Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Андрэй Мурэшану (рум. Andrei Mureșianu, нар. 16 лістапада 1816), румынскі паэт, публіцыст і перакладчык, трансільванскі рэвалюцыянер. Верш Мурэшану “Абудзіся, румын!” (Deşteaptă-te, române!) зрабіўся ў 1989 годзе нацыянальным гімнам Румыніі, да гэтага здабыўшы славу “румынскай Марсэльезы”.
Нарадзіўся Эўджэніё Мантале (іт. Eugenio Montale, памёр 12 верасня 1981), італьянскі паэт, празаік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1975). Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1920-х працаваў у Фларэнтыйскім выдавецтве, у бібліятэцы. У 1938 пасля адмовы ўступіць у фашысцкую партыю быў звольнены. У 1943 яго вершы былі нелегальна вывезеныя за мяжу і апублікаваныя ў Швейцарыі. Пасля вайны пераехаў у Мілан, супрацоўнічаў з газетай “Кар’ере дэла Сэра” як літаратурны і музычны крытык.
Памёр Анатоль Франс (фр. Anatole France, сапр. Жак Анатоль Франсуа Тыбо; нар. 16 красавіка 1844), французскі пісьменнік, літаратурны крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1921). Друкавацца пачаў даволі позна — першы зборнік навелаў быў выдадзены, калі яму было 35 гадоў. Першы шырокавядомы раман Франса — сатыра “Злачынства Сільвестра Банара” (Le Crime de Sylvestre Bonnard, 1881). Сярод іншых вядомых твораў — аповесць “Таіс” (Thaïs, 1890), раманы “Чырвоная лілея” (Lys Rouge, 1894), “Сад Эпікура” (Le Jardin d’Épicure, 1895), гістарычная дылогія “Жыццё Жанны д’Арк” (Vie de Jeanne d’Arc, 1908), пародыя на французскую гісторыю “Востраў пінгвінаў” (L’Île des Pingouins, 1908) і інш. На беларускую мову апавяданне Франса “Дачка Ліліт” пераклала Вераніка Мазуркевіч.
Памёр Мустафа Заідзі (урду مصطفیٰ زیدی, нар. 16 кастрычніка 1930), адзін з самых вядомых паэтаў ХХ ст., што пісалі на мове урду. Сваю першую кнігу, “Ланцугі/Святло” (Zangeerein/Roshni) выдаў пад псеўданімам “Меч Алахабада” (Tegh Allahabadi) у 1949 годзе ва ўзросце 19 гадоў. Памёр у сваёй кватэры пры загадкавых абставінах, хутчэй за ўсё ўчыніўшы самагубства.
Памёр Аркадзь Стругацкі (руск. Аркадий Стругацкий, нар. 28 жніўня 1925), рускі пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык, які ў суаўтарстве з братам Барысам напісаў некалькі дзясяткаў твораў, што лічацца класікай сучаснай навуковай і сацыяльнай фантастыкі. Пераклаў з японскай мовы шэраг твораў Акутагавы, Абэ Коба, Нацумэ Сасэкі, Нома Хіросі, Сант’ютэя Энцё, сярэднявечны раман “Казанне пра Ёсіцунэ”. Сумесна братамі Стругацкімі пад псеўданімамі С. Беражкоў, С. Віцін, С. Пабедзін былі перакладзеныя з ангельскай раманы А. Нортана, Х. Клемента, Дж. Ўіндэма.