№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 28 кастрычніка

  • 1467

    Паводле іншых звестак, у 1465, нарадзіўся Эразм Ратэрдамскі (лац. Erasmus Roterodamus, сапр. Герт Гертс; памёр 12 ліпеня 1536), нідэрландскі мысляр-гуманіст, пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Парыжскім універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Францыі, Італіі, Германіі, Швейцаріі, развіваючы ідэі гуманізму і вальнадумства. Яго літаратурная спадчына ўключае творы па філасофіі і багаслоўі, этычныя і педагагічныя трактаты, навучальныя дапаможнікі і анталогіі антычнай мудрасці, сатырычныя дыялогі і лірычныя вершы. Шмат часу Эразм Ратэрдамскі аддаў перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці. Трактат Эразма “Пахвала дурасці” (Moriae Encomium, sive Stultitiae Laus, 1509) на беларускую мову пераклаў Уладзімір Шатон.

  • 1523

    У Кракаве выйшла з друку паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.

  • 1787

    Памёр Ёган Карл Аўгуст Музэўс (ням. Johann Karl August Musäus, нар. 29 сакавіка 1735), нямецкі пісьменнік, літаратурны крытык, філолаг і педагог. Аўтар пяцітомнага зборніка літаратурных казак “Народныя казкі немцаў”.

  • 1793

    Нарадзіўся Сіманас Даўкантас (літ. Simonas Daukantas, польск. Szymon Dowkont, памёр 6 снежня 1864), літоўскі гісторык і пісьменнік-асветнік, збіральнік фальклору, адзін з першых ідэолагаў літоўскага нацыянальнага адраджэння. Аўтар першых працаў па гісторыі Літвы, напісаных на літоўскай мове.

  • 1903

    Нарадзіўся Іўлін Во (анг. Evelyn Arthur St. John Waugh, памёр 10 красавіка 1966), ангельскі пісьменнік. Вучыўся ў прывілеяванай прыватнай школе Шэрбан, але яму прапанавалі сысці перад заканчэннем, калі ён апублікаваў раман "The Loom of Youth", у якім закрануў пытанне гомасэксуальных стасункаў паміж студэнтамі і які быў прызнаны небяспечным для рэпутацыі школы Шэрбан. Асабліва вядомы Во сваімі сатырычнымі раманамі “Заняпад і крах” (Decline and Fall, 1928), “Агідная плоць” (Vile Bodies, 1930), “Незабыўная” (The Loved One, 1947), у якіх прысутнічаюць уласцівыя аўтару элементы чорнага гумару.

  • 1969

    Памёр Карней Чукоўскі (руск. Корней Чуковский, сапр. Мікалай Карнейчукоў; нар. 31 сакавіка 1882), рускі пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца і перакладчык. У 1930-я гады Чукоўскі шмат займаўся тэорыяй мастацкага перакладу і ўласна перакладамі на рускую мову (М. Твэн, О. Ўайлд, Р. Кіплінг і інш.), у тым ліку ў выглядзе пераказаў для дзяцей. Адным з любімых аўтараў Чукоўскага быў Ўолт Ўітмэн — праца над перакладамі Ўітмэна дапамагла яму перажыць смерць сына.

  • 1993

    Памёр Юрый Лотман (руск. Юрий Лотман, нар. 28 лютага 1922), рускі літаратуразнаўца, культуролаг і семіётык. Пасля заканчэння ўніверсітэта да канца жыцця жыў і працаваў у Эстоніі, у Тартускім універсітэце ў сувязі з больш ліберальнай атмасферай у эстонскіх акадэмічных колах. Напісаў шэраг навуковых працаў, прысвечаных рускай літаратуры і тэорыі літаратуры.

  • 1998

    Памёр Тэд Х’юз (анг. Ted Hughes, нар. 17 жніўня 1930), ангельскі паэт. З 1984 і да канца жыцця быў брытанскім паэтам-лаўрэтам (прыдворным паэтам). Быў жанаты з амерыканскай паэткай Сільвіяй Плат, у самагубстве якой яго некаторыя абвінавачвалі. Апошні яго зборнік, “Лісты на дзень народзінаў” (Birthday Letters, 1998) быў прысвечаны іх складаным адносінам. Неўзабаве пасля выхаду кнігі Х’юз памёр ад раку. Акрамя ўласнай творчасці Х’юз плённа займаўся перакладамі: пераклаў “Метамарфозы” Авідыя, “Федру” Расіна, “Крывавае вяселле” Ф. Г. Лоркі і інш.