№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 верасня

  • 1743

    Нарадзіўся Караль Антоні Жэра (польск. Karol Antoni Żera, памёр пасля 1798), польска-беларускі пісьменнік. Аўтар зборніка беларускіх, польскіх і лацінскіх фацэцый (анекдотаў) “Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з іншай вёскі”, які распаўсюджваўся ў рукапісах. Шматлікія яго анекдоты былі запісаныя на тэрыторыі Беларусі і на беларускай мове. Паводле аднаго са спісаў, зборнік Жэры выдадзены З. Глогерам (Варшава, 1893).

  • 1855

    Нарадзіўся Інакенцій Аненскі (руск. Иннокентий Анненский, памёр 13 снежня 1909), рускі паэт, драматург, перакладчык. Асноўная стыхія творчасці Аненскага — свет “хворай душы”. Паводле ўласных словаў, у паэзіі Аненскі імкнуўся выказаць “гарадскую, часткова каменную, музейную душу”, якую “катавалі Дастаеўскім”, “хворую і чулую душу нашых дзён”. Аненскі — аўтар чатырох п’есаў. На рускую мову пераклаў поўны збор п’есаў Эўрыпіда, а таксама вершы Гарацыя, Гётэ, Мюлера, Гайнэ, Бадлера, Вэрлена, Рэмбо, Рэнье. Зрабіў вялікі ўплыў на рускіх мадэрністаў (акмеістаў і футурыстаў). Значны ўплыў творчасці Аненскага на сабе спазнаў Барыс Пастарнак.

  • 1875

    Нарадзіўся Эдгар Райс Бэроўз (анг. Edgar Rice Burroughs, памёр 19 сакавіка 1950), амерыканскі пісьменнік. Найбольш знакаміты цыклам раманаў пра Тарзана, а таксама серыяй кніг пра прыгоды Джона Картэра на Марсе. Першы раман пра Тарзана выйшаў у 1914 г. (усяго было напісана 26 кніг), яго поспех дазволіў пісьменніку набыць у 1918 г. ранча ў Каліфорніі, якое ён назваў Тарзаніяй, а потым адкрыць уласнае выдавецтва і кіраваць правамі на экранізацыі, коміксы і інш. Творчасць Бэроўза значна паўплывала на развіццё жанраў навуковай фантастыкі і фэнтэзі ў XX стагоддзі. Яго ўплыў прызнавалі Рэй Брэдберы, Філіп Фармер, Джон Нортан.

  • 1887

    Нарадзіўся Блэз Сандрар (фр. Blaise Cendrars, сапр. Фрэдэрык-Луі Сазэ; памёр 21 студзеня 1961), швейцарскі і французскі пісьменнік. Першы свой верш La Légende de Novagorode напісаў у Санкт-Пецярбургу, заахвочаны бібліятэкарам Р.Р. у Рускай нацыянальнай бібліятэцы. Бібліятэкар пераклаў верш на рускую. Лічыцца, што было зроблена 14 копіяў перакладу. Аднак Сандрар сцвярджаў, што не мае ніводнай і цягам яго жыцця копіяў не было знойдзена. У 1912 годзе надрукаваў за свае грошы наватарскі зборнік вершаў “Пасха ў Нью-Ёрку”, які быў блізкі да кубізму ў пластыцы і глыбока паўплываў на сучаснікаў. Зблізіўся з Апалінэрам, Шагалам, Лежэ, Мадыльяні, Соняй і Рабэрам Дэланэ. Падчас Першай сусветнай вайны страціў правую руку. Захапляўся кіно, балетам. З 1925 году не пісаў вершаў, толькі раманы, навэлы, рэпарцёрскія нарысы. Аўтар чатырох кінасцэнароў. Кавалер Ордэна Ганаровага легіёна, лаўрэат Вялікай літаратурнай прэміі Парыжа (1961). У 1978 годзе была створаная Міжнародная асацыяцыя Блэза Сандрара.

  • 1900

    Нарадзіўся Сымон Баранавых (памёр 10 лістапада 1942), беларускі празаік, дзіцячы пісьменнік. Выступаў у друку спачатку як селькор. Асноўная тэма творчасці — беларуская вёска і сацыяльныя працэсы, якія адбываліся там у 1920—1930-я. У 1927 апублікаваў першае апавяданне (газета “Чырвоная змена”). Выдаў зборнік апавяданняў “Злосць” (1930), аповесці “Чужая зямля” (1930), “Межы” (1930), “Новая дарога” (1936), аповесць для дзяцей “Пастка” (1935), раман “Калі ўзыходзіла сонца” (1957), “Дзве аповесці” (1967), “Новая дарога” (апавяданні, аповесці, раман, 1989). Загінуў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954 годзе.

  • 1913

    Нарадзіўся Масей Сяднёў (памёр 5 ліпеня 2001), беларускі паэт і празаік. У 1936 годзе быў арыштаваны, сасланы на Калыму. З 1944 году жыў у Германіі і ЗША. Друкавацца пачаў з 1933 году. Яго творы выходзілі ў часопісах “Полымя”, “Беларуская работніца і сялянка”, газетах “Савецкая Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”. Падчас нямецкай акупацыі ў Беластоку падрыхтаваў зборнік вершаў “Ад сына твайго, Беларусь” і кнігу “Ахвяры бальшавізму”. Перакладаў Гётэ, Рыльке, Гёльдэрліна. Вялікі цыкл вершаў прысвяціў перажытаму ў турмах і лагерах. Напісаў раманы “Раман Корзюк” (1985), “І той дзень надышоў” (1987), зборнік вершаў “Патушаныя зоры” (1992), успаміны “Масеева кніга” (1995).

  • 1921

    Нарадзіўся Вілем Фрэдэрык Хэрманс (нід. Willem Frederik Hermans, памёр 27 красавіка 1995), нідэрландскі празаік, адзін з “Вялікай тройкі” (разам з Герардам Рэве і Хары Мюлішам) нідэрландскіх пісьменнікаў другой паловы ХХ ст. На творчасць Хэрманса моцна паўплывала Другая сусветная вайна і акупацыя Нідэрландаў Германіяй — самыя значныя і буйныя творы пісьменніка, экзістэнцыялісцкія раманы “Слёзы акацыяў” (De tranen der acacia's, 1949) і “Цёмны пакой Дамокла” (De donkere kamer van Damokles, 1958), прысвечаныя вайне. У 1986 Хэрманс быў прызнаны ў Амстэрдаме персонай нон-грата праз наведванне ім у 1983 г. Паўднёвай Афрыкі, дзе ў гэты час праводзілася палітыка апартэіду. Жанаты з “каляровай” жанчынай, Хэрманс не прызнаў свае віны і таму змог пабываць у сваёй краіне толькі ў 1993 годзе. У 1990 годзе зрабіўся ганаровым доктарам Льежскага ўніверсітэта, у 1993 — універсітэта ў Прэторыі (ПАР).

  • 1970

    Памёр Франсуа Марыяк (фр. François Mauriac, нар. 11 кастрычніка 1885), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі (1933), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1958) за “глыбокае духоўнае прасвятленне і мастацкую сілу, з якой ён у сваіх раманах выявіў драму чалавечага жыцця”. Адзін з самых буйных каталіцкіх пісьменнікаў XX стагоддзя. На прапанову Марыяка Нобелеўская прэмія па літаратуры была прысуджаная А. Салжаніцыну.