Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ян Нэруда (чэшск. Jan Nepomuk Neruda, нар. 9 ліпеня 1834), чэшскі празаік, паэт і журналіст. Найбольш вядомыя яго кнігі — “Кветкі на могілках” (Hřbitovní kvítí), “Кніга вершаў” (Knihy veršů), “Маластранскія аповеды” (Povídky malostranské), “Простыя матывы” (Prosté motivy) і інш.
Нарадзілася Дораці Паркер (анг. Dorothy Parker, памерла 7 чэрвеня 1967), амерыканская паэтка і празаік, вядомая сваім вострым гумарам, дасціпнасцю і праніклівасцю. Тройчы была замужам (двойчы — за адным і тым жа чалавекам), рабіла некалькі спробаў самагубства, у выніку стала залежнай ад алкаголю.
Памёр Альгерд Якуб Абуховіч (псеўд. Граф Бандынэлі, Olgerd gr. Bandinelli; нар. 6 жніўня 1840), беларускі паэт, перакладчык. Паходзіў са шляхецкай сям’і, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі, адсюль паўсталі яго літаратурныя псеўданімы. Адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратураў (Гётэ, Шылера, Байрана, Дантэ, Гюго, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча і інш.). Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, таму захавалася толькі невялікая частка яго твораў. Напісаў мемуары (надрукаваныя ў газеце “Гоман”, 1916). Вёў дыскусію з Ф. Багушэвічам пра пурызм і дыялектную аснову беларускай мовы.
Памерла Кейт Шапэн (анг. Kate Chopin, нар. 8 лютага 1851), амерыканская пісьменніца, якую некаторыя навукоўцы лічаць перадвесніцай фемінісцкай літаратуры ХХ стагоддзя. Вядомая як аўтар раманаў “Дзіця Дэзірэ” (Désirée’s Baby, 1893), “Ноч у Аркадыі” (A Night in Arcadie, 1897), “Абуджэнне” (The Awakening, 1899), апавядання “Навальніца” (The Storm, 1898). На беларускую мову апавяданні Шапэн перакладала Юля Цімафеева.
Нарадзіўся Рэй Брэдберы (анг. Raymond Douglas "Ray" Bradbury), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Атрымаў сусветную вядомасць пасля публікацыі аповесцяў “Марсіянскія хронікі” (The Martian Chronicles, 1950) і “451 градус паводле Фарэнгейта” (Fahrenheit 451, 1953). Лаўрэат Прэмій “Нэб’юла” і “Х’юга”. На беларускую мову творы Брэдберы перакладалі П. Маслянкова, С. Міхальчук, М. Кандрусевіч, В. Караткевіч.
Памёр Ражэ Мартэн дзю Гар (фр. Roger Martin du Gard, нар. 23 сакавіка 1881), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1937). Галоўны твор — шматтомны раман “Сям’я Тыбо” (Les Thibault, 1922—1940), які, распачаты ў жанры сямейнай хронікі, перарос у палітычны раман, шырокую карціну французскай рэчаіснасці пачатку ХХ ст.
Памёр Іньяцыё Сілонэ (іт. Ignazio Silone, нар. 1 траўня 1900), італьянскі пісьменнік, публіцыст, палітычны дзеяч. Выступаў з публіцыстыкай, накіраванай супраць таталітарызму (“Школа дыктатараў”, La scuola dei dittatori, 1938), актыўна выступаў супраць сталінізму. Разам з Андрэ Жыдам, Артурам Кестлерам і інш. удзельнічаў у знакамітай антытаталітарнай анталогіі “Бог, які пацярпеў крах” (The God That Failed, 1949).