Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПакараны смерцю Ўільям Тындэйл (нар. каля 1494), ангельскі рэлігійны рэфарматар, перакладчык Бібліі на ангельскую мову. У 1525 скончыў пераклад Новага Запавету, які, нягледзячы на забарону, быў вельмі запатрабаваны ў Англіі. Пасля гэтага пачаў працу над перакладам Старога Запавету. Улады не прынялі перакладу Тындэйла, а епіскап Лонданскі скупіў вялікую колькасць асобнікаў і ўрачыста іх спаліў. Тындэйл двойчы моцна рэдагаваў свой пераклад, а да 1566 выйшла ўжо 40 выданняў. “За ерась” быў спалены на вогнішчы. На момант яго смерці было надрукавана ўжо 50 тыс. асобнікаў Новага Запавету, якія натхнілі многіх наступных перакладчыкаў Бібліі.
Памёр Поль Скарон (фр. Paul Scarron, нар. 4 ліпеня 1610), французскі раманіст, драматург і паэт. Перадусім вядомы як аўтар першай “Энеіды навыварат” — “Вергілій навыварат” (Virgile travesti, 1648—1653), якая выклікала шмат наследаванняў у еўрапейскіх, у т.л. славянскіх, літаратурах. Крыху раней Скарон выдаў паэму “Тыфон, або Гігантамахія” (Typhon ou la Gigantomachie), у якой парадыююцца высакапарныя гераічныя паэмы. Таксама пісаў камедыі, мадрыгалы, санэты, пасланні.
Нарадзіўся Кальман Калачай (венг. Kalocsay Kalman, эсп. Kalomano Kalocajo, псеўд. Kopar, Alex Kay, Malice Pik, C.E.R. Bumy, Peter Peneter, -y, K. Stelov; памёр 27 лютага 1976), венгерскі паэт і перакладчык на эсперанта, лінгвіст-тэарэтык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Свет і сэрца” (Mondo kaj koro, 1921), “Партрэты ў рыфмах” (Rimportretoj, 1931), “Напятая струна” (Strecita kordo, 1931), апошні з якіх прызнаны найлепшым паэтычным зборнікам на эсперанта. Яму належыць знакаміты зборнік эратычных санэтаў Sekretaj sonetoj (“Сакрэтныя санэты”, 1932, псеўд. Peter Peneter). Пераклаў вялікую колькасць твораў сусветнай класікі, сярод якіх “Бура” і “Сон у летнюю ноч” Шэкспіра (La tempesto, 1970, і Somermeznokta songo, 1967), “Краскі зла” Бадлера (La floroj de l' malbono, 1957), першую частку “Боскай камедыі” Дантэ — “Пекла” (Infero, 1933) і шмат іншага.
Памёр Альфрэд Тэнісан (анг. Alfred Tennyson, нар. 6 жніўня 1809), самы вядомы паэт віктарыянскай Англіі. Меў ганаровае званне паэта-лаўрэата. Каралева Вікторыя надала яму за паэтычную творчасць тытул барона, што зрабіла Тэнісана пэрам Англіі (1-ы барон Тэнісан, або лорд Тэнісан). Тэнісану належыць вядомае выслоўе “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца” (To strive, to seek, to find, and not to yield) — гэта апошні радок з ягонага верша “Уліс”. Тэнісан напісаў верш з нагоды перазахавання парэшткаў Эдгара По ў 1875 г., які быў зачытаны на цырымоніі.
Памёр Патрык О’Конар (ірл. Padraic O Conaire, нар. 28 лютага 1882), ірландскі пісьменнік і журналіст, які пераважна пісаў па-ірландску. Актыўны ўдзельнік руху за ірландскае адраджэнне і Гэльскай лігі, О’Конар зрабіўся адным з самых значных ірландскамоўных пісьменнікаў пачатку ХХ ст. Важнае месца ў яго творчасці займала тэма ірландскіх эмігрантаў у Англіі. Самы вядомы твор О’Конара — яго адзіны раман “Дыяспара” (Deoraiocht).
Памёр Чэслаў Янкоўскі (польск. Czeslaw Jankowski, псеўд. Чэслаў, Літвін; нар. 9 снежня 1857), польскі паэт, крытык, перакладчык, публіцыст, гісторык-краязнавец беларускага паходжання. Рэдактар газеты Kurier Litewski (1.12.1905—1.4.1907), з 1907 рэдактар газеты Głos Polski. Сярод ягоных найбольш вядомых твораў — “Па Еўропе. Лісты з падарожжа” (Po Europie. Kartki z podroży, 1893), “Арабескі” (Arabeski, 1894), “На ўзбочыне літаратуры” (1906), “З дня ў дзень” (Z dnia na dzień, 1923) і інш.
Нарадзіўся Дэвід Брын (анг. Glen David Brin), амерыканскі пісьменнік-фантаст, лаўрэат прэмій Х'юга і Нэб'юла, кансультант НАСА і прафесар фізікі. Найбольш вядомы цыклам кніг “Узвышэнне” (Uplift).
Памерла Тэфі (руск. Тэффи, сапр. Надзея Лохвіцкая, па мужу Бучынская; нар. 6 траўня 1872), руская паэтка, празаік, мемуарыст. Сястра паэткі Міры Лохвіцкай. Яе называлі першай рускай гумарысткай пачатку XX стагоддзя, “каралевай рускага гумару”, аднак яна ніколі не была прыхільніцай чыстага гумару, а заўсёды спалучала яго з сумам і дасціпнымі назіраннямі над навакольным жыццём. Пасля эміграцыі (1919) сатыра і гумар паступова перастаюць дамінаваць у яе творчасці, назіранні над жыццём набываюць філасофскі характар.