Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джамбатыста Марына (іт. Giambattista Marino, памёр 25 сакавіка 1625), вядомы італьянскі паэт, адзін з найвыбітнейшых пачынальнікаў літаратуры барока ў Італіі. Літаратурная спадчына Марына вялікая і неаднастайная. Яго пяру належаць лірычныя вершы, аб’яднаныя ў зборнік “Ліра” (La lira, 1602—1614), празаічныя “Святыя казані” (Dicerie sacre, 1614), зборнік “Галерэя” (La Galeria, 1619), у якім змешчаныя вершаваныя каментары да твораў выяўленчага мастацтва, збор міфалагічных і пастаральных ідылій “Валынка” (La Sampogna, 1620), велізарная эпічная паэма “Адоніс” (L'Adone, 1623), якая выклікала супярэчлівыя водгукі крытыкаў, паэма “Збіванне немаўлятаў” (La strage degli innocenti, 1605). У лірычнай паэзіі Марына стаў заснавальнікам асаблівага кірунку, які атрымаў назву “марынізм”.
Нарадзіўся Шадэрло дэ Лакло (фр. Pierre Ambroise François Choderlos de Laclos; памёр 5 верасня 1803), французскі пісьменнік і вайсковец. Аўтар сусветна вядомага эпісталярнага рамана “Небяспечныя сувязі” (Les liaisons dangereuses, 1782), які быў экранізаваны чатыры разы за XX стагоддзе. Акрамя літаратурнай дзейнасці Лакло быў таленавітым вынаходнікам і вайскоўцам. Менавіта ён прапанаваў сучасны метад нумарацыі дамоў у Парыжы (падзел на цотныя і няцотныя па розных баках вуліцы).
Нарадзіўся Генрых фон Кляйст (ням. Bernd Heinrich Wilhelm von Kleist, памёр 21 лістапада 1811), нямецкі пісьменнік-рамантык. Яго драматычны талент найбольш яскрава выявіўся ў камедыі “Разбіты збан”( Der zerbrochne Krug, 1808). Значнай часткай творчай спадчыны Кляйста з’яўляюцца навелы, з якіх асабліва выдзяляюцца “Міхаэль Кальхаас” (Michael Kohlhaas), “Маркіза д’О.” (Die Marquise von O.), “Землятрус у Чылі” (Das Erdbeben in Chili), “Святая Сесілія, альбо Магутнасць музыкі” (Die heilige Cäcilie oder die Gewalt der Musik). На творы Кляйста многія кампазітары пісалі музыку, яго драмы і навелы шматразова экранізаваліся. Кафка ў значнай ступені зазнаў уплыў яго твораў. Пісьменнік пакутаваў на меланхолію, меў навязлівую ідэю скончыць жыццё самагубствам, што не раз прапаноўваў сваёй жонцы. Урэшце ён пасябраваў з хворай на рак Генрыетай Фогель, з якой яны разам сышлі з жыцця, застрэліўшыся.
Нарадзіўся Анры Бергсон (фр. Henri Bergson, памёр 4 студзеня 1941), адзін з найбуйнейшых філосафаў ХХ стагоддзя, прадстаўнік інтуітывізму і філасофіі жыцця. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1927).
Нарадзіўся Эрнст Дыдрынг (шведск. Ernst Didring, памёр 13 кастрычніка 1931), шведскі пісьменнік, аўтар раманаў, апавяданняў, навелаў і п’есаў. Старшыня Саюза пісьменнікаў Швецыі ў 1915—1920 і 1923—1929 гадах. Для яго твораў характэрныя падрабязныя і натуралістычныя апісанні, тэмы гуманнасці і супольнай працы. Яго кнігі, у якіх апісваецца грамадства пачатку ХХ стагоддзя, лічацца актуальнымі і сёння. Найбольш вядомы Дыдрынг сваёй трылогіяй “Руда” (Malm), раманы з якой выйшлі ў 1914—1919 гадах. Часта пераклады яго твораў з’яўляліся ў Еўропе, перш за ўсё ў Германіі, ужо праз некалькі месяцаў пасля выхаду арыгіналаў.
Нарадзіўся Ёханэс Лінанкоскі (фінск. Johannes Linnankoski, сапр. Віхтары Ёхан Пелтанен; памёр 10 жніўня 1913), фінскі пісьменнік, перакладчык і журналіст. Галоўныя тэмы ягоных твораў — віна, пакаранне і барацьба паміж старым і новым. У 1906 заснаваў Саюз фінскай самасвядомасці (фінск. Suomalaisuuden liitto). Заснавальнік газеты Uusimaa — першай газеты на фінскай мове, якая выдавалася за межамі вялікіх гарадоў. За п'есу “Адвечная барацьба” (Ikuinen taistelu, 1903) атрымаў прэмію Фінскага літаратурнага таварыства.
Нарадзіўся Міхаіл Кузмін (руск. Михаил Кузмин, памёр 1 сакавіка 1936), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар (нар. 18 кастрычніка 1872, хаця сам сцвярджаў, што 1875). “Ён – стараабраднік. Яго бабуля — габрэйка. Ён вучыўся ў езуітаў. Ён служыў <…> у мучным лабазе. У Парыжы ён танчыў канкан з мадэлямі Тулуз-Латрэка. Ён насіў вярыгі і правёў два гады паслушнікам у італьянскім кляштары. У Кузміна — звышнатуральныя “візантыйскія вочы”. Кузмін — пачвара. Як спалучаць усё гэта?” (І. Адоеўцава, “На берагах Нявы”). У 1920-х Кузмін зарабляў перакладамі, кормячы, апроч сябе, сваю маці і блізкага сябра Юрыя Юркуна. Перакладаў шмат і рознае, але прызнаваўся, што найбольш любіць антычнасць і XVIII стагоддзе. У 1929 годзе у перакладзе Кузміна на рускую выйшаў раман Апулея "Метамарфозы", які перавыдаецца да сёння.
Нарадзіўся Юрый Тынянаў (руск. Юрий Тынянов, памёр 20 снежня 1943), рускі пісьменнік, драматург, літаратуразнаўца, перакладчык. Быў удзельнікам Таварыства па вывучэнні паэтычнай мовы (ОПОЯЗ), дзе разам з В. Шклоўскім і Б. Эйхенбаўмам стварыў “фармальны метад” і стаў адным з лідараў фармалістычнай школы ў навуковым літаратуразнаўстве. У літаратурнай творчасці аддаваў перавагу гістарычнаму жанру. Шырока вядомыя яго першы раман “Кюхля” (1925) пра ліцэйскага сябра Пушкіна, паэта-дзекабрыста В. Кюхельбекера і раман пра апошні год жыцця Грыбаедава “Смерць Вазір-Мухтара” (1929). Хвароба на рассеяны склероз не дала пісьменніку скончыць раман пра Пушкіна (“Пушкін”), былі напісаныя толькі 2 часткі — пра дзяцінства і юнацтва паэта. Акрамя гістарычных раманаў і аповесцяў Тынянаў выдаў таксама кнігу перакладаў Ж. Дзюамеля і тры кнігі вершаў Г. Гайнэ. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, пісьменнік быў майстрам вуснага аповеду і акторскай пародыі.
Нарадзіўся Кір Булычоў (руск. Кир Булычёв, сапр. Ігар Мажэйка; памёр 5 верасня 2003), савецкі пісьменнік-фантаст, навуковец-арыенталіст, сцэнарыст. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1982) за сцэнары да фільма “Праз церні да зораў” (“Через тернии к звёздам”) і поўнаметражнага мультфільма “Таямніца трэцяй планеты” (“Тайна третьей планеты”). Аўтар аповесці “Сто гадоў таму наперад” (“Сто лет тому вперёд”, 1977), паводле якой зняты папулярны ў 1980-х гг. дзіцячы фільм “Госця з будучыні”. Доўгі час пісьменнік хаваў сваё сапраўднае імя, бо баяўся, што яго звольняць з працы (Інстытут усходазнаўства) за нібы несур’ёзную справу — напісанне фантастыкі. Падчас уручэнні Дзяржпрэміі імя давялося раскрыць, але звальнення не адбылося.
Памёр Хасэ Артэга-і-Гасэт (гішп. José Ortega y Gasset, нар. 9 траўня 1883), гішпанскі філосаф-экзістэнцыяліст і пісьменнік, найбольш вядомы творамі “Паўстанне масаў” (Rebelión de las Masas, 1929), “Дэгуманізацыя мастацтва” (La deshumanizacion del arte, 1925).
Памёр Вірхільё Піньера (гішп. Virgilio Piñera Llera, нар. 4 жніўня 1912), кубінскі паэт, драматург, празаік і перакладчык. У 1946—1958 гг. жыў у Аргентыне, дзе сябраваў і супрацоўнічаў з Х. Борхесам і В. Гамбровічам. Пераклаў на гішпанскую раман “Фердыдурке”, таксама перакладаў творы М. Пруста, А. Жыда, Ж. Жыяно і інш. У 1970-я — 1980-я гг. пераследаваўся ўладамі за незалежныя погляды і гомасэксуалізм, яго творы нідзе не друкавалі, а самога пісьменніка не выпускалі за мяжу. Тым не менш, у Францыі былі апублікаваныя “Абыякавыя апавяданні” (Cuentos fríos, 1970), яго проза і п'есы друкаваліся і ставіліся ў Гішпаніі, Аргентыне, ЗША. Творчасць Піньеры значна паўплывала на маладое пакаленне аўтараў Лацінскай Амерыкі.
Памёр Пятро Бітэль (нар. 19 чэрвеня 1912), беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік. Аўтар паэмаў "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984). Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай" (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш.