№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 10 кастрычніка

  • 1834

    Нарадзіўся Алексіс Ківі (фінск. Aleksis Kivi, сапр. Стэнваль; памёр 31 снежня 1872), фінскі пісьменнік, пачынальнік рэалістычнай літаратуры на фінскай мове і адзін са стваральнікаў фінскай літаратурнай мовы. Аўтар “камедыі характараў” “Шаўцы Нумі” (Nummisuutarit, 1864), зборніка лірычных вершаў “Канервала” (Kanervala, 1866) і аднаактовай лірычнай п'есы на біблейскую тэму “Лія” (Lea, 1869). З яе пастаноўкі ў тым жа 1869 вядзе свой пачатак фінскамоўны тэатр. Самы вядомы твор Ківі — раман “Сямёра братоў” (Seitseman veljesta; надрукаваны пасля смерці аўтара, у 1873). Гэта адзін з першых фінскамоўных раманаў.

  • 1867

    Памёр Ігнат Легатовіч (нар. 10 жніўня 1796), беларускі і польскі паэт, педагог. Працаваў выкладчыкам лацінскай мовы ў Мінскай гімназіі. Пасля 1846 займаўся рэпетытарствам і літаратурнай творчасцю. Часта наведваў дом Марцінкевічаў. Вершы і эпіграмы Легатовіча карысталіся вялікай папулярнасцю ў тагачасным грамадстве. Паэт высмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны ды ўчынкі канкрэтных асобаў. Эпіграмы Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п'яніцаў, злосных жонак і графаманаў.

  • 1875

    Памёр Аляксей Талстой (руск. Алексей Толстой, нар. 5 верасня 1817), рускі пісьменнік, граф, чалец-карэспандэнт Пецярбургскай АН, адзін са стваральнікаў Казьмы Пруткова. Аўтар баладаў, сатырычных вершаў, гістарычнага рамана “Князь Срэбны” (“Князь Серебряный”, надрукаваны ў 1863), драматычнай трылогіі “Смерць Іаана Грознага” (“Смерть Иоанна Грозного”, 1866), “Цар Фёдар Іаанавіч” (“Царь Фёдор Иоаннович”, 1868), раманаў “Вупыр” (“Упырь”, 1841), “Сям'я вурдалака” (“Семья вурдалака”, 1839) і інш. Аўтар праніклівай лірыкі з ярка выяўленым музычным пачаткам, псіхалагічных навелаў у вершах і іншых твораў.

  • 1895

    Нарадзіўся Лінь Юйтан (кіт. 林語堂, памёр 26 сакавіка 1976), кітайскі пісьменнік, філосаф і навуковец. Кніга пісьменніка “Мая краіна і мой народ” (1935), напісаная па-ангельску, паводле версіі The New York Times зрабілася адным з найлепшых сусветных бэстсэлераў. Пераклаў шмат класічных кітайскіх твораў на ангельскую мову, дапамагаў у распрацоўцы друкаркі для кітайскай мовы. З 1969 году зрабіўся прэзідэнтам кітайскага ПЭН-клуба, а пасля — віцэ-прэзідэнтам міжнароднага ПЭН-клуба. У 1975 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію за раман “Імгненне ў Пекіне”.

  • 1906

    Нарадзіўся Р. К. Нараян (тамільск. ராசிபுரம் கிருஷ்ணசுவாமி அய்யர் நாராயணசுவாமி, памёр 13 траўня 2001), індыйскі пісьменнік, адзін з самых значных ангельскамоўных пісьменнікаў Індыі. Нараян дабіўся поспеху дзякуючы свайму сябру і настаўніку Грэму Грыну, які судзейнічаў выданню яго першых кніг. Дзеянне большасці твораў Нараяна адбываецца ў выдуманым гарадку Малгудзі — упершыню гэты горад з’яўляецца ў рамане “Свамі і сябры” (Swami and Friends, 1935), і таму пісьменніка часта параўноўваюць з Ўільямам Фолкнэрам.

  • 1913

    Нарадзіўся Клод Сімон (фр. Claude Simon, памёр 6 ліпеня 2005), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1985) “за спалучэнне ў яго творчасці паэтычнага і жывапіснага пачаткаў”. Яго залічваюць да школы “новага раману”.

  • 1930

    Нарадзіўся Гаральд Пінтэр (анг. Harold Pinter, памёр 24 снежня 2008), брытанскі драматург, паэт, рэжысёр, актор, палітычны актывіст. Адзін з самых уплывовых брытанскіх драматургаў свайго часу. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2005 году — за п'есы, у якіх ён “прачыняе бездань, якая ляжыць пад мітуснёй штодзённасці, і ўрываецца ў засценкі прыгнёту”. Пінтэр шырока вядомы не толькі як аўтар п'ес “Пакой” (The Room, 1957), “Дзень народзінаў” (The Birthday Party, 1957), “Вартаўнік” (The Caretaker, 1959), але і як праваабаронца і публічны праціўнік амерыканскіх ваенных кампаній у Афганістане і Іраку, дзеянняў НАТО ў Югаславіі. Аўтар кінасцэнару “Жанчына французскага лейтэнанта” і шэрагу іншых фільмаў.

  • 1938

    Памёр Адам Бабарэка (псеўд. і крыпт. А.Б., А.Ч., А-м Б-а, А. Б-ка, А. Б-рэка, Адам Гаротны, Я. Каліна, Якім Каліна, Малады настаўнік, А. Рэка, Чырвоны, А. Чырвоны, Адам Чырвоны, А. Чэмер, нар. 14 кастрычніка 1899), беларускі літаратурны крытык, літаратуразнавец, празаік. Быў адным з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” (1923), “Узвышша” (1926). Арыштаваны 25 ліпеня 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у межах сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ ў пачатку 1930-х. Атрымаў 10 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост у Комі ў Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы. Дэбютаваў у 1920 вершамі і апавяданнямі ў рэспубліканскім друку. У 1925 выдаў кнігу “Апавяданні”. Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах “Маладняк”, “Узвышша” і інш.). Шэраг яго працаў прысвечаны творчасці Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.

  • 1940

    Нарадзіўся Кастусь Тарасаў (памёр 22 сакавіка 2010), беларускі пісьменнік. Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе. Друкаваўся ад 1966 году. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1965), працаваў у Паўночна-заходняй геалагічнай экспедыцыі, потым у выдавецтве “Вышэйшая школа”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у часопісе “Нёман” (1977—1983), газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Спадчына”, газеце “Свабода”. У апошнія месяцы жыцця друкаваў гістарычныя нарысы ў “Новым часе”. Аўтар гістарычных аповесцяў пра мінулае Беларусі: “Дзень рассеяння” (пра Грунвальдскую бітву, 1980), “Пагоня на Грунвальд”, рамана “Тры жыцці княгіні Рагнеды”. Аўтар культавага ў 1980-я — першай палове 1990-х зборніка “Памяць пра легенды” (першае выданне — 1984, другое, пашыранае — 1990).

  • 1941

    Нарадзіўся Кен Сара-Віва (анг. Kenule “Ken” Beeson Saro-Wiwa, памёр 10 лістапада 1995), нігерыйскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Арганізатар кампаніі супраць разбурэння навакольнага асяроддзя ў раёне Агоні, за што ён і васьмёра яго прыхільнікаў былі павешаныя па загадзе нігерыйскіх уладаў.