Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Франсуа дэ Малерб (фр. François de Malherbe; нар. каля 1555), французскі паэт, пачынальнік класіцызму. Быў прыдворным паэтам караля Генрыха IV. Судзейнічаў фармаванню літаратурнай мовы, увёў у французскую літаратуру жанр стансаў, распрацаваў прынцыпы напісання класічнай оды. Тэарэтычныя асновы класіцызму выклаў у трактаце “Каментары да Дэпорта” (Commentaire sur Desportes, 1600). Лічыў, што сапраўдная паэзія ўзнікае ў выніку доўгай працы і выдатнага ведання правіл паэтычнай творчасці, незалежна ад натхнення.
Памёр Роберт Фэргюсан (анг. Robert Fergusson, нар. 5 верасня 1750), шатландскі паэт. Яго літаратурная спадчына складае 50 вершаў на ангельскай мове і 33 на шатландскім дыялекце. Творчасць Фэргюсана моцна паўплывала на Роберта Бэрнса. У 1774 годзе паэт атрымаў траўму галавы, зваліўшыся з лесвіцы, і гэта прывяло да вар’яцтва. Праз некалькі тыдняў Фэргюсан памёр. Пераклады яго вершаў на беларускую мову можна пачытаць тут.
Нарадзіўся Оскар Ўайлд (анг. Oscar Fingal O'Flahertie Wills Wilde, памёр 30 лістапада 1900), брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу. Вучыўся ў Оксфардзе. У 1881 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Вершы” (Poems). Ён вытрымаў 5 перавыданняў па 250 асобнікаў цягам аднаго году, але ўсе выдаткі па яго выпуску ўзяў на сябе сам Ўайлд. Адначасова з выхадам зборніка з’явілася камічная опера “Цярпенне” паэта Ўільяма Швенка Гілберта і кампазітара Артура Салівана, дзе адным са спарадыяваных персанажаў быў Ўайлд. Опера наклала на вершы Ўайлда, якія тады, мабыць, ніхто не прачытаў і вельмі нямногія прачыталі да сёння, адбітак скандальнай рэпутацыі аўтара. А пасля выпадку з Оксфардскім дыскусійным таварыствам, якое папрасіла Ўайлда падараваць яму гэтую кнігу, а потым адхіліла падарунак, вершы Ўайлда трывала і надоўга забыліся, і рэпутацыя “цікавага драматурга, але пасрэднага паэта” цягнецца за ім да гэтага часу. У Лондане Ўайлда ведалі ўсе, ён быў самым жаданым госцем у любым салоне. Але адначасова яго шырока крытыкавалі, малявалі карыкатуры і чакалі рэакцыі. У 1887 годзе Ўайлд выдаў апавяданні “Кентэрвільскі прывід”, “Злачынства лорда Артура Сэвіла”, “Сфінкс без загадкі”, “Натуршчык-мільянер”, “Партрэт містэра У.Х.”, якія склалі зборнік яго апавяданняў. У 1890 годзе пабачыў свет адзіны раман, які прынёс Ўайлду вялізны поспех, — “Партрэт Дарыяна Грэя” (The Picture of Dorian Gray). Крытыка абвінаваціла раман у амаральнасці. У адказ на 216 водгукаў на “Партрэт Дарыяна Грэя” Ўайлд напісаў больш за 10 адкрытых лістоў у рэдакцыі брытанскіх газетаў і часопісаў, тлумачачы, што мастацтва не залежыць ад маралі. У 1891 г. раман са значнымі дапаўненнямі выйшаў асобнай кнігай, і Ўайлд дапоўніў яго прадмовай, што зрабілася з гэтага часу маніфестам эстэтызму. У 1892 годзе была напісаная і пастаўленая першая камедыя Ўайлда — “Веер лэдзі Ўіндэрмір” (Lady Windermere's Fan), поспех якой зрабіў яго самым папулярным чалавекам Лондана. У 1893 годзе выйшла яго наступная камедыя — “Жанчына, не вартая ўвагі” (The Woman of No Importance). Самым паспяховым у творчым плане робіцца для Ўайлда 1895 год: тады былі напісаныя і пастаўленыя дзве яго п’есы — “Ідэальны муж” (An Ideal Husband) і “Як важна быць сур’ёзным” (The Importance of Being Earnest). У 1895 годзе Ўайлд па абвінавачанні ў “непрыстойных паводзінах” быў прысуджаны да двух гадоў турэмнага зняволення. Пасля выхаду жыў у Францыі пад імем Себасцьян Мельмот (прозвішча было пазычанае з гатычнага рамана Чарлза Мэцьюрына, стрыечнага дзеда Ўайлда, — “Мельмот-вандроўнік”). У Францыі Ўайлд напісаў паэму “Балада Рэдынгскай турмы”. Незадоўга да смерці Ўалд сказаў пра сябе: “Я не перажыву XIX стагоддзе. Ангельцы не вытрываюць маёй далейшай прысутнасці”. Ён быў пахаваны ў Парыжы на могілках Баньё. Прыкладна праз 10 гадоў яго перапахавалі на могілках Пер-Лашэз, а на магіле быў усталяваны крылаты сфінкс з каменя працы Джэйкаба Эпстайна. У 1918 годзе ў адмысловай нішы помніка быў пахаваны і прах самага адданага сябра Ўайлда Роберта Роса — паводле ўласнага тэстаменту апошняга. Апавяданне Ўайлда “Сфінкс без загадкі” ў перакладзе Алены Пятровіч можна прачытаць тут.
Нарадзіўся Юджын О'Ніл (анг. Eugene Gladstone O'Neill, памёр 27 лістапада 1953), амерыканскі драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1936), тройчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі (1920, 1922, 1928). З 1920-х гг. яго п’есы ставяць у найбуйнейшых тэатрах свету. Найлепшымі лічацца “Прадавец лёду” (The Iceman Cometh, 1939), “Доўгі дзень сыходзіць у ноч” (Long Day's Journey into Night , 1941) і “Месяц для пасынкаў лёсу” (A Moon for the Misbegotten, 1943). Апошнія дзесяць гадоў жыцця О’Ніл пакутаваў на хваробу нервовай сістэмы, якую памылкова лічылі хваробай Паркінсона. Драматург працаваў над стварэннем вялікага цыклу п’есаў, які ахапіў бы паўтара стагоддзя амерыканскай гісторыі, але праз хваробу паспеў скончыць толькі дзве з іх, незавершаныя былі знішчаныя згодна з яго просьбай.
Нарадзіўся Дзіна Буцаці (іт. Dino Buzzati Traverso, памёр 28 студзеня 1972), італьянскі пісьменнік, журналіст, мастак. Часам яго творы параўноўваюць з творамі Эдгара По і Франца Кафкі. Сярод найбольш вядомых яго твораў — раман “Татарская пустыня”, які Х. Л. Борхес уключыў у сваю “Асабістую бібліятэку “, “Барнаба з гор”, зборнік “Шэсцьдзесят апавяданняў” і інш. На беларускую мову прозу Буцаці перакладалі Аксана Данільчык і Сяргей Шупа.
Памёр Якуб Барт-Цішынскі (сербалуж. Jakub Bart-Ćišinski, нар. 20 жніўня 1856), сербалужыцкі пісьменнік. Лічыцца найбуйнейшым нацыянальным паэтам, тэарэтыкам сербалужыцкай літаратуры і культуры. На беларускую вершы Барта-Цішынскага перакладаў Рыгор Барадулін (зборнік перакладаў “Кахаць — гэта значыць...”, 1986).
Нарадзіўся Гюнтэр Грас (ням. Günter Grass, памёр 13 красавіка 2015), нямецкі пісьменнік, скульптар, мастак, графік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1999). Сусветная слава прыйшла да яго з першым раманам “Бляшаны барабан” (Die Blechtrommel, 1959; экранізаваны ў 1979). Разам з аповесцю “Кошкі-мышкі” (Katz und Maus, 1961) і раманам “Сабачыя гады” (Hundejahre, 1963) яны ствараюць “данцыгскую трылогію”. Грас стаў першым сусветна вядомым нямецкім пісьменнікам пасля Другой сусветнай вайны. Сам ілюстраваў усе свае кнігі. У апошнія гады працаваў над мемуарным цыклам.
Нарадзіўся Мустафа Заідзі (урду مصطفیٰ زیدی, памёр 12 кастрычніка 1970), адзін з самых вядомых паэтаў ХХ ст., што пісалі на мове урду. Сваю першую кнігу, “Ланцугі/Святло” (Zangeerein/Roshni) выдаў пад псеўданімам “Меч Алахабада” (Tegh Allahabadi) у 1949 годзе ва ўзросце 19 гадоў. Памёр у сваёй кватэры пры загадкавых абставінах, хутчэй за ўсё ўчыніўшы самагубства.
Памёр Юхан Борген (нарв. Johan Collett Müller Borgen, нар. 28 красавіка 1902), нарвежскі пісьменнік, журналіст, крытык. У п’есах, напісаных у 1930-я гг., паказаў сябе майстрам псіхалагічнага аналізу. Раман “Я” (Jeg, 1959) прысвечаны метаду фрэйдысцкага псіхааналізу. Найбольш вядомая яго трылогія з раманаў “Маленькі лорд” (Lillelord, 1955), “Цёмныя воды” (De merke kilder, 1956) і “Цяпер яму не ўцячы” (Vi har ham na, 1957).