№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 кастрычніка

  • 1071

    Нарадзіўся Гільём Аквітанскі (фр. Guilhem IX le Troubadour de Peiteus d'A, памёр 10 лютага 1126), граф Пуацье, герцаг Аквітаніі, першы вядомы трубадур, прадзед Рычарда Львінае Сэрца. Лічыцца адным з пачынальнікаў правансальскай і еўрапейскай паэзіі наогул. Да нас дайшло адзінаццаць вершаў, якія трубадур напісаў на мове ок. Жыццяпіс ХІІІ стагоддзя гаворыць: “Граф Пуацье быў адным з самых куртуазных людзей на свеце і адным з самых вялікіх ашуканцаў дамаў, і быў ён слаўным рыцарам, галантным і шчодрым; і добра складаў і спяваў...”

  • 1870

    Нарадзіўся Іван Бунін (памёр 8 лістапада 1953), рускі празаік, паэт, ганаровы акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук (1909), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1933 году. У 1920 годзе эміграваў у Францыю, назаўжды пакінуўшы Расію. У перыяд эміграцыі Бунін напісаў цыкл навелаў “Цёмныя прысады”, аўтабіяграфічны раман “Жыццё Арсеннева” і інш. Пазней былі напісаныя кнігі пра Л. Талстога (1937) і А. Чэхава (1955), кніга “Успаміны” (1950). У 1929—1954 творы Буніна ў СССР не выдаваліся. З 1955 году Бунін — найбольш выдаваны ў СССР пісьменнік першай хвалі эміграцыі (некалькі зборнікаў, мноства аднатомнікаў). Некаторыя творы Буніна ў СССР надрукавалі толькі падчас перабудовы.

  • 1883

    Памёр Томас Майн Рыд (анг. Thomas Mayne Reid, нар. 4 красавіка 1818), ірландска-амерыканскі пісьменнік. Бацька будучага аўтара прыгодніцкіх раманаў быў пастарам. Атрымаўшы адукацыю ў Белфасце, Майн Рыд вырашае ехаць у ЗША, дзе як журналіст удзельнічае ў Мексіканскай вайне 1846—1848 гадоў. Гэтыя падзеі былі пакладзеныя ў аснову шэрагу раманаў, у тым ліку “Вершніка без галавы” (The Headless Horseman). Атрыманае на вайне раненне сталася вынікам таго, што апошнія гады жыцця Майн Рыд не мог рухацца без мыліцаў. У Савецкім Саюзе карыстаўся папулярнасцю, у той час як ў Ірландыі і ЗША ў ХХ ст. быў ужо амаль невядомы.

  • 1897

    Памёр Карл Андэрс Кульберг (шведск. Carl Anders Kullberg, нар. 26 кастрычніка 1815), шведскі паэт і празаік. Яшчэ студэнтам Кульберг быў вядомы сваімі вершамі і атрымаў дзве прэміі Шведскай акадэміі за “Стварэнне жанчыны” (Kvinnans skapelse) і “Санэты для Юліі” (Sonetter till Julia), якія ўвайшлі ў яго зборнік “Вершы” (Dikter), добра прыняты чытачамі. Цікавіўся італьянскай літаратурай, перакладаў яе на шведскую мову, што таксама было ацэнена высока: сярод яго ўзнагародаў за пераклады можна вылучыць Каралеўскую прэмію.

  • 1919

    Нарадзілася Дорыс Лесінг (анг. Doris May Lessing), брытанская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2007 год “за поўнае скепсісу, жарстці і празорчай сілы разуменне досведу жанчын”. Лесінг прытрымліваецца ідэй фемінізму. Аўтар 5 раманаў з серыі “Канопус ў Аргосе” (Canopus in Argos: Archives, 1979—1982), раманаў “Трава спявае” (The Grass is Singing, 1950), “Залаты нататнік” (The Golden Notebook, 1962), “Добры тэрарыст” (The Good Terrorist, 1985), мноства апавяданняў “Афрыканскія гісторыі” (African Stories, 1964), “Звычка любіць” (The Habit of Loving, 1958), “Мужчына і дзве жанчыны” (A Man and Two Women, 1963) і інш.

  • 1927

    Памёр Барысаў Станкавіч (сербск. Борисав Бора Станковић, нар. 31 сакавіка 1876), сербскі празаік, які пісаў у рэчышчы рэалізму. Самыя вядомыя яго творы — раман “Нячыстая кроў” (Nečista krv) і драма “Каштана” (Koštana), многія сцэны ў якой пазычаныя з сербскага фальклору і дзе адлюстраваныя сербскія патрыярхальныя традыцыі. П’еса ставіцца ў тэатрах Сербіі да сёння, апроч гэтага, сербскі кампазітар Петар Канёвіч (Petar Konjović) напісаў паводле яе оперу.

  • 1954

    Памёр Освалд дэ Андрадэ (парт. José Oswald de Sousa de Andrade, нар. 11 студзеня 1911), бразільскі пісьменнік, тэарэтык культуры, адзін з лідараў бразільскага мадэрнізму. Аўтар знакамітага “Канібальскага маніфесту” (Manifesto Antropófago, 1928), у якім бразільская культура акрэсліваецца як “канібальская” ў дачыненні да астатніх культураў. “Канібалізм” бразільскай культуры разглядаецца Андрадэ як спосаб сцвердзіць сябе ва ўмовах посткаланіяльнага дамінавання культуры еўрапейскай і ілюструецца знакамітым радком “Tupi or not Tupi: that is the question” (тупі, альбо тупінамба — этнічная супольнасць бразільскіх індзейцаў, якія практыкавалі канібалізм, бо лічылі, што разам з мясам ворага атрымліваюць ягоную сілу): абыгрываючы шэкспіраўскую цытату, радок адначасова “есць” Шэкспіра.

  • 1995

    Памёр сэр Кінгслі Эміс (анг. Kingsley William Amis, нар. 16 красавіка 1922), ангельскі пісьменнік, крытык. Быў адным з лідараў літаратурнай плыні 1950-х гадоў “раззлаваных маладых людзей”. Лаўрэат прэміі С. Моэма за раман “Шчасліўчык Джым” (Lucky Jim, 1954) і Букераўскай прэміі за раман “Старыя чэрці” (The Old Devils, 1986). Акрамя раманаў выдаў 6 зборнікаў паэзіі, пісаў мемуары, апавяданні, сцэнары для радыё і тэлебачання, крытычныя працы. У 2008 The Times паставіў Эміса на дзявятае месца сярод 50 найбольш значных брытанскіх пісьменнікаў пачынаючы з 1945 году.