№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 29 жніўня

  • 1523

    Памёр Ульрых фон Гутэн (ням. Ulrich von Hutten, нар. 21 красавіка 1488), нямецкі рыцар-гуманіст, адзін з галоўных аўтараў “Лістоў цёмных людзей”. У 1509 годзе выдаў сваю першую працу “Нема”, а ў 1511 годзе — трактат пра вершаскладанне De Arte Versificandi, які зрабіўся вядомым як ва ўсёй Германіі, так і за яе межамі. У 1514 годзе быў запрошаны да двара майнскага арцыбіскупа Альбрэхта, дзе пазнаёміўся з Эразмам Ратэрдамскім. “Лісты цёмных людзей” (выходзілі ў дзвюх частках, 1515 і 1517), напісаныя групай гуманістаў, змяшчалі сатыру супраць кліру і схаластыкі — пародыю на ліставанне разумова і маральна ўбогіх манахаў і тэолагаў. Выказванне Гутэна “Вее паветрам свабоды” зрабілася дэвізам Стэнфардскага ўніверсітэта.

  • 1862

    Нарадзіўся Марыс Метэрлінк (фр. Maurice (Mooris) Polydore Marie Bernard Maeterlinck, памёр 6 траўня 1949), бельгійскі франкамоўны паэт, драматург і філосаф. Аўтар філасофскай п'есы-прыпавесці “Сіняя птушка” (L’Oiseau bleu, 1908). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1911 году “за шматбаковую літаратурную дзейнасць, і асабліва за драматычныя творы, якія вылучаюцца багаццем уяўлення і паэтычнай фантазіяй”.

  • 1938

    Памёр Фрыдзеш Карынці (венг. Karinthy Frigyes, нар. 25 чэрвеня 1887), венгерскі празаік, драматург, паэт, перакладчык Дж. Свіфта і А. Мілна. У апавяданні “Ланцугі” (Láncszemek, 1929) упершыню сфармуляваў знакамітую псіхалагічную канцэпцыю “шасці ўзроўняў раздзялення”. Напісаў працяг прыгодаў Гулівера — “Вандроўка ў Фа-рэ-мі-до” (Utazás Faremidóba, 1915, у якой Гулівер ратуецца ад Першай сусветнай вайны) і сатырычную “Капіларыю” (Capillária, 1921). Аўтар рамана-гратэску “Паведамленне з выраю” (Mennyei riport, 1937), сатырычна-фантастычнага рамана “Вандроўка вакол уласнага чэрапа” (Utazás a koponyám körül, 1937), некалькіх вершаваных зборнікаў, сатырычных апавяданняў.

  • 1961

    Памёр Грыгорый Цюцюннік (укр. Григорій Тютюнник, нар. 23 красавіка 1920), украінскі паэт і празаік. Малодшы брат Цюцюнніка, таксама пісьменнік, вядомы як Грыгор Цюцюннік, але напраўду браты насілі аднолькавае імя — Грыгорый. Старэйшага хацелі назваць Георгіем, аднак дзед, які мусіў запісаць хлопчыка, па дарозе ў сельсавет, добра выпіў і пераблытаў імёны. Праўда адкрылася толькі праз пятнаццаць гадоў, калі ў бацькі ў новай сям’і ўжо рос другі сын — таксама Грыгорый. Каб пазбегнуць блытаніны, малодшага пачалі называць Грыгорам. Грыгорый Цюцюннік — аўтар зборніка апавяданняў “Зорныя межы” (1950), аповесці “Сонца хмаркай не заслоніцца” (1957), раман “Вір” (за які пісьменнік быў пасмяротна ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй імя Шаўчэнкі) і пасмяротны зборнік вершаў ваеннага часу “Жураўліныя ключы” (1963).