Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ян Чачот (польск. Jan Czeczot, псеўд. Tłumacz Piosnek wieśniaczych z nad Niemna i Dźwiny; крыпт. Jan Cz…t; Jan Cz…tt; F. Kol; нар. 7 ліпеня 1796), беларуска-польскі паэт, фалькларыст, мовазнавец, сябар Адама Міцкевіча. З 1820 узначаліў Блакітны (літаратурны) аддзел у складзе Таварыства філарэтаў пры Віленскім універсітэце. На працягу 1837—1846 сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў “Сялянскія песні”, куды ўвайшло каля тысячы песняў у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, уласна беларускія вершы, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 словаў). Амаль кожны з гэтых зборнікаў адкрываўся прадмовамі, у якіх аўтар з сімпатыяй адзначаў асаблівасці беларускага фальклору і мовы. Ян Чачот перакладаў на польскую мову вершы з ангельскай і французскай. Том выбраных твораў Яна Чачота, выдадзены “Беларускім кнігазборам”, у электронным выглядзе можна знайсці тут.
Нарадзіўся Аляксандр Грын (руск. Александр Грин, сапр. Грынеўскі; памёр 8 ліпеня 1932), рускі празаік (“Пунсовыя ветразі”, “Алые паруса”, 1923), прадстаўнік рамантычнага рэалізму. Сам адносіў сябе да сімвалістаў. Бацька А. Грына Стэфан Грынеўскі быў сасланы ўглыб Расіі пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 году. З 1941 кнігі Грына не выдаваліся, а сам Грын быў пасмяротна абвінавачаны ў “буржуазным касмапалітызме”.
Нарадзіўся Арцюр Адамаў (фр. Arthur Adamov, сапр. Адамян, памёр 15 сакавіка 1970), французскі пісьменнік армянскага паходжання, адзін з выбітных прадстаўнікоў тэатру абсурду. Нарадзіўся ў Кіславодску (Расія). У 1912 годзе сям’я перабралася ў Германію, адтуль у Швейцарыю, а ў 1924 — у Парыж. Бацька пісьменніка прайграў сваю ўласнасць і ў 1933 годзе скончыў жыццё самагубствам. Адамаў зблізіўся з сюррэалістамі, пісаў вершы, выдаваў сюррэалісцкі часопіс “Разрыў”. У 1938 годзе перажыў нервовы зрыў. У 1941 годзе быў арыштаваны за варожыя выказванні ў адрас вішысцкага ўрада і да канца вайны знаходзіўся ў лагеры ў Аржалесе. Пасля вайны ў стане цяжкай дэпрэсіі пачаў пісаць спавядальную прозу і п’есы, якія ставілі найлепшыя рэжысёры Францыі, але драматург вельмі хваравіта ставіўся да поспехаў Бэкета і Іянэска. Перакладаў Гогаля, Рыльке, Бюхнера, Чэхава, Горкага. З сярэдзіны 1960-х пачаў піць, потым ужываць наркотыкі, некалькі разоў лячыўся ў псіхіятрычных клініках. Скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы смяротную дозу барбітуратаў.
Нарадзіўся Нэлсан Радрыгеш (парт. Nelson Rodrigues, памёр 21 снежня 1980), бразільскі празаік і драматург, заснавальнік мадэрнізму ў нацыянальным тэатры. Найбольшым наватарствам для таго часу вызначаецца яго п’еса “Вясельная сукенка” (Vestido de Noiva, першая пастаноўка — 1943), дзеянне якой адбываецца адначасова ў трох планах – у рэальнасці, галюцынацыях і ўспамінах.
Нарадзіўся Пімен Панчанка (памёр 2 красавіка 1995), Народны паэт Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за “Патрыятычную песню”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў “Пры святле маланак”, Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў “Где ночует жаворонок” (Масква, 1979). Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш.
Нарадзіўся Анатоль Перэпадзя (укр. Анатоль Перепадя, памёр 9 чэрвеня 2008), украінскі перакладчык з раманскіх моваў. Лаўрэат многіх перакладчыцкіх прэміяў. Акрамя гэтага, двойчы — прэміі “Сковорода”, якую амбасада Францыі прысуджае за найлепшы пераклад, здзейснены ў межах аднайменнай праграмы, а таксама “Ars Translationis” — за пераклад з партугальскай рамана Ж. Амаду “Вялікая пастка”. Кавалер французскага Ордэна мастацтва і літаратуры Залатых пальмаў. Лаўрэат французска-ўкраінскай прэміі імя М. Зэрава. У перакладах А. Перэпадзі на ўкраінскую выйшлі творы Бальзака, Марыяка, Сэнт-Экзюперы, Камю, Маравіі, Мак’явэлі, Петраркі, Пруста, Мантэня і інш.
Нарадзіўся Сяргій Жадан (укр. Сергій Жадан), украінскі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат шматлікіх літаратурных узнагародаў. Вызнаецца за аднаго з самых таленавітых сучасных літаратараў Украіны. Ва Украіне выйшлі зборнікі яго вершаў: “Цытатнік” (1995), “Генерал Юда” (1995), “Пэпсі” (1998), “Балады пра вайну і адбудову” (2001), “Гісторыя культуры пачатку стагоддзя” (2003), “Марадона” (2007) — і прозы: “Біг Мак” (2003), “Дэпэш Мод” (2004), Anarchy in the UKR (2005), “Гімн дэмакратычнай моладзі” (2006).
Памёр Анатоль Астрэйка (сапр. Акім Астрэйка, нар. 24 ліпеня 1911), беларускі пісьменнік, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і паэмы для дзяцей “Прыгоды дзеда Міхеда” (1956), тэкстаў многіх беларускіх песняў (“Нёман”, “Песня пра Заслонава”, “Шаўковыя травы” і інш.).