№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 кастрычніка

  • 1535

    Надрукаваная першая англамоўная Біблія ў перакладзе Ўільяма Тындэйла і Майлса Кавердэйла.

  • 1741

    Нарадзіўся Францішак Карпіньскі (польск. Franciszek Karpiński, памёр 16 верасня 1825), польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму. Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у зборніку “Забаўкі ў вершах і прозе” (Zabawki wierszem i prozą, тт. 1—7, Варшава, 1782—1787). Шырокую папулярнасць набылі песні і балады Карпіньскага. Яго паэзія вылучалася прастатой мастацкіх формаў, была прасякнутая матывамі народнай творчасці, у т.л. беларускага фальклору. Апроч літаратурнай спадчыны пакінуў успаміны, якія ўпершыню былі надрукаваныя ў 1822 годзе і вытрымалі 5 перавыданняў.

  • 1816

    Нарадзіўся Эжэн Пацье (фр. Eugène Edine Pottier, памёр 6 лістапада 1887), французскі рэвалюцыянер, анархіст. Напісаў словы да гімна “Інтэрнацыянал”.

  • 1847

    Нарадзіўся Луі Бусенар (фр. Louis Henri Boussenard, памёр 11 верасня 1910), французскі пісьменнік, што працаваў у жанры прыгодніцкай літаратуры. Сярод самых вядомых яго твораў — “Капітан-Сарвігалава” (Capitaine Casse-Cou, 1901), “Выкрадальнікі брыльянтаў” (Les voleurs de diamants, 1883) і інш.

  • 1902

    Памёр Лаянэл Джонсан (анг. Lionel Johnson, нар. 15 сакавіка 1867), ангельскі паэт, эсэіст і крытык. Скончыў Оксфард. Вёў дастаткова адасоблены лад жыцця, абумоўлены алкагалізмам і спробамі перамагчы гомасэксуальныя схільнасці. Памёр ад інсульту, упаўшы на вуліцы, хоць было абвешчана, што ўпаў ён з крэсла ў бары. Пры жыцці Джонсана выйшлі ягоныя кнігі “Мастацтва Томаса Гардзі” (The Art of Thomas Hardy, 1894), “Вершы” (Poems, 1895), “Ірландыя” і іншыя вершы” (Ireland and Other Poems, 1897). Быў сябрам “Клуба рыфмароў” — паэтычнага таварыства, заснаванага ў 1890 годзе Ўільямам Батлерам Ейтсам і Эрнэстам Рысам. Перайшоўшы ў каталіцтва, Джонсан у 1892 годзе адрокся ад былога сябра Оскара Ўайлда і адрасаваў яму санэт пад назвай “Разбуральнік душы” (The Destroyer of a Soul), маючы на ўвазе, відавочна, свайго кузэна Альфрэда Дугласа, якога ён пазнаёміў з Ўайлдам за год да таго. На беларускую мову верш Джонсана “У гонар Дарыяна і яго стваральніка”, напісаны на лаціне і прысвечаны Ўайлду, пераклала Ганна Янкута.

  • 1904

    Нарадзілася Эстэр Марыя Рынгнэр-Лундгрэн (шведск. Ester Maria Ringnér-Lundgren, памерла 26 ліпеня 1993), шведская дзіцячая пісьменніца. Пісала казкі і займальныя дэтэктыўныя гісторыі для дзяцей. Найбольшую вядомасць ёй прынесла серыя кніг пра Лоту, напісаных пад псеўданімам Мэры Вік (Merri Vik), а таксама кнігі пра троляў Квірэ і Хопсана.

  • 1918

    Нарадзілася Барбру Сэдваль (шведск. Barbro Sedwall, памерла 14 кастрычніка 2008), шведская ілюстратарка і пісьменніца. Яе кнігі ў малюнках, дзе яна падрабязна апісвае сваё дзяцінства ў сям’і сёдэрхамнскіх пекараў і асаблівасці таго часу, перакладзеныя на некалькі моваў.

  • 1941

    Нарадзілася Эн Райс (анг. Anne Rice, сапр. Говард Ален О’Браен), амерыканская пісьменніца, акторка, сцэнарыст. Найбольшую вядомасць ёй прынёс раман “Інтэрв’ю з вампірам”.

  • 1974

    Скончыла жыццё самагубствам Эн Сэкстан (анг. Anne Sexton, нар. 9 лістапада 1928), амерыканская паэтка, найбольш вядомая як прадстаўніца “спавядальнай паэзіі”. Уладальніца Пулітцэраўскай прэміі 1967 году. Асноўныя тэмы для творчасці яна чэрпала ў схільнасці да суіцыду, змаганні з дэпрэсіяй, інтымных падрабязнасцях свайго сямейнага жыцця.

  • 2008

    Памёр Майкл Крайтан (анг. John Michael Crichton, нар. 23 кастрычніка 1942), амерыканскі пісьменнік-фантаст, сцэнарыст і кінарэжысёр, шырока вядомы дзякуючы сваім творам у жанрах медыцынскай фантастыкі і трылеру (“Хуткая дапамога”, “Парк Юрскага перыяду, інш., многія з якіх былі экранізаваныя.