Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Міхал Годжа (славацк. Michal Hodža, нар. 22 сакавіка 1811), славацкі пісьменнік і кіраўнік славацкага паўстання супраць венграў. Годжа, тэолаг паводле адукацыі, шмат сілаў аддаваў распрацоўцы славацкай мовы, удзельнічаў у выданні славацкіх часопісаў і ў літаратурным жыцці краіны. Імем Міхала Годжы названая галоўная плошча ў сталіцы Славакіі Браціславе.
Памерла Ёхана Дэзідэрыя Куртманс-Берхманс (нід. Johanna Desideria Courtmans-Berchmans, нар. 6 верасня 1811), фламандская пісьменніца. Нідэрландскай мове яе навучыў муж, і яна пачала пісаць на ёй вершы. Першы верш быў напісаны ў 1839 годзе і апублікаваны ў Nederduitsch letterkundig jaarboekje. Лаўрэатка літаратурнай прэміі Quinquennial Prize (1865).
Нарадзіўся Марыс Бланшо (фр. Maurice Blanchot, памёр 20 лютага 2003), французскі пісьменнік, літаратуразнаўца, філосаф. Творчасць Бланшо моцна паўплывала на мысленне постструкруралістаў, такіх як Ж. Дэрыда. У сваіх працах імкнуўся сінтэзаваць вучэнне пра “волю да ўлады” Ніцшэ, экзістэнцыялізм Хайдэгера, суб’ектыўна-экзістэнцыйную дыялектыку Батая, неагегельянства Кожава. Асноўнай сферай зацікаўленняў Бланшо заўжды была літаратура (асабліва творчасць С. Малармэ, Ф. Кафкі). З літаратурных твораў найбольш вядомыя раманы Бланшо “Цёмны Тама” (Thomas l'Obscur, 1941) і “Амінадаў” (Aminadab, 1942). Ад напісання раманаў перайшоў да драбнейшых жанраў, крытычных артыкулаў і эсэ. Шматлікія літаратуразнаўчыя артыкулы Бланшо сабраныя ў кнігах “Латрэамон і дэ Сад” (1949), “Прастора літаратуры” (1955), “Бясконцы дыялог” (1969), “Кафка супраць Кафкі” (1981) і інш. З 1970-х Бланшо пісаў творы на скрыжаванні жанраў, якія складаліся з мастацкіх і філасофскіх фрагментаў.
Памёр Ален Фурнье (фр. Alain-Fournier, сапр. Анры Альбан-Фурнье; нар. 3 кастрычніка 1886), французскі пісьменнік, найбольш вядомы як аўтар адзінага завершанага ім рамана “Вялікі Мольн” (Le Grand Meaulnes, 1913), які стаў класікай французскай літаратуры і быў двойчы экранізаваны. Забіты на фронце падчас Першай сусветнай вайны.
Памёр Іван Вазаў (балг. Иван Вазов, нар. 9 ліпеня 1850), балгарскі празаік, паэт, класік балгарскай літаратуры. Акадэмік Балгарскай акадэміі навук, быў міністрам адукацыі ад Народнай партыі Балгарыі (1897—1899). Раман “У ярме” (“Роман из живота на българите в предвечерието на Освобождението”, 1894) на беларускую мову пераклаў У. Аніскевіч (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1991).
Памерла Мэры Робертс Райнхарт (анг. Mary Roberts Rinehart, нар. 12 жніўня 1876), амерыканская пісьменніца, аўтар дэтэктываў. Яе часам называюць “амерыканскай Агатай Крысці”. Райнхарт прыпісваюць аўтарства фразы “Забойца — дварэцкі” (The butler did it).
Памёр Дыдэрык Ёханэс Оперман (афр. Diederik Johannes Opperman, нар. 29 верасня 1914), адзін з самых вядомых паўднёваафрыканскіх паэтаў ХХ ст., драматург. Аўтар паэтычных зборнікаў “Святыя жывёлы” (Heilige beeste, 1945), “Дзевяць зорак над Ніневіяй” (Negester oor Ninevé, 1947), “Журнал Ёрыка” (Joernaal van Jorik, 1949), “Анёл з камня” (Engel uit die klip, 1950), “Кома з бамбукавага шаста” (Komas uit 'n bamboesstok, 1979), інш. Пісаў на афрыкаанс.
Памёр Егуда Аміхай (іўр. יהודה עמיחי, нар. 3 траўня 1924), ізраільскі паэт. Адным з першых пачаў выкарыстоўваць гутарковы іўрыт. Вядомасць яму прынёс зборнік вершаў “Сёння і ў іншыя часы” (1955).
Памёр Ян дэ Хартаг (нід. Jan de Hartog, нар. 22 красавіка 1914), нідэрландскі празаік і драматург. Вядомасць атрымаў дзякуючы раману “Слава Галандыі” (Hollands glorie, 1940). Аўтар п’есаў “Шкіпер каля Бога” (Schipper naast God, 1942), “Смерць аднаго пацука” (De dood van een rat, 1956), “Ложак з полагам” (The Fourposter, 1950), “Маленькі каўчэг” (De kleine ark, 1951), “Пагібель “Волі” (De ondergang van de “Vrijheid”, 1956), прыгодніцкіх раманаў “Інспектар” (De inspecteur, 1961) і “Капітан” (De kaptein, 1967). Некаторыя творы былі экранізаваныя і сталі кінакласікай. Пісаў на нідэрландскай і ангельскай мовах.