Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Міка Валтары (фінск. Mika Toimi Waltari, памёр 26 жніўня 1979), фінскі пісьменнік, вядомы перадусім дзякуючы гістарычнаму раману “Сінухе-егіпцянін” (поўная назва “Жыццяпіс Сінухе, лекара фараона Эхнатона і Неферціці, за гады 1390—1335 да н. э., у пятнаццаці папірусах, напісаных ім самім”, 1945), перакладзеным на беларускую мову Якубам Лапаткам (2006).
Нарадзіўся Ўільям Голдынг (анг. William Gerald Golding, памёр 19 чэрвеня 1993), ангельскі пісьменнік, драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1983). Першы ж выдадзены раман “Уладар мух” (Lord of the Flies, 1954) прынёс яму сусветную вядомасць і стаў самым знакамітым з яго твораў. Букераўскай прэміяй быў адзначаны раман “Рытуалы плавання” (Rites of Passage, 1980), першы з марской трылогіі “На край свету” (To the Ends of the Earth). Характэрнай рысай твораў Голдынга з’яўляецца стварэнне для герояў сітуацыі штучнай ізаляцыі (дзеянні адбываюцца на выспе, шпілі, караблі), якая ставіць іх перад праблемай індывідуальнага выбару ў экстрэмальных умовах. На беларускую мову была навелу Голдынга “Бог Скарпіён” пераклала Вольга Калацкая.
Нарадзілася Інгрыд Ёнкер (афр. Ingrid Jonker, памерла 19 ліпеня 1965), паўднёваафрыканская паэтка. Пісала на афрыкаанс. Яе называюць паўднёваафрыканскай Сільвіяй Плат. Пачала пісаць вершы з шасці гадоў. У 1956 выйшла яе першая кніга “Уцёкі” (Ontvlugting), а ў 1963 — зборнік вершаў “Дым і вохра” (Rook en Oker), які кансерватыўная паўднёваафрыканская публіка сустрэла вельмі стрымана. Тым не менш, за яго Ёнкер атрымала прэмію. У 1961 Ёнкер трапіла ў псіхіятрычную клініку пасля нервовага зрыву, выкліканага тым, што яна зрабіла аборт, каб пазбавіцца дзіцяці ад аднаго з двух сваіх каханкаў-пісьменнікаў. На той час аборт быў пад забаронай. У 1965 годзе паэтка скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў заліве. У тым самым годзе была заснаваная літаратурная прэмія імя Інгрыд Ёнкер.
Нарадзіўся Віктар Ерафееў (руск. Виктор Ерофеев), рускі пісьменнік, літаратуразнаўца. За арганізацыю самвыдатаўскага альманаха “Метраполь” быў выключаны ў 1979 з Саюза пісьменнікаў і да 1988 яго не друкавалі ў СССР. Яго раман “Руская прыгажуня” (“Русская красавица”, 1990) перакладзены больш чым на дваццаць моваў. Лаўрэат прэміі У. Набокава (1992) і кавалерам французскага Ордэна мастацтваў і літаратуры (2006).
Памёр Італа Кальвіна (іт. Italo Calvino, нар. 15 кастрычніка 1923), італьянскі пісьменнік. Першыя кнігі пісаў у рэчышчы неарэалізму, далейшыя творы ствараліся пад значным уплывам фантастыкі і сюррэалізму. На беларускую мову ўрывак з навелы “Маркавальда, або Гарадскія часіны году” (Marcovaldo, overo le stagioni in cittá, 1963) пераклала Аксана Данільчык.