Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Алан Рэмсі (анг. Allan Ramsay, памёр 7 студзеня 1758), шатландскі паэт, знакаміты папярэднік Бэрнса і Фэргюсана. Пісаў на скотсе. Пачынальнік “шатландскага адраджэння” XVIII ст.
Нарадзіўся Аляксей Кальцоў (руск. Алексей Кольцов, памёр 10 лістапада 1842), рускі паэт. Раннія паэтычныя спробы Кальцова ўяўляюць сабою перайманні вершаў Дзмітрыева, Жукоўскага, Пушкіна, Казлова, Хераскава і іншых паэтаў. Спробы пісаць у духу кніжнай паэзіі назіраюцца ў Кальцова да самай смерці, уперамешку з песнямі, ды і сярод апошніх некаторыя бліжэйшыя да кніжных формаў, чым да той спецыфічнай манеры, у якой бачныя асаблівасці кальцоўскага стылю. Іншы жанр паэзіі Кальцова — думы, якія формай падобныя да яго песняў, а паводле зместу ўяўляюць сабой своеасаблівую паэтычную філасофію.
Нарадзіўся Міхаіл Лермантаў (руск. Михаил Лермонтов, загінуў 27 ліпеня 1841), рускі паэт, празаік, драматург, мастак, афіцэр. Існуе меркаванне, што род Лермантавых паходзіць з Шатландыі і ўзыходзіць да напаўміфічнага барда-прарока Томаса Лерманта. Першы яго надрукаваны твор — “Хаджы Абрэк” (1835) — трапіў у “Бібліятэку для чытання” без ведама аўтара, і пасля гэтага выпадковага, але ўдалага дэбюту Лермантаў доўга не хацеў друкаваць свае вершы. Уся сіла таленту Лермантава адкрылася рускай публіцы пасля смерці Пушкіна. У канцы студзеня доктар Арэндт пабываў у Лермантава (які тады хварэў) і расказаў яму падрабязнасці дуэлі і смерці Пушкіна, вынікам чаго стаўся верш “Смерць Паэта”. Верш хутка распаўсюдзіўся ў спісах, выклікаўшы ў грамадстве сапраўдную буру; адзін з родных Лермантава, Сталыпін, пачаў асуджаць паэта за яго гарачнасць у дачыненні да Дантэса. Гэта раззлавала Лермантава, і ён дадаў да верша яшчэ 16 радкоў. Паэта арыштавалі, пачалося судовае разбіральніцтва, за якім сачыў сам імператар, але за паэта заступіліся сябры Пушкіна, перадусім Жукоўскі, а таксама бабуля паэта, якая выкарыстала ўсе свае сувязі, каб палегчыць лёс унука. Хуткім часам Лермантаў быў пераведзены ў Ніжагародскі драгунскі полк, што дзейнічаў на Каўказе. Па вяртанні ў Пецярбург паэт стварае паэмы “Дэман” і “Мцыры”. Хутка ён робіцца адным з самых вядомых рускіх пісьменнікаў, уваходзіць у кола пушкінскіх сяброў і пачынае актыўна друкавацца. У Пяцігорску ён пасварыўся з маёрам у адстаўцы Мікалаем Мартынавым, з якім пазнаёміўся яшчэ ў Школе гвардзейскіх падпрапаршчыкаў. Згодна з “Нататкамі дзекабрыста” Лорэра, Лермантаў часта жартаваў з чаркескага касцюма Мартынава, і маёр урэшце не вытрымаў. Дуэль адбылася 15 ліпеня. Мартынаў патрапіў проста ў грудзі паэта. Творы Лермантава перакладзеныя на нямецкую, ангельскую, французскую, польскую, дацкую, шведскую, беларускую, сербскую і іншыя мовы. На сайце “ПрайдзіСвета” можна пачытаць паэмы Лермантава “Мцыры” і “Дэман” у перакладах Макара Краўцова.
Нарадзіўся Пэлем Грэнвіл Вудхаўз (анг. Pelham Grenville Wodehouse, памёр 14 лютага 1975), ангельскі празаік, драматург, рыцар-камандор ордэна Брытанскай імперыі. Найбольш вядомы і папулярны цыкл раманаў і апавяданняў Вудхаўза пра маладога балбеса-арыстакрата Бэрці Вустэра і ягонага камердынера Джыўса. Звычайна рухальнік сюжэту наступны: Вустэр, “дзякуючы” паказальнай адсутнасці розуму і дальнабачнасці, трапляе ў чарговы пераплёт, і Джыўс бярэцца вызваляць яго ад гневу чарговай цёткі альбо ўчэпістых ручак чарговай нявесты (бо калі дама кажа “Я выйду за вас замуж”, што рабіць высакароднаму джэнтльмену, не адмаўляць жа). Дзякуючы Джыўсу, дарэчы, Бэрці не толькі ратуецца ад непрыемнасцяў, але і робіцца проста-такі наборам класічных цытатаў, што, аднак, не перашкаджае яму на пытанне сябра з клуба “Трутні” пра крыніцу цытаты адказваць “Так Джыўс гаворыць” альбо “Гэта нейкі хлопец, якога звалі Шэкспір”. У 1936 годзе ў Оксфардзе ў пакой, дзе займаліся студэнты, зайшоў адзін з выкладчыкаў, папрасіў ўсіх устаць і сказаў: “Джэнтльмены, сёння памёр Чэстэртан. Цяпер у Англіі застаўся толькі адзін добры пісьменнік — Вудхаўз”. Выкладчыка звалі Джон Роналд Руэл Толкін.
Нарадзіўся Італа Кальвіна (іт. Italo Calvino, памёр 19 верасня 1985), італьянскі пісьменнік. Першыя кнігі пісаў у рэчышчы неарэалізму, далейшыя творы ствараліся пад значным уплывам фантастыкі і сюррэалізму. На беларускую мову ўрывак з навелы “Маркавальда, або Гарадскія часіны году” (Marcovaldo, overo le stagioni in cittá, 1963) пераклала Аксана Данільчык.
Нарадзіўся Міларад Павіч (сербск. Милорад Павић, памёр 30 лістапада 2009), югаслаўскі і сербскі паэт, празаік, перакладчык і гісторык сербскай літаратуры XVII—XIX стст. Спецыяліст па сербскім барока і паэзіі сімвалізму. Ведаў рускую, нямецкую, французскую, некалькі старажытных моваў, перакладаў Пушкіна і Байрана на сербскую. Многія з яго твораў (“Хазарскі слоўнік”, “Унутраны бок ветру”, “Пейзаж, намаляваны гарбатай” і інш.) напісаныя ў форме нелінейнай прозы. Паводле словаў Ясміны Міхайлавіч, літаратуразнаўцы і жонкі Павіча, гэтыя раманы і зборнікі апавяданняў лепш за ўсё ўспрымаць як гіпертэкст.
Нарадзіўся Алесь Якімовіч, беларускі пісьменнік. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1972). Настаўнічаў на Слонімшчыне. Дэбютаваў у друку ў 1967. Аўтар кніг апавяданняў для дзяцей “Гордзіеў вузел, альбо Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі” (1987), “Эльдарада просіць дапамогі” (1989).
Памёр Даніла Кіш (сербск. Данило Киш/Danilo Kiš, нар. 22 лютага 1935), сербскі паэт, празаік, драматург, перакладчык з рускай, французскай і венгерскай моваў. Першую кнігу, якая складалася з двух невялікіх раманаў “Мансарда” і “Псалм 44”, выдаў у 1962 годзе. Лаўрэат югаслаўскай літаратурнай прэміі НІН 1973, прэміі Іва Андрыча (1984), італьянскай прэміі Тыбра (1988). У 1990 годзе Кіш быў уганараваны ПЭН-клубам ЗША прэміяй Бруна Шульца як найлепшы замежны аўтар году. У 1988 абраны чальцом-карэспандэнтам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Аўтар кніг “Сад, попел” (Bašta, pepeo, 1965), “Клепсідра” (Peščanik, 1972), “Грабніца для Барыса Давыдавіча” (Grobnica za Borisa Davidoviča: sedam poglavlja jedne zajedničke povesti, 1976), “Урок анатоміі” (Čas anatomije, 1978), Homo poeticus (1983), “Энцыклапедыя мёртвых” (Enciklopedija mrtvih, 1983), “Жыццё, літаратура” (Život, literatura, 1990) і інш.