Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Шарль Агюстэн дэ Сэнт-Бёў (фр. Charles Augustin de Sainte-Beuve, нар. 23 снежня 1804), французскі літаратуразнаўца і літаратурны крытык, значная фігура рамантызму, стваральнік уласнага метаду, які пасля быў названы “біяграфічным”. Публікаваў таксама паэзію і прозу, аднак мастацкія творы Сэнт-Бёва не мелі поспеху, і з 1837 году ён заняўся выключна гістарычна-літаратурнай і крытычнай працай.
Нарадзіўся Саша Чорны (руск. Саша Чёрный, сапр. Аляксандр Глікберг, памёр 5 ліпеня 1932), рускі паэт Срэбнага стагоддзя, празаік, які атрымаў вядомасць дзякуючы сваім лірычна-сатырычным вершаваным фельетонам.
Памёр Карл Адольф Г’елеруп (дацк. Karl Adolph Gjellerup, нар. 2 чэрвеня 1857), дацкі паэт і празаік. Некаторыя яго творы надрукаваныя пад псеўданімам Эпігонас (анг. Epigonos). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1917) — “за разнастайную паэтычную творчасць і ўзнёслыя ідэалы”.
Нарадзіўся Дрытэра Аголі (алб. Dritëro Agolli), албанскі празаік, паэт, журналіст і кінасцэнарыст. Нягледзячы на тое, што быў адным з першых пісьменнікаў краіны за часамі камунізму, пасля падзення дыктатуры не страціў народнага прызнання. Напісаў шэраг раманаў на партызанскую тэматыку, такіх як “Камісар Мема” (Komisari Memo, 1970), “Чалавек са стрэльбай” (Njeriu me top, 1975), але больш вядомы ў свеце як аўтар кароткай прозы: зборнік “Шум вятроў з мінулага” (Zhurma e ererave të dikurshme, 1964) і інш.
Памёр Эрнст Дыдрынг (шведск. Ernst Didring, нар. 18 кастрычніка 1868), шведскі пісьменнік, аўтар раманаў, апавяданняў, навелаў і п’есаў. Старшыня Саюза пісьменнікаў Швецыі ў 1915—1920 і 1923—1929 гадах. Для яго твораў характэрныя падрабязныя і натуралістычныя апісанні, тэмы гуманнасці і супольнай працы. Яго кнігі, у якіх апісваецца грамадства пачатку ХХ стагоддзя, лічацца актуальнымі і сёння. Найбольш вядомы Дыдрынг сваёй трылогіяй “Руда” (Malm), раманы з якой выйшлі ў 1914—1919 гадах. Часта пераклады яго твораў з’яўляліся ў Еўропе, перш за ўсё ў Германіі, ужо праз некалькі месяцаў пасля выхаду арыгіналаў.
Нарадзіўся Том Ордэлман (нід. Tom Ordelman), нідэрландскі празаік, журналіст, публіцыст і перакладчык. Перакладаў на нідэрландскую мову творы Г. Ўэлса і А. Брэтона.
Памёр Максім Лужанін (нар. 2 лістапада 1909), беларускі празаік, паэт, кінадраматург, перакладчык. На беларускую мову пераклаў “Жыццё Кліма Самгіна” М. Горкага (1938), “Гора ад розуму” А. Грыбаедава (1949), “Вечары на хутары ля Дзіканькі” (1950) і “Выбраныя творы” М. Гогаля (1952). “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву” А. Радзішчава (1951), “Маладую гвардыю” А. Фадзеева (1953), “Яны змагаліся за радзіму” М. Шолахава (1975), “Пераяслаўскую Раду” Н. Рыбака (1954—1955), паасобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, М. Някрасава, І. Буніна, У. Сыракомлі, Ю. Тувіма, У. Маякоўскага, Я. Смелякова і інш.