Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Эдгар Алан По (анг. Edgar Allan Poe, нар. 19 студзеня 1809), амерыканскі паэт, навеліст, журналіст, літаратурны крытык, адзін з самых значных прадстаўнікоў амерыканскага рамантызму, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры. У часопісе “ПрайдзіСвет” былі надрукаваныя апавяданні По “Авальны партрэт”, “Калодзеж і ківач” і “Марэла”. Творы Эдгара По ў перакладзе на беларускую мову выйшлі ў серыі PostScriptum часопіса “ПрайдзіСвет” (“Маска Чырвонае Смерці” / Эдгар По; Выбраныя навелы, вершы, эсэ. ― Мінск: Кнігазбор, 2011).
Нарадзілася Ані Блумквіст (шведск. і фінск. Anni Blomqvist, сапр. Ані Вікторыя Карлсан; памерла 26 чэрвеня 1990), шведска-фінская пісьменніца. Калі ў 1961 годзе Блумквіст, жонка рыбака, страціла двух сыноў, якія выехалі ў лодцы ў моры і не вярнуліся (ні целы іх, ні лодка так і не былі знойдзеныя), яна пачала весці дзённік, а ў 1966 годзе выдала першы раман “Па слядах шторму” (I stormens spar), добра прыняты чытачамі. Праз два гады выйшаў першы том самай знакамітай працы Блумквіст, пяцітомнай серыі “Мая з Штармавых шхераў” (Stormskars-Maja), — “Дарога на Штармавыя шхеры” (Vagen till Stormskaret). Серыя апавядае пра складанае жыццё Маі, жонкі рыбака, у патрыярхальным грамадстве. Пятая кніга гэтага цыклу “Дарога са Штармавых шхераў” (Vagen fran Stormskaret) пабачыла свет у 1973 годзе. У 1987 годзе патануў яе сын Бенгт, і пра гэтую трагедыю Блумквіст напісала аўтабіяграфічны раман “Мора больш няма” (Havet finns inte mer, 1989).
Нарадзіўся Г'ёргі Абаджыеў (макед. Ѓорѓи Абаџиев, памёр 2 жніўня 1963), македонскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарычнай прозы. Пачаў друкавацца ў 1930-я гг. у Балгарыі. Вядомы як аўтар гістарычнага рамана “Гняздо рабаўнікоў” (“Арамиско гнездо”, 1954) пра гайдукоў і іх барацьбу з туркамі. Уплыў экзістэнцыялізму адлюстраваўся ў рамане “Пустыня” (“Пустина”, 1961), дзе гістарычныя падзеі (нацыянальна-вызвольны рух у Балгарыі) служыць фонам для маральных і псіхалагічных калізіяў.
Памерла Зоф’я Тшашчкоўская (псеўд. Адам М-скі, нар. 1847), беларуская і польская паэтка, фалькларыстка, перакладчыца. Аўтарка верша “Мая малітва” і перакладаў вершаў Яна Чачота, Тэафіля Ленартовіча, Марыі Канапніцкай, а таксама вершаў і перакладаў на польскую мову з французскай (Шарль Леконт дэ Ліль, Шарль Бадлер, Альфрэд дэ Віньі).
Нарадзіўся Іван Пташнікаў, беларускі пісьменнік. Аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў “Зерне падае не на камень” (1959) і “Сцяпан Жыхар са Сцешыц” (1966), аповесцяў “Лонва” (1965, 1982), “Тартак” (1968, паводле сцэнару аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), “Найдорф” (1976), раманаў “Чакай у далёкіх Грынях” (1962), “Мсціжы” (1972), “Алімпіяда” (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збор твораў у 4 тамах. Многія творы пісьменніка перакладзеныя на замежныя мовы. Паводле аповесці “Тартак” на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнар аўтара), а ў 1989 паводле рамана “Алімпіяда” — аднайменны тэлеспектакль.
Нарадзіўся Томас Кенэлі (анг. Thomas Michael Keneally), аўстралійскі празаік, драматург і аўтар дакументальнай прозы. Найбольш вядомы дзякуючы раману “Каўчэг Шындлера” (Schindler's Ark) пра нямецкага прадпрымальніка Оскара Шындлера, які падчас вайны выратаваў больш за тысячу габрэяў, даўшы ім працу на сваёй фабрыцы. За гэты раман аўтар атрымаў Букераўскую прэмію (1982). Паводле яго Стывен Спілберг зняў фільм “Спіс Шындлера”.
Памёр Пранас Будвіціс (літ. Pranas Vytautas Budvytis, псеўд. Svyrunelis; нар. 2 кастрычніка 1900), літоўскі паэт, перакладчык, журналіст. Заснавальнік сатырычнай газеты Liežuvis (у 1924 годзе закрытая ўладамі), часопіса сатыры і гумару Spaktyva (1924—1934). Быў вядомы багемным стылем жыцця, таму распаўсюджваліся чуткі пра тое, што вядомых аўтараў да ўдзелу ў часопісе ён прыцягвае багатымі пачастункамі гарэлкай, а чытачоў утрымлівае непрыстойнымі малюнкамі.
Памёр Генрых Сапгір (руск. Генрих Сапгир, нар. 20 лістапада 1928), рускі паэт, празаік, перакладчык, сцэнарыст, дзіцячы пісьменнік. Лаўрэат Пушкінскай прэміі, прэмій часопісаў “Знамя” (1993) і “Стрелец” (1995, 1996), прэміі “За асаблівыя заслугі” Тургенеўскага фестывалю малой прозы (1998).