Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Бернарда Таса (іт. Bernardo Tasso, нар. 11 лістапада 1493), італьянскі пісьменнік, бацька Тарквата Таса. Галоўны твор Бернарда Таса — паэма “Амадзіс”, напісаная пад уплывам Арыёста і з жаданнем зраўняцца з ім, якое не спраўдзілася. Заблытаную інтрыгу крыніцы твора (гішпанскі раман “Амадзіс Гальскі”) аўтар заблытвае яшчэ больш, нечакана пераходзячы ад аднаго сюжэту да іншага. Асноўную ролю ў творы адыгрываюць элементы цудоўнага, алегорыя і грувасткія параўнанні.
Нарадзіўся Роберт Фэргюсан (анг. Robert Fergusson, памёр 16 кастрычніка 1774), шатландскі паэт. Яго літаратурная спадчына складае 50 вершаў на ангельскай мове і 33 на шатландскім дыялекце. Творчасць Фэргюсана моцна паўплывала на Роберта Бэрнса. У 1774 годзе паэт атрымаў траўму галавы, зваліўшыся з лесвіцы, і гэта прывяло да вар’яцтва. Праз некалькі тыдняў Фэргюсан памёр. Пераклады яго вершаў на беларускую мову можна пачытаць тут.
Памёр Шадэрло дэ Лакло (фр. Pierre Ambroise François Choderlos de Laclos; нар. 18 кастрычніка 1741), французскі пісьменнік і вайсковец. Аўтар сусветна вядомага эпісталярнага рамана “Небяспечныя сувязі” (Les liaisons dangereuses, 1782), які быў экранізаваны чатыры разы за XX стагоддзе. Акрамя літаратурнай дзейнасці Лакло быў таленавітым вынаходнікам і вайскоўцам. Менавіта ён прапанаваў сучасны метад нумарацыі дамоў у Парыжы (падзел на цотныя і няцотныя па розных баках вуліцы).
Нарадзіўся Аляксей Талстой (руск. Алексей Толстой, памёр 10 кастрычніка 1875), рускі пісьменнік, граф, чалец-карэспандэнт Пецярбургскай АН, адзін са стваральнікаў Казьмы Пруткова. Аўтар баладаў, сатырычных вершаў, гістарычнага рамана “Князь Срэбны” (“Князь Серебряный”, надрукаваны ў 1863), драматычнай трылогіі “Смерць Іаана Грознага” (“Смерть Иоанна Грозного”, 1866), “Цар Фёдар Іаанавіч” (“Царь Фёдор Иоаннович”, 1868), раманаў “Вупыр” (“Упырь”, 1841), “Сям'я вурдалака” (“Семья вурдалака”, 1839) і інш. Аўтар праніклівай лірыкі з ярка выяўленым музычным пачаткам, псіхалагічных навелаў у вершах і іншых твораў.
Нарадзіўся Кандрат Лейка (памёр 6 верасня 1921), беларускі празаік, драматург і педагог. Пачынальнік беларускай дзіцячай літаратуры. Творы Кандрата Лейкі публікаваліся ў “Нашай ніве”, “Нашай думцы”, “Беларускім Календары” ў 1912—1920 гг. У 1912 выдаў у Вільні “Снатворны мак” — першую п’есу для беларускага лялечнага тэатра.
Нарадзіўся Язэп Фарботка (памёр 8 чэрвеня 1956), беларускі нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец, перакладчык. Першыя вершы надрукаваў у “Нашай ніве” ў 1912 годзе — “Зацьменне” і “Зруйнаваў”. Пераклаў урывак з “Пана Тадэвуша” на беларускую мову.
Нарадзіўся Багдан-Ігар Антоныч (укр. Богдан-Ігор Антонич, памёр 6 ліпеня 1937), украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, “закаханы ў жыццё паганец”. Праз афіцыйную забарону шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Але пры гэтым Антоныч зрабіў моцны ўплыў на сучасную ўкраінскую паэзію. Пры жыцці паэта выйшлі толькі тры яго паэтычныя зборнікі — “Прывітанне жыцця” (“Привітання життя”, 1931), “Тры пярсцёнкі” (“Три перстені”, 1933), “Кніга Льва” (“Книга Лева”, 1936). На беларускую мову вершы Б.-І. Антоныча перакладалі М. Аляхновіч, В. Рагойша і інш. У часопісе “ПрайдзіСвет” прадстаўленыя пераклады А. Пятровіч, К. Маціеўскай і М. Мартысевіч. Больш пра аўтара можна прачытаць тут.
Загінуў Шарль Пэгі (фр. Charles Péguy, нар. 7 студзеня 1873), французскі паэт, драматург, публіцыст, эсэіст і рэдактар. У час Другой сусветнай вайны імя Пэгі зрабілася свайго кшталту вымоўным — як імя патрыёта, які аддаў жыццё за радзіму. Жан Както, характарызуючы Францыю як краіну, якая заўсёды пагарджала тымі, хто з’яўляецца яе гонарам, пісаў: “Бедны Пэгі! Я вельмі яго любіў. Ён быў анархістам. Што б ён сказаў, дазнаўшыся, як выкарыстоўваецца ягонае імя?” (“Цяжар быцця”).
Памёр Кір Булычоў (руск. Кир Булычёв, сапр. Ігар Мажэйка; нар. 18 кастрычніка 1934), савецкі пісьменнік-фантаст, навуковец-арыенталіст, сцэнарыст. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1982) за сцэнары да фільма “Праз церні да зораў” (“Через тернии к звёздам”) і поўнаметражнага мультфільма “Таямніца трэцяй планеты” (“Тайна третьей планеты”). Аўтар аповесці “Сто гадоў таму наперад” (“Сто лет тому вперёд”, 1977), паводле якой зняты папулярны ў 1980-х гг. дзіцячы фільм “Госця з будучыні”. Доўгі час пісьменнік хаваў сваё сапраўднае імя, бо баяўся, што яго звольняць з працы (Інстытут усходазнаўства) за нібы несур’ёзную справу — напісанне фантастыкі. Падчас уручэнні Дзяржпрэміі імя давялося раскрыць, але звальнення не адбылося.