Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джорэ Држыч (харв. Džore Držić, іт. Giorgio Darsa, нар. 6 лютага 1461), харвацкі паэт і драматург, адзін з “бацькаў” харвацкай літаратуры, прадстаўнік Далмацінскага Рэнесансу. У 1487 годзе зрабіўся святаром. Лічыўся адным з найлепшых прамоўцаў свайго часу. Эклога Држыча Radmio і Ljubmir зрабілася першай харвацкай п’есай на свецкую тэму і пачала новы этап развіцця харвацкага тэатра. Петраркісцкая паэзія Држыча, асабліва зборнік “Любоўныя вершы” (Pjesni ljuvene) была вельмі папулярная сярод яго суайчыннікаў.
Нарадзіўся Дзмітрый Веневіцінаў (руск. Дмитрий Веневитинов, памёр 27 сакавіка 1827), рускі паэт рамантычнага кірунку, перакладчык і філосаф. Будучы паэт атрымаў класічную адукацыю, вывучыў французскую, нямецкую, лаціну і грэцкую мовы. Разам з князем Ул. Адоеўскім заставаў таемную філасофскую “Суполку любамудрыя”, напісаў каля 50 вершаў. Памёр, не дажыўшы да 22 гадоў. На пахаванні паэта прысутнічалі А. Пушкін і А. Міцкевіч.
Нарадзіўся Томас Стэрнз Эліят (анг. Thomas Stearns Eliot, памёр 4 студзеня 1965), англа-амерыканскі паэт, драматург, літаратурны крытык. Самы знакаміты яго твор — паэма “Бясплодная зямля” (1922), цэнтральная тэма творчасці паэта — крызіс духу. У 1948 годзе Т. С. Эліят атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. В. Валынскі пераклаў на беларускую мову паэму Эліята “Пустыя людзі”, А. Разанаў — паэму “Попельная серада”.
Памёр Ян Парандоўскі (польск. Jan Parandowski, нар. 11 траўня 1895), польскі пісьменнік і гісторык культуры, прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. Парандоўскі напісаў шэраг працаў па літаратуры: “Алхімія слова” (Alchemia słowa, 1951), “Петрарка” (Petrarka, 1956), некалькі кніг пра антычнасць. Пераклаў на польскую мову кнігі Юлія Цэзара “Пра грамадзянскую вайну”, “Дафніса і Хлою” Лонга, “Адысею” Гамэра.
Памёр Альберта Маравія (іт. Alberto Moravia, нар. 28 лістапада 1907), італьянскі пісьменнік і журналіст. Сапраўднае прозвішча пісьменніка было Пінкерле, а ўзяты пазней псеўданім Маравія — гэта прозвішча яго бабулі-габрэйкі па бацькавай лініі. Першы раман пісьменніка “Раўнадушныя” (Gli indifferenti, 1929) лічыцца адным з самых яркіх твораў сусветнай літаратуры ХХ ст. “Рымскія апавяданні” на беларускую мову пераклаў Валеры Буйвал, раман “Пагарда” — І. Пташнікаў.
Памерла Ніна Берберава (руск. Нина Берберова, нар. 8 жніўня 1901), руская паэтка, аўтарка ўспамінаў, жонка Уладзіслава Хадасевіча. Аўтарка кніг “Жалезная жанчына” (“Железная женщина”, 1981), “Курсіў мой” (“Курсив мой”, 1969 — па-ангельску, 1972 — па-руску). Імем Берберавай названая плошча (фр. place Nina Berberova) у французскім горадзе Арль, на якой знаходзіцца выдавецтва Actes Sud, пастаянным аўтарам якога яна была.