Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Адам Станіслаў Нарушэвіч (польск. Adam Stanisław Naruszewicz, памёр 6 ліпеня 1796), польска-беларуска-ўкраінскі (вялікалітоўскі) філолаг, гісторык, перакладчык, пісьменнік. Нарушэвіч адным з першых зрабіў пераклад Карнэлія Тацыта на славянскую мову (польскую), яго пераклад да цяперашняга часу лічыцца найлепшым у еўрапейскай літаратуры, а пераклады Гарацыя — самымі поўнымі і дасканалымі. Заснавальнік польскай школы гістарыяграфіі (г.зв. “школа Нарушэвіча”). Аўтар шматлікіх одаў, ідылій, сатырычных твораў.
Нарадзіўся Арцюр Рэмбо (фр. Jean Nicolas Arthur Rimbaud, памёр 10 лістапада 1891), французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму. Пачаў пісаць вершы ў 16 і кінуў у 20. Некаторы час меў блізкія стасункі з Полем Вэрленам, які дзеля яго кінуў жонку і малое дзіця. Разам яны падарожнічалі па Еўропе, але разышліся пасля таго, як Верлен, п’яны, стрэліў у Рэмбо, параніўшы яму руку. Хутка пасля гэтага Рэмбо вярнуўся дамоў і перастаў пісаць. Да гэтага выйшла тры яго зборнікі: “П’яны карабель” (Le bateau ivre, 1871), “Адно лета ў пекле” (Une Saison en Enfer, 1873) і “Азарэнні” (Les illuminations, 1874). Уплыў Рэмбо на літаратуру ХХ стагоддзя вельмі значны. Сімвалісты лічылі яго сваім папярэднікам, Віктор Гюго называў яго “Шэкспірам-дзіцем”, а Луі Арагон казаў, што развіццё французскай паэзіі прайшло “пад знакам уплыву Рэмбо”. На беларускую вершы Рэмбо перакладаў Андрэй Хадановіч.
Памёр сэр Рычард Фрэнсіс Бёртан (анг. Richard Francis Burton, нар. 19 сакавіка 1821), брытанскі вандроўнік, пісьменнік, лінгвіст, перакладчык, этнограф, дыпламат. Здабыў славу сваімі даследаваннямі Азіі і Афрыкі і выключным веданнем розных моваў і культураў. Паводле некаторых звестак, Бёртан валодаў дваццаццю дзевяццю мовамі, прычым розных моўных сем’яў. Пераклаў на ангельскую казкі “Тысячы і адной ночы”, а таксама Камасутру. Бёртана неаднаразова цытаваў у сваіх творах Х. Л. Борхес.
Памёр Наім Фрашэры (алб. Naim Frashëri, нар. 25 траўня 1846), албанскі паэт, празаік, выбітны дзеяч албанскага нацыянальнага адраджэння ХІХ ст., нацыянальны паэт Албаніі. Першыя вершы былі створаныя ім на персідскай мове, пісаў таксама на турэцкай, грэцкай і албанскай. Перакладаў французскіх аўтараў, “Іліяду” Гамэра. Найбольш вядомы яго вершаваны зборнік “Статкі і зерне” (Bagëti e Bujqësi, 1886).
Нарадзілася Эльфрыда Елінэк (ням. Elfriede Jelinek), аўстрыйская пісьменніца, літаратурны крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004). Таксама ўладальніца прэмій Г. Бёля (1986), Г. Бюхнера (1998), Г. Гайнэ (2002), Ф. Кафкі (2004). Асноўнымі тэмамі яе творчасці лічацца жаночая сэксуальнасць, гвалт, міжполавая барацьба. Найбольш вядомы яе твор — раман “Піяністка” ( Die Klavierspielerin, 1983), што быў экранізаваны рэжысёрам М. Ханэке і атрымаў тры галоўных прызы на Канскім кінафестывалі 2001 году.
Памёр Яўген Хлябцэвіч (псеўд. Халiмон з-пад Пушчы, нар. 6 жніўня 1884), беларускі бібліятэказнаўца, бібліёграф, літаратуразнаўца. Адзін з арганізатараў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургскім універсітэце ў 1912 г. У 1912 г. быў таксама адным з арганізатараў беларускага краязнаўчага таварыства пры Пецярбургскім універсітэце.