Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Аўрэлій Аўгустын, больш вядомы як Аўгустын Блажэнны (лац. Aurelius Augustinus, нар. 13 лістапада 354), філосаф, прапаведнік, хрысціянскі багаслоў і пісьменнік, святы каталіцкай і праваслаўных цэркваў, адзін з Айцоў Царквы. Найбольш вядомымі творамі Аўгустына лічацца праца “Пра горад Божы” (De civitate Dei) і яго духоўная біяграфія “Споведзь” (Confessiones).
Памёр Гуга Гроцый, альбо Хейг (Хуга) дэ Грот (лац. Hugo Grotius, нід. Huig (Hugo) de Groot, нар. 10 красавіка 1583), нідэрландскі драматург, юрыст, дзяржаўны дзеяч і філосаф. Дзед Гроцыя, бургундскі дваранін, ажаніўся з дачкой нідэрландца дэ Грота і ўзяў яе прозвішча. Ужо ў восем гадоў Гроцый пісаў лацінскія вершы. У адзінаццаць паступіў у Лейдэнскі ўніверсітэт, які скончыў у 15 гадоў. Некалькі гадоў быў з дыпламатычнай місіяй Ёхана ван Олдэнбарнэвелта ў Францыі, пасля вярнуўся на радзіму, заняўся адвакатурай, а пазней быў прызначаны афіцыйным гістарыёграфам Галандскай рэспублікі. У выніку “армініянскіх спрэчак” Гроцый быў арыштаваны 29 жніўня 1618 году і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Праз паўтара году ён з дапамогай жонкі змог збегчы ў Францыю, вывезены з крэпасці Лувестэйн у куфры для кніг (гэтым падзеям прысвечаны верш Ёста ван дэн Вондэла “На вызваленне Гуга Гроцыя”, рускі пераклад Я. Віткоўскага гл. тут. Літаратурную спадчыну Гроцыя складаюць напісаныя па-лацінску трагедыі “Выгнаны Адам” (Adamus exul), “Пакуты Хрыстовы” (Christus patiens) і “Сафампанеас” (Sophompaneas; егіпецкая форма імені Іосіф), перакладзеная Вондэлам на нідэрландскую пад назвай “Іосіф у садзе” (Jozef in ’t hof).
Нарадзіўся Ёган Вольфганг Гётэ (ням. Johann Wolfgang von Goethe, памёр 22 сакавіка 1832), вялікі нямецкі пісьменнік і навуковец. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, пасля вывучаў юрыспрудэнцыю, медыцыну і літаратуру ва ўніверсітэтах Ляйпцыга і Страсбурга. Першыя значныя творы — драмы “Гётц фон Берліхінген з жалезнай рукой” (Götz von Berlichingen mit der eisernen Hand, 1771), “Клавіга” (Clavigo, 1774), раман “Пакуты маладога Вэртэра” (Die Leiden des jungen Werthers, 1774). Вядомасць Гётэ прынеслі славутыя балады “Альховы цар” (Erlkönig, 1782), “Пясняр” (1783), драмы “Іфігенія ў Таўрыдзе” (Iphigenie auf Tauris, 1779), “Тарквата Таса” (Torquato Tasso, 1780), “Эгмант” (Egmont, 1788), сатырычная паэма “Райнэке Ліс” (Reineke Fuchs, 1793), эпічная паэма “Герман і Даратэя” (Hermann und Dorothea, 1798). Галоўны твор — трагедыя ў вершах “Фаўст”, другую частку якой Гётэ скончыў менш як за год да сваёй смерці — у 1831 (першая частка выйшла ў 1808). Аўтар двухтомнай аўтабіяграфічнай эпапеі “Паэзія і праўда” (Dichtung und Wahrheit, 1811—1812), цыклу вершаў на тэмы ўсходніх класікаў “Заходне-ўсходні дыван” (West-östlicher Divan, 1819), дылогіі “Гады навучання Вільгельма Майстэра” (Wilhelm Meisters Lehrjahre, 1796) і “Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра” (Wilhelm Meisters Wanderjahre, 1821). Таксама апублікаваў шэраг значных для свайго часу прац па геалогіі, мінералогіі, анатоміі і іншых навуках. Некаторыя творы Гётэ перакладзеныя на беларускую мову — “Фаўст” (Васіль Сёмуха), “Райнэке Ліс” (Віталь Вольскі), вершы (Алег Лойка, Юрка Гаўрук, Аляксей Зарыцкі, Васіль Сёмуха, Наталля Арсеннева, Фелікс Баторын, Лявон Баршчэўскі і інш.).
Нарадзіўся Джозэф Шэрыдан Ле Фаню (анг. Joseph Sheridan Le Fanu, памёр 7 лютага 1873), ірландскі ангельскамоўны пісьменнік, адзін з самых вядомых аўтараў гатычнай прозы. Пісьменнік нарадзіўся ў Дубліне ў літаратурнай сям’і — яго бабуля Алісія Шэрыдан Ле Фаню і стрыечны дзед Рычард Брынслі Шэрыдан (аўтар п’есы “Школа зласлоўя”) былі драматургамі. Напісаў шэраг містычных і прыгодніцкіх твораў, з 1845 па 1873 выдаў 14 раманаў, самыя вядомыя сярод якіх — “Дзядзька Сайлас” (Uncle Silas, 1864), “Дом ля могілак” (The House by the Churchyard, 1863) і зборнік з пяці навэлаў “Скрозь цьмянае шкло” (In a Glass Darkly, 1872). Творчасць Ле Фаню моцна паўплывала на паэтыку Х. Картасара, а аповесць “Карміла” (Carmilla, 1871) — на творчасць Б. Стокера.
Нарадзіўся Аркадзь Стругацкі (руск. Аркадий Стругацкий, памёр 12 кастрычніка 1991), рускі пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык, які ў суаўтарстве з братам Барысам напісаў некалькі дзясяткаў твораў, што лічацца класікай сучаснай навуковай і сацыяльнай фантастыкі. Пераклаў з японскай мовы шэраг твораў Акутагавы, Абэ Коба, Нацумэ Сасэкі, Нома Хіросі, Сант’ютэя Энцё, сярэднявечны раман “Казанне пра Ёсіцунэ”. Сумесна братамі Стругацкімі пад псеўданімамі С. Беражкоў, С. Віцін, С. Пабедзін былі перакладзеныя з ангельскай раманы А. Нортана, Х. Клемента, Дж. Ўіндэма.
Нарадзіўся Генадзь Бураўкін, беларускі паэт, журналіст і дыпламат. Аўтар кніг паэзіі “Дыханне”, “Выток”, “Варта вернасці”, “Гняздо для птушкі радасці”, “Узмах крыла”, “Паміж зоркай і свечкай”, “Чытаю тайнапіс вачэй” і іншых. Аўтар вершаў для многіх папулярных песняў, у тым ліку і “Калыханкі”, якая амаль два дзесяцігоддзі штодня гучала па беларускім тэлебачанні. Аўтар кніг паэзіі для дзяцей “Тры казкі пра Зая” (1974) і “Сінія арэлі” (1987), дакументальных аповесцяў “Тры старонкі з легенды” (1971), выступае ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Перакладае на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.