Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джалаладзін Румі (перс. بکری بلخی, асманск. مولانا جلال الدین محمد رومی, тур. Mevlânâ Celâleddin Mehmed Rumi, тадж. Мавлоно Ҷалолиддин Румӣ, памёр 17 снежня 1273), таджыцка-персідскі паэт-суфій. Знакаміты найперш лірычным творам “Дыван”, які ўлучае касыды, газэлі і рубаі. Таксама напісаў грандыёзную эпічна-дыдактычную паэму (каля 50 тысяч радкоў) “Маснаві” (“Двувершы”). Жыццё Румі складае адзін з сюжэтаў рамана Архана Памука “Чорная кніга” (1990).
У Майнцы Ёган Гутэнберг надрукаваў першую кнігу — Біблію.
У горадзе Ёрку нарадзіўся Рабінзон Круза, герой рамана Даніэля Дэфо “Жыццё і дзівосныя прыгоды Рабінзона Круза, марака з Ёрку, які дваццаць восем гадоў пражыў на поўнай самоце на бязлюдным востраве ля берагоў Амерыкі ля вусця ракі Арынока, куды яго выкінула караблекрушэнне, падчас якога ўвесь экіпаж карабля, апроч яго, загінуў; з аповедам пра яго нечаканае вызваленне піратамі, напісаныя ім самім”. У гэты ж самы дзень праз 27 гадоў, у 1659 годзе, Рабінзон Круза і трапіў на бязлюдны востраў.
Нарадзілася Зоська Верас (памерла 8 кастрычніка 1991), беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка. Дэбютавала ў 1907. На беларускай мове выступіла з “абразкамі” пад псеўданімам Мірко ў 1911 (газета “Наша ніва”). Аўтар “Беларуска-польска-расійска-лацінскага батанічнага слоўніка” (Вільня, 1924), брашуры “Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні” (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей “Каласкі” (1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча (“Пяць месяцаў у Менску”), У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча “Князь Марцыпан” (Вільня, 1929), Ю. Ігарава “Сірата” (Вільня, 1929), з рускай — “Лясныя хаткі” В. Біянкі (Вільня, 1931).
Нарадзіўся Мігель Эрнандэс (гішп. Miguel Hernández, памёр 28 сакавіка 1942), гішпанскі паэт і драматург. Не атрымаў сістэматычнай адукацыі, вучыўся сам па кнігах, у асноўным па вершах гішпанскіх паэтаў Залатога стагоддзя. У 1934 годзе, прыехаўшы ў Мадрыд, пазнаёміўся з Паблам Нэрудам, Федэрыкам Гарсія Лоркам і іншымі дзеячамі культуры, удзельнічаў у Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў супраць фашызму (1937). Калі Эрнандэс у 1939 годзе спрабаваў эміграваць у Партугалію, яго затрымала паліцыя; пісьменніка прысудзілі да смяротнага пакарання, але пад ціскам грамадскасці прысуд замянілі на пажыццёвае зняволенне. Праз два гады паэт памёр у турме ад туберкулёзу. На 50-годдзе Эрнандэса (1992) у Гішпаніі выдалі двухтомны збор яго твораў, куды ўвайшлі таксама лісты паэта.
Нарадзіўся Трумэн Капотэ (анг. Truman Capote, памёр 25 жніўня 1984), амерыканскі пісьменнік, пачынальнік літаратурнай журналістыкі. Вядомы як аўтар раманаў “Іншыя галасы, іншыя пакоі” (Other Voices, Other Rooms, 1948), “Сняданак ля Ціфані” (Breakfast at Tiffany’s, 1961), “Бязлітаснае забойства” (In Cold Blood, 1967). Быў адкрытым геем, вёў эксцэнтрычны лад жыцця.
Нарадзіўся Ніл Гілевіч, беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў ТБМ. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў, кніг прозы і літаратуразнаўчых працаў. Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава “Сляды застаюцца” (1960), раман С. Даскалова “Свая зямля” (1961) і яго ж зборнік апавяданняў “Любча-безбілетнік” (1959), зборнік “Балгарскія народныя песні” (1961), анталогія сучаснай паэзіі “Ад стром балканскіх” (1965), кніга вершаў для дзяцей “Чарадзейны ліхтарык” (1968), анталогія класічнай паэзіі “Хай зорыць дзень!” (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша “Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень” (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава “Песня пра чалавека” (1982), Хр. Радзеўскага “Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы” (1985), Г. Джагарава “Зямля — як чалавечая далонь” (1984), Л. Леўчава “Мелодыя для флейты” (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі ХІХ—ХХ ст. “Маці мая, Славенія”. У 1970 — казкі народаў Югаславіі “Ці страшны страх”, у 1980 — зборнік югаслаўскай паэзіі “Па камянях, як па зорах”, у 1985 — кніга лірыкі О. Жупанчыча “У вечным дазоры”. Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моваў. Творы Н. Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы.
У гэты дзень нарадзіўся Цім Талер — галоўны герой казкі Джэймса Круса “Цім Талер, альбо Прададзены смех”.