№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 верасня

  • 1863

    Памёр Якаб Людвіг Карл Грым (ням. Jakob Ludwig Carl Grimm, нар. 4 студзеня 1785), нямецкі філолаг, міфолаг. Найлепей вядомы ў свеце як адкрывальнік закона Грыма (Першага германскага зруху зычных), аўтар манументальнага “Нямецкага слоўніка” (параўнальна-гістарычнага слоўніка ўсіх германскіх моваў), аўтар “Нямецкай міфалогіі”, а таксама збіральнік і рэдактар (у суаўтарстве з братам Вільгельмам) калекцыі нямецкіх казак, вядомай ва ўсім свеце як “Казкі братоў Грым”.

  • 1878

    Нарадзіўся Аптан Біл Сінклер (анг. Upton Beall Sinclair, Jr., памёр 25 лістапада 1968), амерыканскі пісьменнік. Напісаў каля 100 кніг самых розных жанраў. Перакладзены больш чым на 60 моваў. Належаў да групы публіцыстаў і журналістаў, якія выкрывалі карупцыю, фінансавыя махлярствы, палітычныя афёры і да т. п. За раман “Зубы дракона” (Dragon's Teeth, 1942) уганараваны Пулітцэраўскай прэміяй.

  • 1898

    Памёр Тэадор Фантанэ (ням. Theodor Fontane, нар. 30 снежня 1819), нямецкі пісьменнік, аптэкар па прафесіі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нямецкага рэалізму XIX стагоддзя. Увайшоў у літаратуру як паэт і аўтар падарожных нататак (“Падарожжы па правінцыі Брандэнбург”, Wanderungen durch die Mark Brandenburg, 1862—1881). Знакамітым зрабіўся ўжо пасля смерці дзякуючы раманам, якія стаў пісаць з 59 гадоў. Найбольш вядомыя з іх — “Грэта Міндэ” (Grete Minde, 1880), “Дарогі, раздарожжы” (Irrungen, Wirrungen, 1888), “Фраў Джэні Трайбель” (Frau Jenny Treibel, 1892) і “Эфі Брыст” (Effi Briest, 1895; экранізаваны 5 разоў, паводле яго таксама пастаўленыя балет і опера).

  • 1903

    Нарадзілася Наталля Арсеннева (дзявочае прозвішча Кушаль, памерла 25 ліпеня 1997), беларуская паэтка, перакладчыца, драматург. З 1950 г. жыла ў ЗША. Аўтар зборнікаў вершаў “Пад сінім небам” (1927), “Сягоння” (1944), “Між берагамі” (1979). Пераклала на беларускую мову драму Г. Гаўптмана “Затанулы звон» (1948—1954, пастаўленая ў 1943 у Мінску), “Евангельскі хрысціянскі спеўнік” (1943), лібрэта операў “Вяселле Фігаро”, “Чарадзейная жалейка” В. А. Моцарта, “Вольны стралок” К. М. Вэбера, “Кармэн” Ж. Бізэ, “Цыганскі барон” І. Штраўса, раздзелы з “Дзядоў”, “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча, асобныя вершы Ё. В. Гётэ і інш. У 1943 напісала верш “Малітва”, больш вядомы як гімн “Магутны Божа” (пакладзены на музыку Міколам Равенскім у 1947).

  • 1939

    Загінуў Тадэвуш Даленга-Мастовіч (польск. Tadeusz Dołęga-Mostowicz, псеўд. Т.М.; нар. 10 жніўня 1898), польскі пісьменнік і журналіст беларускага паходжання. Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло на Глыбоччыне, ляжаць у аснове многіх твораў пісьменніка. Дзеянне першага яго рамана “Кар'ера Нікадзіма Дызмы” (Kariera Nikodema Dyzmy, 1932), вострай сатыры на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў рэжыму Ю. Пілсудскага, таксама адбываецца ў Заходняй Беларусі. Многія творы Даленгі-Мастовіча былі экранізаваныя яшчэ пры яго жыцці: “Пракурор Аліцыя Горн” (Prokurator Alicja Horn, 1933), “Знахар” (Znachor, 1937), “Прафесар Вільчур” (Profesor Wilczur, 1938), “Апошняя брыгада” (Ostatnia brygada, 1938), “Тры сэрцы” (Trzy serca, 1939), “Залатая маска” (Złota maska, 1939).

  • 1943

    Нарадзілася Ніна Мацяш (памерла 19 снежня 2008), беларуская паэтка і перакладчыца. Аўтар зборнікаў вершаў, п'есаў, тэлесцэнароў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1984) за “Паэму жніва”. Перакладала з нямецкай, польскай, французскай, украінскай. У яе перакладзе выйшлі кнігі Ж. Аліўе “У краіне індзейцаў” (1973), А. Гаўрылюка “Песня з Бярозы” (1979), Ж. Сіменона “Першая справа Мегрэ” (1982), А. дэ Сэнт-Экзюперы “Планета людзей” (1984) і “Маленькі прынц” (1989), навелы Гі дэ Мапасана (1987), паэма “Маруся Чурай” Л. Кастэнка (1989).

  • 1970

    Памёр Ёргас Сеферыс (грэцк. Γιώργος Σεφέρης, сапр. Георгіяс Сеферыядыс; нар. 13 сакавіка 1900), грэцкі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1963). Сын універсітэцкага прафесара, найлепшага перакладчыка Байрана на навагрэцкую. Вучыўся на юрыдычным факультэце Сарбоны. Пасля турэцкай акупацыі 1922 году і разні ў Смірне разам з іншымі бежанцамі перасяліўся ў Афіны, потым з’ехаў за мяжу і да 1950 году ў Грэцыю не вяртаўся. Прафесійны дыпламат, служыў у замежных грэцкіх прадстаўніцтвах, у 1957—1962 гг. быў паслом у Вялікабрытаніі. На паэзію Сеферыса зрабілі моцны ўплыў Канстанцінас Кавафіс, Эзра Паўнд, Т. С. Эліят, паэму якога “Бясплодная зямля” Сеферыс пераклаў на навагрэцкую.

  • 1975

    Памёр Сэн-Жон Перс (фр. Saint-John Perse, сапр. Алексіс Лежэ; нар. 31 траўня 1887), французскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1960 году. У 1924-м Лежэ ўпершыню выкарыстаў літаратурны псеўданім Сэн-Жон Перс, складзены з імёнаў апостала Яна і рымскага паэта I стагоддзя Персія. У 1933—1940 займаў пост генеральнага сакратара французскага МЗС. Удзельнічаў у Мюнхенскай канферэнцыі, дзе выказваўся супраць саступак Германіі. У 1940 быў звольнены са сваёй пасады і эміграваў у ЗША. Урад Вішы пазбавіў паэта французскага грамадзянства. У Злучаных Штатах Лежэ працаваў у бібліятэцы Кангрэсу і застаўся ў Амерыцы нават пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, перыядычна вяртаючыся на кароткі час на радзіму. Адзін з самых вядомых твораў Перса — паэму “Анабасіс” — на ангельскую пераклаў Т. С. Эліят. На беларускую С.-Ж. Перса перакладаў Андрэй Хадановіч.

  • 2000

    Памёр Станіслаў Страціеў (балг. Станислав Стратиев, нар. 9 верасня 1941), балгарскі пісьменнік, надзвычай папулярны і паспяховы драматург і кінасцэнарыст. Фільм “Аркестр без назвы” (“Оркестър без име”, 1982, рэж. Людміл Кіркаў) паводле ягонага сцэнару многія лічаць найлепшым балгарскім фільмам усіх часоў. На беларускую мову “Балгарскую мадэль” (“Българският модел”, 1991) С. Страціева пераклала Ірына Пінхасік (ARCHE, №4, 2011).