Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Аньёла Фірэнцуола (іт. Agnolo Firenzuola, памёр 27 чэрвеня 1543), італьянскі пісьменнік. Адзіны яго твор, надрукаваны пры жыцці аўтара, — трактат “Выгнанне літараў, без карысці дададзеных у мову тасканскую” (1524), дзе Фірэнцуола палемізуе з канцэпцыяй Джанджорджа Трысіна, які рэкамендаваў палепшыць вальгарэ (народную лаціну) за кошт узбагачэння алфавіта шэрагам грэцкіх літараў. Каля 1520 году Фірэнцуола пачаў перакладаць на італьянскую мову раман Апулея “Залаты асёл”, наблізіўшы твор да сучасных рэаліяў: увёў у аповед італьянскія гарады Балонью, Венецыю і Анкону, часткова прыбраўшы антычны каларыт і наблізіўшы раман да навелістычнай кнігі рэнесанснага тыпу. Напісаў таксама трактат з двух дыялогаў “Чэльса, альбо Пра жаночыя вабноты”, герой якога, згодна на жаданне чатырох дамаў выкладае сваё разуменне жаночай прыгажосці. У трактаце складзены партрэт ідэальнай красуні, на які моцна паўплывала эстэтыка маньерызму.
Нарадзіўся Праспер Мерымэ (фр. Prosper Mérimée, памёр 23 верасня 1870), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі, аўтар даследаванняў па гісторыі мастацтва, літаратуры, перакладчык. Найбольш вядомы як аўтар навелы “Кармэн”, на сюжэт якой напісаная аднайменная опера Жоржа Бізэ.
Памёр Герман Мэлвіл (анг. Herman Melville, нар. 1 жніўня 1819), амерыканскі празаік і паэт. Сусветна вядомы яго твор — раман “Мобі Дзік” (Moby-Dick, 1851). Пасля смерці пісьменнік быў практычна забыты, адраджэнне цікавасці да яго пачалося ў пачатку ХХ стагоддзя, тады ж раман “Мобі Дзік” быў прызнаны шэдэўрам амерыканскай і сусветнай літаратуры.
Нарадзіўся Мухтар Аўэзаў (каз. Мұхтар Омарханұлы Әуезов, памёр 27 чэрвеня 1961), казахскі пісьменнік, драматург і навуковец, даследчык кіргізскага эпасу “Манас”. Самы вядомы твор Аўэзава — раман-эпапея “Шлях Абая” (“Абай жолы”) пра жыццё паэта-асветніка Абая Кунабаева. У рамане выяўленая карціна існавання казахскага грамадства другой паловы ХІХ стагоддзя, калі разбураўся традыцыйны качавы лад жыцця казахаў.
Нарадзіўся Андрэй Платонаў (руск. Андрей Платонов, сапр. Андрэй Кліментаў, памёр 5 студзеня 1951), рускі пісьменнік, адзін з найбольш самабытных паводле стылю і мовы рускіх літаратараў першай паловы ХХ стагоддзя. Самыя вядомыя яго творы — раман “Чэвенгур”, аповесць “Катлаван” і інш.
Памёр Уладзіслаў Галубок (нар. 15 траўня 1882), беларускі драматург, актор і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся “Трупа Галубка”. Вандроўны тэатр пабываў са сваімі спектаклямі ў самых розных кутках Беларусі. Галубок адначасова выконваў абавязкі мастака-дэкаратара, музыкі-выканаўцы і рэжысёра. Аснову рэпертуару складалі яго п’есы “Пан Сурынта”, “Ганка”, “Плытагоны”, “Пінская Мадонна”, “Васіль Хмель”.
Памёр Міхаіл Святлоў (руск. Михаил Светлов, сапр. Шэйнкман, нар. 17 чэрвеня 1903), рускі савецкі паэт і драматург, лаўрэат Ленінскай прэміі (1967). Усенародную славу і любоў яму прынёс верш “Грэнада” (1926). Многія кампазітары напісалі музыку на гэты верш, а Маякоўскі чытаў яго на памяць на сваіх канцэртах. Яшчэ адзін верш, які ператварыўся ў песню і хутка стаў папулярным у 1930-х гадах, — “Кахоўка”. Найбольш вядомыя ваенныя творы Святлова — “Італьянец” і паэма “Дваццаць восем”. За кнігу “Вершы апошніх гадоў” паэту пасмяротна прысудзілі Ленінскую прэмію. У ліку апошніх яго твораў — таксама п’есы “Чужое шчасце” (1953) і “Любоў да трох апельсінаў” (1964).
Памёр Андрэ Брэтон (фр. André Breton, нар. 19 лютага 1896), французскі пісьменнік, лідар сюррэалісцкага руху. Атрымаў медычную адукацыю, падчас Першай сусветнай вайны трапіў на фронт, дзе пазнаёміўся з Гіёмам Апалінэрам, Філіпам Супо і Луі Арагонам, сваімі будучымі паплечнікамі. Пасля вайны да іх дадаліся Поль Элюар і Трыстан Тцара. Сябры пачалі ладзіць шакавальныя прэзентацыі сваіх працаў, часта правакуючы скандальныя сітуацыі і бойкі. У 1919 годзе Брэтон і Супо апублікавалі свой твор “Магнітныя палі”, падчас напісання якога быў выкарыстаны метад аўтаматычнага пісьма. У 1924 г. Брэтон друкуе першы маніфест сюррэалізму, які робіць яго правадыром гэтай плыні. У 1928 г. выходзіць другі маніфест пад назвай “Сюррэалізм і жывапіс”, які ў далейшым паўплываў на творчасць многіх мастакоў свету. Да ліку літаратурных дасягненняў Брэтона залічваюцца раман “Надзя” (1928) і патэтычная дылогія “Вар’яцкае каханне” (1937) і “Аркан 17” (1945).
Памёр Джон Дос Пасас (анг. John Roderigo Dos Passos, нар. 14 студзеня 1896), амерыканскі пісьменнік партугальскага паходжання — ягоныя продкі былі з вострава Мадэйра. У маладосці з сімпатыяй ставіўся да камунізму, пакуль не правёў некалькі месяцаў у СССР. Самы знакаміты твор Дос Пасаса — трылогія “ЗША”, куды ўваходзяць раманы “42-я паралель”, “1919” і “Вялікія грошы”.
Памёр Мікалай Матукоўскі (нар. 12 верасня 1929), беларускі драматург. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар п'есаў “Мужчына, будзь мужчынам!” (пастаўленая ў 1966), “Тры дні і тры ночы” (пастаўленая ў 1967), “Амністыя” (1971, пастаўленая ў 1970, асобнае выданне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), “Апошняя інстанцыя” (пастаўленая ў 1974), “Наследны прынц” (1976, пад назвай “Наследнік” пастаўленая ў 1976), “Мошенник поневоле” (паводле рамана М. Ларні “Чацверты пазванок”, пастаўленая ў 1978), “Паядынак” (1985, пастаўленая ў 1985), “Мудрамер” (апублікаваная і пастаўленая ў 1987).