№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 верасня

  • 1717

    Нарадзіўся Хорас Ўолпал, чацверты граф Орфард (анг. Horace Walpole, 4th Earl of Orford, памёр 2 сакавіка 1797), ангельскі пісьменнік, заснавальнік жанру гатычнага рамана. У 1764 годзе Ўолпал ананімна надрукаваў свой самы знакаміты раман “Замак Атранта” (The Castle of Otranto), першы гатычны раман, дзеянне якога адбываецца ў эпоху першага крыжовага паходу.

  • 1802

    Памёр Аляксандр Радзішчаў (руск. Александр Радищев, нар. 31 жніўня 1749), рускі празаік, філосаф, паэт, дырэктар Пецярбургскай мытні і ўдзельнік Камісіі па складанні законаў. За кнігу “Падарожа з Пецярбурга ў Маскву” (“Путешествие из Петербурга в Москву”, 1790) Радзішчаў быў арыштаваны і мусіў быць смяротна пакараны, аднак пакаранне змянілі высылкай у Сібір на 10 гадоў. Да канца не высветлена, скончыў пісьменнік жыццё самагубствам ці выпадкова атруціўся.

  • 1815

    Нарадзілася Альбіна Габрыэля Пузына (Пузыня, Пузыніна) з Гюнтэраў (польск. Gabriela Puzynina, памерла 16 жніўня 1869), польская пісьменніца і мемуарыстка. Трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладзечанскі раён), збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасцямі яе салона былі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі. Выдала некалькі зборнікаў вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. У канцы жыцця напісала ўспаміны пад назвай “Мая памяць”, якія ахоплівалі 1815—1867 гг. і ў якіх апісвалася жыццё розных слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, а таксама шмат гістарычных падзей. Часткова гэтыя ўспаміны былі выдадзеныя ў 1928 пад назвай “W Wilnie i w dworach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843”, а рукапіс загінуў у Варшаве ў 1944 г.

  • 1821

    Нарадзіўся Цыпрыян Каміль Норвід (польск. Cyprian Kamil Norwid, памёр 23 траўня 1883), польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец. Большую частку жыцця пражыў у замежжы — Германіі, Італіі, ЗША, Францыі, Англіі, часта без сродкаў да існавання, незразумелы крытыкам і родным. Сярод найлепшых твораў Норвіда — паэтычны цыкл “Vade-mecum” (1865—1866), філасофская паэма “A Dorio ad Phrygium” (1871), трагедыі “За кулісамі” (Za kulisami, 1865—1866), “Клеапатра і Цэзар” (Kleopatra i Cezar, 1870—1872), “Пярсцёнак велікасвецкай дамы” (Pierścień Wielkiej Damy, czyli Ex-machina Durejko, 1872). Пры жыцці Норвіда была апублікаваная малая частка яго паэзіі і прозы, прызнанне ён атрымаў пасмяротна. Норвіда залічваюць да найбуйнейшых польскіх паэтаў нароўні з А. Міцкевічам і Ю. Славацкім. Поўны збор твораў Норвіда выйшаў у адзінаццаці тамах (Варшава, 1971—1976). Пераклады на беларускую выйшлі ў кнізе: Ідзі за мною: лірыка / Цыпрыян Норвід; пер. з польск., [прадм. і заўв. Алега Мінкіна; маст. С. В. Чарановіч]. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1993. Творы Норвіда на беларускую перакладаў таксама Васіль Сёмуха.

  • 1896

    Нарадзілася Эльза Трыяле (фр. Elsa Triolet, імя пры нараджэнні — Эла Каган; памерла 16 чэрвеня 1970), французская пісьменніца, перакладчыца, першая жанчына — лаўрэат Ганкураўскай прэміі (1944). Малодшая сястра Лілі Брык, якую яна ў 1915 пазнаёміла з У. Маякоўскім. У 1918 выйшла замуж за французскага афіцэра Андрэ Трыяле і з’ехала ў Францыю. Разам яны падарожнічалі на Таіці, пра што яна расказвала ў лістах да В. Шклоўскага, які паказаў гэтыя лісты М. Горкаму. Горкі высока ацаніў іх літаратурную вартасць, і ў 1925 г. выйшла першая кніга Трыяле “На Таіці” (на рускай мове). У 1929 пісьменніца выйшла замуж другі раз — за Луі Арагона, з якім пражыла 42 гады. У 1930-я яе перасталі друкаваць на радзіме, і Трыяле пачала пісаць па-французску. Перакладала на французскую Чэхава, Гогаля, Маякоўскага, Цвятаеву, Хлебнікава, Брусава, Пастарнака і інш.

  • 1896

    Нарадзіўся Фрэнсіс Скот Фіцджэралд (анг. Francis Scott Key Fitzgerald, памёр 21 снежня 1940), амерыканскі пісьменнік, вядомы сваімі раманамі і апавяданнямі, якія апісваюць так званую амерыканскую “эпоху джазу” 1920-х гадоў. Вядомасці аўтара таксама спрыяла выстаўленае на “ўсеагульны агляд” асабістае жыццё Фіцджэралда з жонкай Зэльдэн. Творчасць Ф. С. Фіцджэралда — адна з самых выдатных старонак амерыканскай літаратуры ХХ стагоддзя — часу яе росквіту. Аўтар раманаў “Па гэты бок раю” (This Side of Paradise, 1920), “Прыгожыя і асуджаныя” (The Beautiful and Damned, 1922), “Вялікі Гэтсбі” (The Great Gatsby, 1925), “Пяшчотная ноч” (Tender Is the Night, 1934), “Апошні магнат” (The Last Tycoon, 1941), п'есы “Агародніна” (The Vegetable, 1923).

  • 1913

    Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі (памёр 11 снежня 2002), беларускі паэт, празаік і перакладчык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Дзень нараджэння” (1958), “Чаканне” (1960), “Табе зайздросціць сонца” (1963), “Памяць” (1965), “Тры вымярэнні” (1967), “Вершы” (1968), “Паэма дарог” (1970), “Зазімак” (1976), “Лірыка” (1978), “Зачараванасць” (1978), “Асеннія гнёзды” (1982), “Кругі надзеі” (1985), “Верую” (1987), “І радасць і боль” (1988). Выдаў кнігі вершаў для дзяцей “Ад вясны да вясны” (1959), “Сёння і заўтра” (1961), “Гарыць касцёр” (1966), “Сонечная сцежка” (1980), “Знаходка” (1985), апавяданняў “Агеньчык у акне” (1972). Пераклаў на беларускую мову “Выбраныя вершы і паэмы” А. Блока (1980), кнігу лірыкі М. Дудзіна “Пасля спаткання” (1984), асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, Я. Райніса, С. Ясеніна, Лесі Украінкі, П. Варанько, М. Забалоцкага, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Ісакоўскага, Р. Гамзатава, А. Венцлавы, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, У. Сасюры, Я. Судрабкална і іншых паэтаў.

  • 1940

    Нарадзіўся Іў Навар (фр. Yves Navarre, памёр 24 студзеня 1994), французскі пісьменнік. У 1980 годзе атрымаў Ганкураўскую прэмію за раман “Парк акліматызацыі” (Le Jardin d'acclimatation).

  • 2004

    Памерла Франсуаза Саган (фр. Françoise Sagan, сапр. Куарэ; нар. 21 чэрвеня 1935), французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбонскім універсітэце, але не скончыла яго. Першы раман “Вітаю, смутак” (Bonjour Tristesse, 1954), які яна напісала ў 18 гадоў, адразу зрабіў Ф. Саган вядомай, быў перакладзены на 22 мовы і выдадзены агульным накладам больш за 5 млн асобнікаў. Саган — аўтарка больш чым 50 кніг (раманы, п'есы, аповесці), значная колькасць якіх экранізаваная. З нагоды смерці Ф. Саган прэзідэнт Францыі Жак Шырак адзначыў, што яна была “вядучай прадстаўніцай свайго пакалення” і дапамагла вызваленню французскай жанчыны. На беларускую мову апавяданне Франсуазы Саган “Італьянскае неба” пераклаў Леанід Казыра (зборнік “Французская навела ХХ ст.”).