№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 12 верасня

  • 1907

    Нарадзіўся Луіс Макніс (анг. Frederick Louis MacNeice, памёр 3 верасня 1963), ангельскі паэт ірландскага паходжання. Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, дэбютаваў разам з Ў. Х. Одэнам. Доўгія гады працаваў на радыё BBC. Апублікаваў 15 кніг вершаў, шэраг п'есаў, пераклад эсхілаўскага “Агамемнана”, кнігу пра паэзію Ў. Б. Ейтса.

  • 1919

    Памёр Леанід Андрэеў (руск. Леонид Андреев, нар. 21 жніўня 1871), рускі пісьменнік. Прадстаўнік Срэбнага веку рускай літаратуры. Лічыцца пачынальнікам рускага экспрэсіянізму.

  • 1921

    Нарадзіўся Станіслаў Лем (польск. Stanisław Lem, памёр 27 сакавіка 2006), польскі пісьменнік-фантаст і філосаф. Шмат пісаў пра стасункі чалавецтва з незямнымі цывілізацыямі і ўвогуле праблемы існавання чалавека, якому няма чаго рабіць у тэхнагенным свеце. Таму не дзіўна, што імем Лема названая малая планета 3836 Lem, адкрытая 22 верасня 1979 году. У 1992 годзе выйшла кніга беларускамоўных перакладаў “Прыгоды Піркса”, у 1994 — “Салярыс” (пер. А. Бутэвіч пад псеўданімам Максім Валошка). Асобныя апавяданні і эсэ С. Лема перакладалі В. Буйвал, Р. Равяка, А. Кудраўцаў, М. Татур. У 2011 годзе па-беларуску выйшаў зборнік Лема “Непераможны”, што ўключае аднайменны раман, а таксама апавяданні: “Сябар”, “137 секунд”, “Цемра і цвіль” і “Казку пра вылічальную машыну, якая з цмокам змагалася” (пер. А. Бутэвіч).

  • 1929

    Памёр Яніс Райніс (лат. Jānis Rainis, сапр. Яніс Пліекшанс; нар. 11 верасня 1865), латышскі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, народны паэт Латвійскай ССР (1940). Пераклаў на латышскую мову “Фаўста” Ё.-В. Гётэ. Па-беларуску выходзілі кнігі Райніса “Выбранае” (уклад. В. Вольскі. Мн., 1956), “Агонь і ноч” (пер. В. Сёмухі. Мн., 1988) і том выбранага ў серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” (укл. М. Абала. Мн., 1993).

  • 1929

    Нарадзіўся Мікалай Матукоўскі (памёр 28 верасня 2001), беларускі драматург. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар п'есаў “Мужчына, будзь мужчынам!” (пастаўленая ў 1966), “Тры дні і тры ночы” (пастаўленая ў 1967), “Амністыя” (1971, пастаўленая ў 1970, асобнае выданне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), “Апошняя інстанцыя” (пастаўленая ў 1974), “Наследны прынц” (1976, пад назвай “Наследнік” пастаўленая ў 1976), “Мошенник поневоле” (паводле рамана М. Ларні “Чацверты пазванок”, пастаўленая ў 1978), “Паядынак” (1985, пастаўленая ў 1985), “Мудрамер” (апублікаваная і пастаўленая ў 1987).

  • 1934

    Памёр Яўген Барычэўскі (нар. 17 снежня 1883), беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Пісаў на беларускай і рускай мовах. У 1922 у Маскве выйшла складзеная Я. Барычэўскім кніга “Мир искусств в образах”. У 1927 у Мінску выдадзеныя яго працы “Тэорыя санэту” і “Паэтыка літаратурных жанраў”. Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў “Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, у часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”. Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў “Паэтыка. Курс для завочнага педфаку” (1929—1930). Браў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М. Багдановіча ў 2 т. (1927—1928). Рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

  • 1945

    Нарадзіўся Рыгор Семашкевіч (памёр 11 чэрвеня 1982), беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Дэбютаваў вершамі ў 1960. Аўтар зборнікаў паэзіі “Леснічоўка” (1968), “Субота” (1973), аповесці “Бацька ў калаўроце” (1976), кнігі “Лічыла дні зязюля” (вершы, аповесці, эсэ, 1987), кнігі прозы “Выпрабаванне любоўю” (эсэ, артыкулы, 1982). Аўтар літаратуразнаўчых працаў “Браніслаў Эпімах-Шыпіла” (1968) і “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу” (1971).

  • 1956

    Памёр Ханс Кароса (ням. Hans Carossa, нар. 15 снежня 1878), нямецкі паэт і празаік. Яго прыжыццёвую славу склала перш за ўсё аўтабіяграфічная або часткова аўтабіяграфічная проза: цыкл раманаў “Дзяцінства” (Eine Kindheit), “Метамарфозы юнацтва” (Verwandlungen einer Jugend), “Год цудоўных памылак” (Das Jahr der schönen Täuschungen), “Дзень маладога лекара” (Der Tag des jungen Arztes), кнігі дзённікаў і нататак. Перадапошнюю празаічную кнігу Каросы “Няроўныя сусветы” (Ungleiche Welten, 1951) — успаміны відавочцы пра 1930-я — 1940-я гады ў Германіі — Томас Ман назваў адным з самых глыбокіх аналізаў фашызму. Кароса не з'ехаў з Германіі ні ў трыццатыя гады, ні пазней, нягледзячы на тое, што не падтрымліваў фашызм і паслядоўна адмаўляўся ад супрацоўніцтва з яго ідэолагамі. На саступкі ішоў толькі тады, калі ведаў, што за іх выкупіць чыёсьці жыццё. Сярод тых, за каго ён хадайнічаў, — паэт Альфрэд Момберт; менавіта падчас гэтага хадайніцтва Каросу вымусілі прыняць фармальную пасаду старшыні прафашысцкага “Еўрапейскага саюза пісьменнікаў”, ні на адзін сход якога ён, тым не менш, не з'явіўся. Дзякуючы Каросу змог зноў друкавацца Ханс Фалада. Хадайніцтва пра вызваленне Петэра Зуркампа ў 1944 г. было беспаспяховым, але многім — і вядомым і знаёмым Каросу, і невядомым і незнаёмым, якія папрасілі яго заступніцтва, — яму ўсё ж удалося дапамагчы (c).

  • 1967

    Памёр Уладзімір Бартол (славенск. Vladimir Bartol, нар. 24 лютага 1903), славенскі пісьменнік, перакладчык Ніцшэ і прыхільнік Фройда. Сусветную вядомасць яму прынёс раман “Аламут” (Alamut, 1938), які быў перакладзены на многія мовы свету і стаў найбольш знакамітым творам славенскай літаратуры. Сюжэт рамана заснаваны на гісторыі аднайменнай персідскай крэпасці, цэнтра сярэднявечнай ісмаіліцкай дзяржавы ў Іране.

  • 1977

    Памёр Роберт Лоўэл (анг. Robert Lowell, нар. 1 сакавіка 1917), амерыканскі паэт, драматург, літаратурны крытык, прадстаўнік “спавядальнай” паэзіі. За сваю другую кнігу паэзіі “Замак Лорда Ўіры” (Lord Weary's Castle) у 1947 годзе ён атрымаў Пулітцэраўскую прэмію і ў той жа год зрабіўся паэтам-лаўрэатам ЗША. Паступова ён адмаўляўся ў сваёй паэзіі ад традыцыйнага памеру і рытму. Яму ўдалося выпрацаваць свой непаўторны паэтычны голас, і яго вершы сталі прыкладам для так званай “спавядальнай паэзіі”. Сярод іншых прадстаўнікоў гэтага літаратурнага кірунку — Сільвія Плат і Эн Сэкстан. Другую Пулітцэраўскую прэмію Лоўэл атрымаў за зборнік “Дэльфін” (The Dolphin) у 1974 годзе. Паэт памёр ад сардэчнага прыступу ў нью-ёркскай таксоўцы.

  • 1981

    Памёр Эўджэніё Мантале (іт. Eugenio Montale, нар. 12 кастрычніка 1896), італьянскі паэт, празаік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1975). Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1920-х працаваў у Фларэнтыйскім выдавецтве, у бібліятэцы. У 1938 пасля адмовы ўступіць у фашысцкую партыю быў звольнены. У 1943 яго вершы былі нелегальна вывезеныя за мяжу і апублікаваныя ў Швейцарыі. Пасля вайны пераехаў у Мілан, супрацоўнічаў з газетай “Кар’ере дэла Сэра” як літаратурны і музычны крытык.