Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Лудавіка Арыёста (іт. Ludovico Ariosto, памёр 6 ліпеня 1533), італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Знакаміты найперш сваёй паэмай “Неўтаймаваны Раланд” (Orlando furioso, 1532), якую пісаў 15 гадоў.
Памёр Франсіска дэ Кеведа (гішп. Francisco Gómez de Quevedo y Santibáñez Villegas, нар. 14 верасня 1580), паэт і празаік, найбуйнейшы гішпанскі сатырык XVII ст. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў пры двары, дзе праславіўся дасціпнасцю, вучонасцю і з’едлівымі сатырычнымі вершамі. У 1611 пасля дуэлі вымушаны быў пакінуць радзіму, удзельнічаў у італьянскіх паходах. У Гішпанію вярнуўся толькі пасля смерці Філіпа ІІІ, у 1621 годзе, а праз два гады атрымаў ганаровую пасаду каралеўскага сакратара, але ў 1639 быў абвінавачаны ў напісанні памфлета супраць караля і яго ўлюбёнцаў, быў арыштаваны і правёў у турме чатыры гады. Ён выйшаў адтуль хворым і хутка памёр. Аўтар круцельскага рамана “Гісторыя жыцця прайдзісвета на імя дон Паблас” (Historia de la vida del Buscón llamado don Pablos; ejemplo de vagamundos y espejo de tacaños, 1626), цыклу сацыяльна-палітычных памфлетаў “Сненні” (Sueños y discursos, 1627) і інш.
Нарадзіўся Фрэдэрык Містраль (фр. Frédéric Mistral, памёр 25 сакавіка 1914), французскі пісьменнік, лексікограф аксітанскай мовы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1904 году. Аўтар шэрагу невялікіх п'есаў на аксітанскай (правансальскай) мове, знакамітай сельскай паэмы “Мірэй” (Miréio, 1859, з французскім перакладам), за якую атрымаў прэмію Французскай акадэміі. Містраль быў адным з галоўных арганізатараў руху за адраджэнне правансальскай літаратуры, які атрымаў назву “фелібрыж” (ад правансальскага “фелібр” — паэт).
Нарадзіўся Альфрэд Жары (фр. Alfred Jarry, памёр 1 лістапада 1907), французскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Аўтар гратэскнай лялечнай драмы “Кароль Убю” (Ubu Roi, 1894), рамана “Дзеі і думкі доктара Фаўстроля, патафізіка” (Gestes et opinions du docteur Faustroll, pataphysicien, надрукаваны пасля смерці пісьменніка ў 1911) і інш. Перакладаў вершы Колрыджа, Стывенсана і інш. Пры жыцці прызнання не атрымаў, яго рэдка публікавалі. Наноў Жары адкрылі Апалінэр і сюррэалісты.
Памёр Мішэль Ленц (люкс. Michel Lentz, нар. 21 траўня 1820), люксембургскі паэт, аўтар словаў гімну Люксембурга “Нашая Айчына” (Ons Hémécht). Пісаў пераважна патрыятычныя оды і маршы.
Нарадзіўся Элі Шэхтман (ідыш עלי שעכטמאַן, памёр 1 студзеня 1996), габрэйскі празаік украінскага паходжання, пісаў на ідышы. Лаўрэат літаратурнай прэміі Ізраіля “За літаратурную творчасць на ідышы” (1973). Самы вядомы яго твор — эпічны раман “Наконадні” (1962—1983).
Нарадзіўся Расул Гамзатаў (аварск. Расул XIамзатов, памёр 3 лістапада 2003), знакаміты аварскі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, палітычны дзеяч. Перакладаў на аварскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, У. Маякоўскага, С. Ясеніна і інш. Быў сябрам рэдакцыі часопісаў “Новый Мир”, “Дружба народов”, газет “Литературная газета”, “Литературная Россия” і інш. Лаўрэат дзясяткаў літаратурных прэмій.
Нарадзіўся Анатоль Грачанікаў (памёр 7 сакавіка 1991), беларускі паэт і перакладчык, аўтар дзіцячых вершаў. З 1976 — галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, з 1978 — часопіса “Бярозка”, з 1982 — часопіса “Маладосць”. Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі “Такое сэрца ў мяне” (з Э. Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў “Ватан — значыць Радзіма” (1987), М. Пацхішвілі “Рагатун і рагатуха” (1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў.
Памёр Юліюс Фучык (чэшск. Julius Fučík, нар. 23 лютага 1903), чэшскі журналіст, літаратурны і тэатральны крытык, публіцыст, палітычны дзеяч. Аўтар перакладзенай на 70 моваў свету кнігі “Рэпартаж з пятлёй на шыі” (Reportáž psaná na oprátce, 1942). Загінуў у канцлагеры ў Германіі. У дзень пакарання Фучыка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.
Выйшла першае выданне аповесці Эрнэста Хэмінгуэя “Стары і мора” (The Old Man And The Sea).
Адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку.