№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 верасня

  • 1596

    Нарадзіўся Канстантэйн Хёйгенс (нід. Constantijn Huygens, памёр 28 сакавіка 1687), нідэрландскі паэт, навуковец і кампазітар Залатога стагоддзя Нідэрландаў, бацька матэматыка Хрысціяна Хёйгенса (больш вядомага пад прозвішчам згодна з іншай транслітарацыяй — Гюйгенс). І ў літаратуры, і ў музыцы быў творцам-універсалам: пісаў вершы на нідэрландскай, лацінскай, ангельскай, нямецкай, французскай, італьянскай і гішпанскай мовах, граў на лютні, гітары, віёле да гамба, клавесіне і інш. і для ўсіх гэтых інструментаў пісаў музыку. Паводле словаў самога Хёйгенса, літаратурай ён займаўся толькі ў рэдкія вольныя хвіліны.

  • 1714

    Нарадзіўся Міхал Карыцкі (памёр 10 сакавіка 1781), беларускі паэт-лацініст, манах-езуіт, філосаф, педагог. Падзяляў ідэі Асветніцтва, быў рэктарам Нясвіжскага езуіцкага калегіюма, чытаў лекцыі ў калегіюмах і школах Мінска, Слуцка, Пінска, Бабруйска. Міхал Карыцкі лічыцца адным з пачынальнікаў класіцызму ў Беларусі. Пісаў вершаваныя творы на лацінскай мове, прысвечаныя грамадскім і культурным дзеячам і значным падзеям, перадусім байкі, элегіі, пародыі. Найбольш вядомы эпічнай паэмай “Птушыны сойм”. Пры жыцці паэта было выдадзена толькі 25 яго вершаў, аднак праз 36 гадоў пасля смерці ў Полацкай езуіцкай акадэміі быў выдадзены зборнік Carmina М. Korycki.

  • 1768

    Нарадзіўся Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян (фр. François-René, vicomte de Chateaubriand, памёр 4 ліпеня 1848), французскі пісьменнік і дыпламат, адзін з пачынальнікаў рамантызму ў французскай літаратуры. Аўтар рамана “Атала, або Любоў двух дзікуноў ў пустыні” (1801), аповесці “Рэнэ, або Вынік запалу” (1802) і трактата “Геній хрысціянства” (1802). У 1809 надрукаваны яго раман “Пакутнікі”, які працягвае развіваць ідэі “Генія хрысціянства” і расказвае пра першых хрысціянаў. Для напісання рамана Шатабрыян падарожнічаў па Грэцыі і Блізкім Усходзе.

  • 1802

    Нямецкі філолаг Георг Гротэфенд паказаў першы ў свеце ўдалы пераклад вавілонскага клінапісу.

  • 1809

    Нарадзіўся Юльюш Славацкі (польск. Juliusz Słowacki, памёр 3 красавіка 1849), польскі паэт і драматург, адзін з найвялікшых польскіх паэтаў эпохі рамантызму. Нягледзячы на тое, што Славацкі пражыў усяго 40 гадоў, яго літаратурная спадчына багатая і рознабаковая; паэт пакінуў пасля сябе 13 драмаў, каля 20 паэмаў, сотні вершаў, лістоў і адзін раман. Стварыў таксама аформленую філасофскую сістэму, якую назваў “генезійскай філасофіяй”. На беларускую мову паэму Ю. Славацкага “Міндоўг, кароль Літоўскі” пераклаў Серж Мінскевіч.

  • 1888

    Памёр Ён Арнасан (ісл. Jón Árnason, нар. 17 жніўня 1819), аўтар і збіральнік ісландскіх казак і сагаў. Першы куратар Ісландскага нацыянальнага музея. Быў першым бібліятэкарам будучай Нацыянальнай бібліятэкі Ісландыі ў Рэйк’явіку. У 1862 і 1864 гадах выйшлі з друку два тамы ісландскіх народных сагаў і казак, якія былі надрукаваныя на ісландскай мове ў Ляйпцыгу дзякуючы дапамозе Конрада Маўрэра.

  • 1908

    Нарадзіўся Рычард Райт (анг. Richard Nathaniel Wright, памёр 28 лістапада 1960), амерыканскі пісьменнік. Адзін з самых значных афраамерыканскіх пісьменнікаў. Шматлікія яго творы падымаюць тэмы расавай няроўнасці. Таксама быў адным з першых амерыканскіх аўтараў, якія працавалі ў жанры хайку.

  • 1936

    Нарадзіўся Сакрат Яновіч, польска-беларускі пісьменнік з Падляшша, аўтар 30 кніг. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў (з 1971), старшыня Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). Дэбютаваў прозай у 1956 (“Ніва”, Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і мініяцюр. Пераклаў на польскую мову “Вітражы” Я. Брыля (Варшава, 1979), п'есу Я. Шабана “Шрамы” (для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку).

  • 1946

    Міхаіл Зошчанка і Ганна Ахматава выключаныя з Саюза савецкіх пісьменнікаў.

  • 1985

    Памёр Васіль Стус (укр. Василь Стус, нар. 8 студзеня (паводле некаторых звестак, 6-га) 1938), украінскі паэт, перакладчык, празаік, літаратуразнаўца, праваабаронца, герой Украіны. Перакладаў на ўкраінскую мову Цэлана, Кіплінга, Гётэ, Рэмбо, Мапасана, Рыльке, Лорку і інш. На беларускую мову вершы Васіля Стуса перакладалі А. Каско, В. Сахарчук, А. Мінкін, В. Стралко (“Крыніца”, № 4, 2001), а запісы “З лагернага сшытка” — Ціхан Чарнякевіч (“Дзеяслоў”, № 35).

  • 1989

    Памёр Жорж Сіменон (фр. Georges Joseph Christian Simenon, нар. 13 лютага 1903), бельгійскі франкамоўны пісьменнік, найбольш вядомы як аўтар дэтэктываў пра камісара Мегрэ. Кнігі, дзе дзейнічае Мегрэ, былі зусім не падобныя да класічных дэтэктываў, і насуперак меркаванню выдаўцоў, якія не верылі ў поспех, гэты герой так палюбіўся чытачам, што яшчэ пры жыцці Сіменона ў нідэрландскім горадзе Дэлфзейл, дзе пісьменнік прыдумаў камісара, Мегрэ паставілі бронзавы помнік. На цырымоніі адкрыцця помніка бургамістр горада уручыў Сіменону пасведчанне аб нараджэнні, у якім было запісана: “Жуль Мегрэ, месца нараджэння — Дэлфзейл, дата нараджэння — 1929 год, бацька — Жорж Сіменон, маці невядомая”. Творы Ж. Сіменона на беларускую мову перакладаў А. Асташонак — аповесць “Дзяўчына і бясхвостыя парсючкі” (“Далягляды”, 1989), апавяданне “Пад страхам смерці” (зборнік “Французская навела ХХ ст.”).

  • 1997

    Памёр Гертрудэс Ёханэс Рэсінк (нід. Gertrudes Johannes Resink, нар. 11 кастрычніка 1911), нідэрландска-інданэзійскі паэт, эсэіст і навуковец. Рэсінк — адзіны еўрапейскі літаратар, які мог у сваёй творчасці абаперціся таксама на досвед жыцця ў Інданэзіі. У 1963 годзе выдаў зборнік вершаў “Рак і Казярог”. Вершы Рэсінка напісаныя ў традыцыйных еўрапейскіх формах (напрыклад, санэт); паэт часта выкарыстоўвае каламбуры і слоўныя гульні. Многія вершы Рэсінка перакладзеныя на французскую і інданэзійскую мовы. Напісаў шэраг эсэ пра Джозэфа Конрада і працу пра агульнае ў творчасці Рэмбо, Дэбюсі і Мультатулі.