Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джон Драйдэн (анг. John Dryden, памёр 12 траўня 1770), ангельскі паэт, драматург і крытык. Драйдэн зрабіў александрыйскі верш асноўным памерам тагачаснай ангельскай паэзіі і больш за ўсіх паўплываў на замацаванне ў ангельскай паэзіі эстэтыкі класіцызму. Яго ўплыў на сучаснікаў быў такі моцны, што перыяд з 1660 па 1700 у ангельскай літаратуры прынята называць “векам Драйдэна”.
Нарадзіўся Сэмюэл Рычардсан (анг. Samuel Richardson, памёр 4 ліпеня 1761), ангельскі пісьменнік, пачынальнік літаратуры сентыменталізму. Вядомасць яму прынеслі тры эпісталярныя раманы: “Памэла, альбо Узнагароджаная цнота” (1740), “Кларыса, альбо Гісторыя маладой паненкі” (1748) і “Гісторыя сэра Чарлза Грандысана” (1753).
Нарадзіўся П’ер Жан дэ Беранжэ (фр. Pierre-Jean de Béranger, памёр 16 ліпеня 1857), французскі паэт. Найбольш знакаміты сваімі сатырычнымі творамі і зборнікамі песняў. За знявагу маралі, царквы і каралеўскай улады ў сваіх творах быў двойчы прыгавораны да турэмнага зняволення і грашовага штрафу, грошы на аплату якога сабралі яго шматлікія прыхільнікі.
Нарадзіўся Леанід Салаўёў (руск. Леонид Соловьёв, памёр 9 красавіка 1962), рускі пісьменнік, сцэнарыст, найбольш вядомы сваімі творамі пра Хаджу Насрэдзіна. Адбыў 8 гадоў у лагерах па абвінавачанні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Тамсама была напісаная аповесць “Зачараваны прынц” (1950), другая частка “Аповесці пра Хаджу Насрэдзіна”. Маладому Салаўёву таксама прыпісваюць фальклорна-літаратурную містыфікацыю — зборнік песняў і паданняў пра Леніна, якія ён як быццам сабраў падчас вандроўкі па Ферганскай даліне ў 1924—1925 гг. і выдаў пад назвай “Ленін і творчасць народаў Усходу” ў 1930.
Нарадзіўся Ежы Анджаеўскі (польск. Jerzy Andrzejewski, памёр 19 красавіка 1983), польскі пісьменнік. Намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, але не атрымаў яе. У сваіх творах часта закранаў тэму пошуку сапраўдных духоўных каштоўнасцяў у жыцці чалавека. Яго творы часта экранізаваліся, найбольш вядомыя экранізацыі зрабіў знакаміты польскі рэжысёр А. Вайда — паводле рамана “Попел і дыямент” (Popiół i diament, 1948) і аповесці “Вялікі тыдзень” (Wielki tydzień). Анджаеўскі выведзены ў вобразе Альфы ў “Скутым розуме” Чэслава Мілаша.
Нарадзіўся Барыс Мікуліч (псеўд. Б. Міхайлаў, Барыс М.; крыпт. Б.М., БаМ, Б.М-ч, М.Б; памёр 17 чэрвеня 1954), беларускі пісьменнік, крытык. Быў сябрам “Маладняка”, Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да 1936 году выдаў сем мастацкіх кніг. Арыштаваны ў 1936, асуджаны на 10 гадоў зняволення. Арыштаваны паўторна ў 1949 і высланы ў Сібір, дзе памёр. Рэабілітаваны праз тры месяцы пасля смерці.
Нарадзіўся Масей Сяднёў (памёр 5 лютага 2001), беларускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Мсціслаўскім тэхнікуме, якога не скончыў праз арышт 24 кастрычніка 1936. Пасля суду высланы на Калыму, адкуль быў прывезены ў чэрвені 1941 на перагляд справы і неўзабаве адпушчаны канвоем праз набліжэнне нямецкага войска. У 1943 годзе з’ехаў у Беласток, праз год — у Берлін, з 1950 году жыў у ЗША. Аўтар раманаў “Раман Корзюк” (1985), “І той дзень надышоў” (1987), зборніка вершаў “Патушаныя зоры” (1992), кнігі ўспамінаў “Масеева кніга” (2007). Перакладаў Гёльдэрліна, Гётэ, Рыльке.
Расстраляны Федэрыка Гарсія Лорка (гішп. Federico García Lorca, нар. 5 чэрвеня 1898), гішпанскі паэт і драматург, вядомы таксама як музыка і мастак-графік. Цэнтральная фігура “пакалення 27 году”, адзін з самых яскравых і значных дзеячаў гішпанскай культуры XX стагоддзя. На беларускую мову творы Лоркі перакладалі Рыгор Барадулін і Карлас Шэрман.
Нарадзіўся Аляксандр Вампілаў (руск. Александр Вампилов, памёр 17 жніўня 1972), рускі драматург. Найбольш вядомыя п’есы — “Старэйшы сын” (1968), “Паляванне на качак” (1970), “Мінулым летам у Чулімску” (1972). Памёр заўчасна, утапіўшыся ў возеры Байкал.
Памёр Роберт Раждзественскі (руск. Роберт Рождественский, сапр. Пяткевіч; нар. 20 чэрвеня 1932), рускі паэт, перакладчык, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР (1979). Прадстаўнік “маладой паэзіі” 1950—1960-х, які сваім энергічным, пафасным пісьмом на актуальныя тэмы выступіў паслядоўнікам У. Маякоўскага. Напісаў тэксты мноства папулярных песняў, супрацоўнічаў практычна з усімі эстраднымі кампазітарамі.