Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джонатан Свіфт (анг. Jonathan Swift, нар. 30 лістапада 1667), англа-ірландскі пісьменнік, сатырык, грамадскі дзеяч. Быў настаяцелем сабора святога Патрыка ў Дубліне, абараняў правы простых ірландцаў. У свой час лічыўся майстрам палітычнага памфлета. Найбольш вядомы як аўтар кнігі “Падарожжы Гулівера” (The travels into several remote nations of the world by Lemuel Gulliver, first a surgeon, and then a captain of several ships, 1726).
Нарадзіўся Сяргей Палуян (памёр 20 красавіка 1910), беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнаўца. Пражыў кароткае, але насычанае жыццё. Супрацоўнічаў з украінскімі газетамі і “Нашай Нівай”. Менавіта Палуян адшукаў у архіве “Нашай Нівы” сшытак з вершамі Максіма Багдановіча і пераканаў рэдакцыю надрукаваць іх. Зборнік “Вянок” М. Багдановіча прысвечаны Палуяну. Яму таксама прысвечаная паэма “Курган” Я. Купалы і верш Ц. Гартнага. У 1986 г. быў выдадзены зборнік твораў С. Палуяна “Лісты ў будучыню”. Скончыў жыццё самагубствам (паводле афіцыйнай версіі).
Нарадзіўся Мігель Анхель Астурыяс (гішп. Miguel Ángel Asturias Rosales, памёр 9 чэрвеня 1974), гватэмальскі пісьменнік і дыпламат, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1967) і Міжнароднай Ленінскай прэміі “За ўмацаванне міру паміж народамі” (1966). Вучыўся ў Еўропе, дзе напісаў “Легенды Гватэмалы” (Leyendos de Guatemala, 1930) — паэтычную інтэрпрэтацыю міфалогіі мая. Адным з яго найлепшых твораў лічыцца раман “Маісавыя людзі” (Hombres de Maiz, 1946), у якім ён малюе чароўны свет індзейцаў мая і супрацьпастаўляе іх каштоўнасці прышлай лацінскай культуры.
Нарадзіўся Вінісіюш ды Мараіш (парт. Marcus Vinícius da Cruz de Melo Morais, памёр 9 ліпеня 1980), бразільскі паэт, аўтар песняў, драматург, дыпламат. Паводле яго п’есы “Арфей з Кансэйсаў” (Orfeu da Conceição, 1954) Марсэль Камю зняў фільм “Чорны Арфей”, які атрымаў Залатую пальмавую галіну Канскага кінафестывалю (1959) і прэмію “Оскар”. Падчас працы над пастаноўкай п’есы Мараіш пазнаёміўся з кампазітарам Антонію Карлушам Жабімам, плённая супраца з якім дала шмат песняў у новым тады жанры боса-нова, найбольш вядомай з якіх з’яўляецца “Дзяўчына з Іпанэмы” (Garota de Ipanema / Girl from Ipanema, 1962). Пасля Мараіш працаваў з многімі спевакамі і музыкамі Бразіліі і свету, агулам было запісана больш за 400 песняў. Памёр паэт ад алкагалізму. Пра любімы віскі ён выказваўся так: “Віскі — найлепшы сябар чалавека, гэта сабака ў бутэльцы”.
Памёр Лу Сінь (кіт. трад. 魯迅, спр. 鲁迅, сапр. Чжоу Шужэнь; нар. 25 верасня 1881), кітайскі пісьменнік, перакладчык, творчасць якога значна паўплывала на развіццё літаратуры і грамадска-палітычнай думкі Кітая першай паловы ХХ стагоддзя. Яго лічаць заснавальнікам сучаснай кітайскай літаратуры, найбольш яскравым прадстаўніком Руху 4 траўня. Найбольш вядомыя яго творы — “Дзённік вар'ята” (狂人日記 / 狂人日记 / Kuángrén Rìjì, 1918) і “Сапраўдная гісторыя А-К'ю” (阿Q正傳 / 阿Q正传 / AQ Zhèngzhuàn, 1921).
Памёр Барыс Жыткоў (руск. Борис Житков, нар. 11 верасня 1882), рускі пісьменнік, педагог, падарожнік і даследчык. Аўтар папулярных прыгодніцкіх апавяданняў і аповесцяў, твораў пра жывёл і рамана пра рэвалюцыю 1905 г.
Памерла Эдна Сэнт-Вінсэнт Мілэй (анг. Edna St. Vincent Millay, нар. 22 лютага 1892), амерыканская паэтка, драматург, феміністка, адна з самых знакамітых паэтаў ЗША ХХ стагоддзя, лаўрэат Пулітцэраўскай паэтычнай прэміі. Майстра санэту, балады, арыентавалася на класічныя традыцыі. У 1943 годзе атрымала медаль Роберта Фроста за значны ўнёсак у паэзію. Не хавала сваёй бісэксуальнасці і была вядомая як прыхільніца “свабоднага кахання”.
Памёр Анры Мішо (фр. Henri Michaux, нар. 24 траўня 1899), французскі паэт і мастак, аўтар кнігі запісак пра Усход “Варвар у Азіі” (Un barbare en Asie, 1933), якая была перакладзена на гішпанскую Х. Л. Борхесам, зборнікаў галюцынаторнай лірыкі і гратэскава-фантастычных вершаў у прозе “Унутраная прастора” (L’Espace du dedans, 1944), “Жыццё ў шчылінах” (La Vie dans les plis, 1949), “Тварам да засаўкі” (Face aux verrous, 1954), зборніка афарызмаў “Кутнія апоры” (Poteaux d’angle, 1971), шмат з якіх друкаваліся з аўтарскімі ілюстрацыямі. У 1964 г. адмовіўся ад Нацыянальнай літаратурнай прэміі Францыі.
Памерла Наталі Сарот (фр. Nathalie Sarraute, сапр. Наталля Чарняк; нар. 18 ліпеня 1900), французская пісьменніца, прызнаны класік французскай літаратуры XX стагоддзя. Нарадзілася ў габрэйскай сям’і ў Расіі. Да 40 гадоў працавала адвакатам. Творчасць Сарот засяроджаная на апісанні псіхічных рэакцый, перадачы тонкіх адценняў эмоцый і пачуццяў. Пазнейшым творам уласцівая адсутнасць сюжэту і канкрэтызацыі дзейных асобаў. Раманы “Між жыццём і смерцю” (Entre la vie et la mort, 1968), “Выкарыстанне слова” (L’Usage de la parole, 1980), “Ты сябе не любіш” (Tu ne t’aimes pas, 1989) перакладаліся больш чым на 30 моваў. На беларускую раман “Трапізмы” (Tropismes, 1939) пераклаў Зміцер Колас.