№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 14 верасня

  • 1321

    Памёр Дантэ Аліг’еры (іт. Dante Alighieri, нар. у траўні 1265), італьянскі паэт, адзін са стваральнікаў літаратурнай італьянскай мовы. Аўтар “Камедыі” (якая пазней атрымала эпітэт “Боская”). Паводле некаторых звестак, вучыўся ў Балонскім універсітэце. У 1300 — адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 — пасол горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гарадскіх уладаў і прыгавораны да спалення на вогнішчы. Усё астатняе жыццё правёў у выгнанні.

  • 1580

    Нарадзіўся Франсіска дэ Кеведа (гішп. Francisco Gómez de Quevedo y Santibáñez Villegas, памёр 8 верасня 1645), паэт і празаік, найбуйнейшы гішпанскі сатырык XVII ст. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў пры двары, дзе праславіўся дасціпнасцю, вучонасцю і з’едлівымі сатырычнымі вершамі. У 1611 пасля дуэлі вымушаны быў пакінуць радзіму, удзельнічаў у італьянскіх паходах. У Гішпанію вярнуўся толькі пасля смерці Філіпа ІІІ, у 1621 годзе, а праз два гады атрымаў ганаровую пасаду каралеўскага сакратара, але ў 1639 быў абвінавачаны ў напісанні памфлета супраць караля і яго ўлюбёнцаў, быў арыштаваны і правёў у турме чатыры гады. Ён выйшаў адтуль хворым і хутка памёр. Аўтар круцельскага рамана “Гісторыя жыцця прайдзісвета на імя дон Паблас” (Historia de la vida del Buscón llamado don Pablos; ejemplo de vagamundos y espejo de tacaños, 1626), цыклу сацыяльна-палітычных памфлетаў “Сненні” (Sueños y discursos, 1627) і інш.

  • 1851

    Памёр Джэймс Фенімор Купер (анг. James Fenimore Cooper, нар. 15 верасня 1789), амерыканскі пісьменнік, класік прыгодніцкага жанру. Пісьменнікам яго зрабіў выпадак. Чытаючы аднойчы ўслых жонцы нейкі раман, Купер заўважыў, што няцяжка напісаць лепш. Жонка злавіла яго на слове: каб не падацца выхвалякам, ён за некалькі тыдняў напісаў свой першы раман “Асцярога” (Precaution, 1820).

  • 1906

    У Вільні выйшаў першы нумар газеты “Наша доля”.

  • 1916

    Памёр Хасэ Эчэгарай-і-Эйсагірэ (гішп. Jose Echegaray y Eizaguirre, нар. 19 красавіка 1832), гішпанскі драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1904). Напісаў каля 60 п’есаў, якія карысталіся папулярнасцю ў гішпанскіх тэатрах. Амаль палова з іх напісаная вершам. Найбольш вядомымі сталі “Вар’яцтва або святасць” (O locura o santidad, 1877) і “Вялікі Галеота” (El gran Galeoto, 1881). Яго творчасць высока ацэньваў Б. Шоў, у той час як крытыкі ставіліся да яго неадназначна, а пісьменнікі “пакалення 1898 году” папракалі ў перайманні Ібсэна і залішнім сентыменталізме. У 1894 г. Эчэгарай быў абраны ў Гішпанскую каралеўскую акадэмію, а ў 1904 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію сумесна з Ф. Містралем “за шматлікія заслугі ў адраджэнні традыцый гішпанскай драмы”.

  • 1920

    Нарадзіўся Марыё Бэнэдэці (гішп. Mario Benedetti, памёр 17 траўня 2009), уругвайскі пісьменнік, літаратуразнаўца, журналіст. У гішпанамоўным свеце лічыцца адным з найбуйнейшых лацінаамерыканскіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Лаўрэат шматлікіх літаратурных узнагародаў. Напісаў каля 80 кніг. Яго найбольш знакаміты раман “Зацішша” (La tregua, 1960) быў перакладзены на 19 моваў і двойчы экранізаваны.

  • 1927

    Памёр Хуга Баль (ням. Hugo Ball, нар. 22 лютага 1886), нямецкі паэт, драматург, эсэіст, журналіст, адзін з заснавальнікаў дадаізму. Вывучаў Шапэнгаўэра і Ніцшэ, актыўны ўдзельнік берлінскага мастацкага жыцця перад Першай сусветнай вайной. Дэзертыраваў з фронту ў Швейцарыю, дзе адкрыў “Кабарэ Вальтэр” — легендарнае месца нараджэння дадаізму. Аўтар парадаксальных сачыненняў, сімультанных паэмаў (“калі думка нараджаецца ў роце”) і бруісцкай (шумавой) музыкі, якая пазней развілася ў “індастрыял”. Баль працаваў у розных кірунках мастацтва, абвяшчаючы сінтэтычны падыход да стварэння твора. “Я чытаю вершы, — казаў Баль, — якія маюць на мэце, ні больш ні менш, адмаўленне ад мовы. < ...> Верш — гэта падстава па магчымасці абысціся без словаў і мовы”. На беларускую мову “Маніфест да першага вечару дадаістаў” Баля пераклала Юля Цімафеева.

  • 1937

    Расстраляны Сяргей Астрэйка (нар. 25 ліпеня 1913), беларускі паэт, перакладчык. Першыя паэтычныя творы апублікаваў у газеце “Чырвоная змена”. У 1933 арыштаваны і высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У высылцы зрабіў пераклад “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна, але рукапіс не захаваўся. Пасля паўторнага арышту паэту быў вынесены смяротны прысуд, выкананы на наступны дзень. Рэабілітаваны ў 1956.

  • 1964

    Памёр Язэп Пушча (сапр. Іосіф Плашчынскі, нар. 20 траўня 1902), беларускі паэт, крытык, перакладчык. Адзін з заснавальнікаў літаратурных аб'яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”.

  • 1973

    Памёр Міхаіл Зянкевіч (руск. Михаил Зенкевич, нар. 21 траўня 1886), рускі паэт і перакладчык. У 1911 годзе стаў адным з сузаснавальнікаў “Цэху паэтаў”, у 1912 выдаў першую кнігу “Дзікая парфіра” (“Дикая порфира”). У савецкі перыяд Зянкевіч больш займаўся мастацкім перакладам, асабліва шмат перакладаў амерыканскай паэзіі, быў сурэдактарам вядомай анталогіі “Паэты Амерыкі XX стагоддзя”. У 1994 годзе ўнук паэта выдаў выніковы том вершаў і прозы Зянкевіча “Казачная эра” (“Сказочная эра”).

  • 1978

    Памёр Зянон Касідоўскі (польск. Zenon Kosidowski, нар. 22 чэрвеня 1898), польскі пісьменнік, аўтар навукова-папулярных кніг па гісторыі старажытных цывілізацый і культур. “Біблейскія казанні” (Opowieści biblijne, 1963) з падрабязным пераказам Старога запавету і “Казанні евангелістаў” (Opowieści ewangelistów, 1979), прысвечаныя крытычнаму аналізу Старога і Новага запаветаў, былі шматразова перавыдадзеныя ў СССР.

  • 1984

    Памёр Рычард Бротыган (анг. Richard Brautigan, нар. 30 студзеня 1935), амерыканскі пісьменнік. Самы вядомы яго раман “Рыбалка ў Амерыцы” (Trout Fishing in America, 1967) называюць адным з самых значных дасягненняў амерыканскай літаратуры ў другой палове ХХ ст. Асобныя вершы Бротыгана пераклаў на беларускую мову Віталь Рыжкоў.

  • 2000

    Памёр Ежы Гедройц (польск. Jerzy Giedroyc, 27 ліпеня 1906), польскі публіцыст, палітык, мемуарыст, заснавальнік і рэдактар часопіса “Kultura” і выдавецтва “Instytut Literacki”. Аўтар мемуарнай кнігі “Аўтабіяграфія на чатыры рукі” (Autobiografia na cztery ręce, 1994). Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2006 год годам Ежы Гедройца; 100-годдзе з дня народзінаў Гедройца ўлучанае ў памятныя даты, што адзначаюцца пад эгідай ЮНЕСКА.