiroz, нар. 25 лістапада 1845), партугальскі пісьменнік. Лічыцца адным з найбуйнейшых партугальскамоўных аўтараў і прадстаўнікоў рэалізму XIX стагоддзя. Самыя вядомыя раманы — “Злачынства падрэ Амару” (О crime de padre Amaro, 1874; экранізаваны ў 2002), “Кузэн Базылію” (О primo Basílio, 1879), “Сям’я Майя” (Os Maias, 1879).

  • 1920

    Нарадзіўся Чарлз Букоўскі (анг. Charles Bukowski, сапр. Генрых Карл Букоўскі, памёр 9 сакавіка 1994), амерыканскі паэт і празаік. Букоўскі літаральна з дзяцінства хацеў стаць пісьменнікам, але першы яго досвед скончыўся сумна — у 1941 годзе Чарлз сыходзіць з дому, пасля таго як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае рэчы сына на двор. Першае апавяданне Букоўскі было надрукаванае ў 1944 г., праз два гады наступнае. Але Букоўскі расчароўваецца ў пісьменніцкай дзейнасці і амаль дзесяць гадоў нічога не піша. У 1955 Бук трапляе ў клініку з дыягназам крываточная язва, прычына якой — празмернае ўжыванне алкаголю. Яго выратоўваюць ад смерці, але забараняюць піць. Забарону Букоўскі ігнаруе. Пісьменнік памёр ад лейкеміі, у хуткім часе пасля таго, як скончыў свой апошні раман “Макулатура” (Pulp). Цырымонію пахавання ажыццявілі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана “Не спрабуй” (Don’t try). На беларускую мову вершы Букоўскі перакладала Юля Цімафеева, прозу — Наста Гвоздзева, Ігар Кулікоў, Людміла Бузук, Аляксей Знаткевіч і Яўгенія Манцэвіч.

  • 1944

    Загінуў Тадэвуш Гайцы (польск. Tadeusz Gajcy, нар. 8 лютага 1922), польскі паэт з “пакалення Калумбаў”. Загінуў у Варшаўскім паўстанні. Перажыванні маці загінулага Тадэвуша Гайцы апісваюцца ў “Баладзе” Чэслава Мілаша.

  • 1949

    Памерла Маргарэт Мітчэл (анг. Margaret Munnerlyn Mitchell, нар. 8 лістапада 1900), амерыканская пісьменніца, аўтар рамана-бэстсэлера “Знесеныя ветрам” (Gone with the Wind, 1936). Раман атрымаў прэмію Пулітцэра, вытрымаў больш за 70 выданняў у ЗША, быў перакладзены на 37 моваў свету, экранізаваны ў 1939 рэжысёрам Віктарам Флемінгам (фільм атрымаў 10 прэмій “Оскар”). Нягледзячы на просьбы прыхільнікаў рамана, Мітчэл не напісала больш ніводнага твора, рупна ахоўвала правы на раман і не дазволіла зрабіць з яго мюзікл. Загінула ў выніку аварыі — яе збіў п’яны кіроўца, які быў асуджаны за ненаўмыснае забойства, хаця сябры пісьменніцы адзначалі, што Мітчэл часта пераходзіла дарогу, не азіраючыся па баках.

  • 1990

    Памёр Язэп Семяжон (сапр. Іосіф Семяжонаў, нар. 16 лістапада 1914), беларускі паэт і перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982) за пераклад паэмы М. Гусоўскага “Песня пра зубра”. Перакладаў з ангельскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, славацкай, рускай, венгерскай, літоўскай і іншых моваў. У яго перакладзе выйшлі “Кароль Лір” Ў. Шэкспіра (“Трагедыі”, 1954), кніга паэзіі Дж. Радары “Неапаль без сонца” (1955), Р. Бэрнса “Шатландская слава” (1957) і “Вам слова, Джон Ячмень” (1983), зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В'етнама “Апалены лотас” (1968), кніга выбраных перакладаў паэзіі “Сем цудаў свету” (1977), раман Г. Ота “Пара ў дарогу, буслы!” (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (1985), зборнік Дж. Байрана “Лірыка” (1989), і інш.