Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ферэнц Кёльчэй (венг. Kölcsey Ferenc, нар. 8 жніўня 1790), венгерскі паэт-рамантык, аўтар венгерскага нацыянальнага гімну “Божа, блаславі мадзьяраў” (Isten, áldd meg a magyart). Адзін з самых значных прадстаўнікоў венгерскай літаратуры пачатку ХІХ ст., істотна паўплываў на яе развіццё. Разам са сваім сябрам Ферэнцам Казінцы вёў барацьбу за адраджэнне венгерскай літаратуры і венгерскай мовы.
Нарадзіўся Макс Бірбам (анг. Max Beerbohm, памёр 20 траўня 1956), ангельскі празаік, эсэіст, парадыст і карыкатурыст. Атрымаў элітную адукацыю, паступіў у Оксфард. М. Бірбам у асноўным вядомы дзякуючы такім сваім творам, як “Калядная гірлянда” (A Christmas Garland, 1912, цыкл пародыяў на літаратурныя стылі сучаснікаў), сатырычны раман пра жыццё Оксфарда “Зулейка Добсан” (Zuleika Dobson, 1911), зборнік навэлаў “Сямёра мужчын” (Seven Men, 1919), куды ўваходзіць “Энох Сомс” (пераклад на беларускую тут), а таксама шматлікімі карыкатурамі на сучаснікаў і мастацкімі ілюстрацыямі.
Нарадзілася Джын Рыс (анг. Jean Rhys, памерла 14 траўня 1979), вест-індская і ангельская пісьменніца, раманістка. Сусветную вядомасць атрымала дзякуючы раману “Шырокае Саргасава мора” (The Wide Sargaso Sea, 1966), які быў двойчы экранізаваны.
Нарадзіўся Хорхе Луіс Борхес (гішп. Jorge Luis Borges, памёр 14 чэрвеня 1986), аргентынскі пісьменнік. Сам Борхес успамінаў, што пачаў пісаць у 6 ці 7 гадоў, а ў дзесяць пераклаў казку Оскара Ўайлда “Шчаслівы прынц” (“З самага майго дзяцінства, калі бацьку напаткала слепата, у нас у сям'і моўчкі мелася на ўвазе, што мне належыць ажыццявіць у літаратуры тое, чаго абставіны не далі здзейсніць майму бацьку”). У 1920-я гады стаў адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі. У 1937—1946 гадах Борхес працаваў бібліятэкарам, пасля ён называў гэты час “дзевяць глыбока нешчаслівых гадоў”, хоць менавіта ў той перыяд з'явіліся першыя яго шэдэўры. Пасля прыходу да ўлады Перона ў 1946 Борхес быў звольнены з бібліятэчнай пасады, якую яму вярнулі ў 1955 годзе, прычым вельмі ганаровую — дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аргентыны, аднак да таго часу Борхес быў ужо сляпы.
Нарадзіўся Паўлу Куэлью (парт. Paulo Coelho), бразільскі пісьменнік, аўтар сусветных бэстсэлераў “Алхімік” (O Alquimista, 1988), які стаў самай прадаванай кнігай Бразіліі , “Дзённік мага” (O Diário de um Mago, 1987), “Валькірыі” (As Valkírias, 1992), “На беразе Рыё-П’едра села я і заплакала...” (Na margem do rio Piedra eu sentei e chorei, 1994), “Кніга воіна святла” (Manual do guerreiro da luz, 1997) і інш.
Нарадзіўся Стывен Фрай (анг. Stephen Fry), брытанскі актор, празаік, драматург. Аўтар раманаў “Ілгун” (The Liar, 1992), “Гіпапатам” (The Hippopotamus, 1994), “Як ствараць гісторыю” (Making History, 1997), “Тэнісныя мячыкі нябёсаў” (The Stars’ Tennis Balls, 2001), дакументальнай, аўтабіяграфічнай прозы, эсэ, п’есаў і сцэнароў.
Памёр Лао Шэ (кіт. 老舍, нарадзіўся 3 лютага 1899), кітайскі празаік, драматург і публіцыст, адзін з галоўных майстроў нацыянальнай літаратуры. Сярод яго твораў — раманы “Філасофія шаноўнага Чжана” (1926), “Запіскі пра кашэчы горад” (1933), “Рыкша” (1936), “Гарбатня” (1957) і інш. Мяркуецца, што Лао Шэ скончыў жыццё самагубствам пасля збіцця і прыніжэння хунвэйбінамі ў часы “культурнай рэвалюцыі”.
Памёр Сяргей Даўлатаў (руск. Сергей Довлатов, сапр. Даўлатаў-Мечык; нар. 3 верасня 1941), рускі пісьменнік і журналіст, дысідэнт. Аўтар шэрагу аўтабіяграфічных кніг: “Зона: запіскі наглядчыка” (1982), “Запаведнік” (1983), “Кампраміс” (1981), у якіх расказаў пра сваю тэрміновую службу ў войску ў ахове выпраўленчых калоній, пра журналісцкую дзейнасць у газеце “Савецкая Эстонія”, пра працу экскурсаводам у Пушкінскім запаведніку Міхайлаўскае. Эміграваў у ЗША ў 1978 годзе, дзе працаваў галоўным рэдактарам штотыднёвіка “Новый американец”, вёў аўтарскую перадачу на Радыё “Свабода”; яго творы друкаваліся ў вядомых амерыканскіх часопісах The New Yorker, Partisan review.
Памёр Ілля Цюрын (руск. Илья Тюрин, нар. 27 ліпеня 1980), рускі паэт, філосаф. З ранняга дзяцінства пісаў вершы, у школе заснаваў рок-гурт і быў аўтарам большасці яго песняў. Аўтар паэмы “Падваенне асобы”, драматычнай сцэны “Шэкспір”, шматлікіх нарысаў і артыкулаў, у т.л. “Рускі характар”. У 2000 г. была выдадзеная кніга яго вершаў, нарысаў, тэкстаў песняў “Ліст” (“Письмо”). Паэт загінуў, патануўшы ў Маскве-рацэ. У 2000 г. створаны Фонд памяці І. Цюрына, заснаваная Прэмія памяці Іллі Цюрына ў галіне літаратуры.
Памёр Кейс Оўэнс (нід. Cornelis Johannes “Kees” Ouwens, нар. 27 чэрвеня 1944), нідэрландскі паэт і раманіст. Пісьменнік дэбютаваў у 1968 годзе з раманам “Аркадыя” (Arcadia), аднак славу яму прынеслі яго паэтычныя творы. Вядомы сваімі моўнымі гульнямі і лічыцца адным з паэтаў, якія найбольш узбагацілі нідэрландскую мову новымі ідыёмамі.