Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джозэф Пулітцэр (анг. Joseph Pulitzer, сапр. Jozsef Politzer; нар. 10 красавіка 1847), амерыканскі выдавец габрэйскага паходжання, журналіст, родапачынальнік жанру “жоўтай прэсы”. Нарадзіўся ў Венгрыі. Яшчэ ў 1904 годзе Пулітцэр склаў тэстамент, у якім ахвяраваў два мільёны даляраў Калумбійскаму ўніверсітэту. Тры чвэрці гэтых грошай прызначаліся на стварэнне вышэйшай школы журналістыкі, а астатняя сума — на прэміі для амерыканскіх журналістаў. Ён завяшчаў прызначыць чатыры прэміі за журналістыку, чатыры — за дасягненні ў галіне літаратуры і драмы, чатыры “рухомыя” прэміі ― за розныя дасягненні ў гуманітарнай галіне і адну прэмію ― за ўнёсак у адукацыю. Пулітцэраўскую прэмію пачалі ўручаць з 1917 году.
Нарадзіўся Збігнеў Герберт (польск. Zbigniew Herbert, памёр 28 ліпеня 1998), польскі паэт, драматург, эсэіст. Па-беларуску выйшаў зборнік паэзіі Герберта “Рапарт з гораду ў аблозе” (2006), а таксама двухтомнік “Рэканструкцыя паэта” (вершы, п’еса) і “Спроба апісання” (эсэ, 2009). “ARCHE” №10 за 2008 год быў прысвечаны асобе Герберта.
Памерла Фрэнсіс Эліза Барнэт (анг. Frances Eliza Hodgson Burnett, нар. 24 лістапада 1849), ангельская пісьменніца. Найбольш вядомая сваімі творамі для дзяцей, сярод якіх “Маленькі лорд Фаўнтлерой” (Little Lord Fauntleroy, 1886), “Маленькая прынцэса” (A Little Princess, 1905), “Таемны сад” (The Secret Garden, 1909) і інш. Лаўрэат прэміі Льюіса Кэрала за раман “Таемны сад”.
У Мінску расстраляныя шматлікія дзеячы культуры, асветы і дзяржаўнага апарату Беларусі, усяго каля 100 чалавек, з іх 23 літаратары.
Расстраляны Анатоль Вольны (сапр. Анатоль Ажгірэй, псеўд. і крыпт. А. В.; Акша; Алёша; В.Анатолий; Анатолий Вольный; нар. 2 снежня 1902), беларускі паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. У 1920—1930-х быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 — у літаб'яднанні “Маладняк”, а з 1928 — у “Полымі”. Сябра СП БССР (з 1934). Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе. Арыштаваны 4 лістапада 1936 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра контррэвалюцыйнай аpганізацыі”. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны 3 снежня 1957.
Расстраляны Юрка Лявонны (сапр. Леанід Юркевіч, нар. 16 ліпеня 1908), беларускі паэт. Пры жыцці паэта былі выдадзеныя яго зборнікі “Камсамольскія вершы”, “Штурм” (1930), “Жалезныя віхуры”, “Разбег” (1931), “Стала і мужна” (1932), зборнік нарысаў “Крок пяцігодкі” (1931). Разам з С. Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Ж. Вэрна “80 000 кіламетраў пад вадой” (1937). Арыштаваны ў 1936 і расстраляны як “сябра шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі”. Адзіны з падследных, хто не пацвердзіў, што Цішка Гартны — “контррэвалюцыянер”, “нацдэм” і г.д.
Расстраляны Платон Галавач (нар. 18 красавіка 1903), беларускі пісьменнік. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Дробязі жыцця” (1927), “Хочацца жыць” (1930), “Апавяданні” (1934), рамана “Праз гады” (1935, перавыдадзены ў 1936, 1984). У розны час рэдагаваў часопісы “Маладняк”, “Полымя”. Арыштаваны і асуджаны на расстрэл пазасудовым органам НКУС як “арганізатар тэрарыстычнай групоўкі” і за “правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці”. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Расстраляны Міхась Чарот (сапр. Міхаіл Кудзелька, нар. 7 лістапада 1896), беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 утварылася з сябраў “Маладой Беларусі”. У 1923 удзельнічаў у стварэнні літаб'яднання “Маладняк”, з якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў сябрам літаб'яднання “Полымя”, потым уступіў у БелАПП. Дэбютаваў у друку ў 1919. Аўтар зборнікаў паэзіі “Завіруха” (1922), “Босыя на вогнішчы” (паэма, 1922), “Выбраныя вершы” (1925) і інш. Апублікаваў п'есы “Мікітаў лапаць” (1923), “Дажынкі”, аднаактоўку “Сон на балоце” (1924) і інш. Напісаў музычную драму “На Купалле” (пастаўленая ў 1921). Паводле аповесці “Свінапас” напісаў з Ю. Тарычам сцэнар першага мастацкага фільма “Лясная быль” (пастаўлены ў 1926). Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “агент польскай разведкі”. Апошні верш “Прысяга” (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і запомніў М. Хведаровіч. Рэабілітаваны 8 снежня 1956.
Расстраляны Васіль Каваль (сапр. Васіль Кавалёў, нар. 17 жніўня 1907), беларускі пісьменнік. З 1925 уваходзіў у літаб'яднанне “Маладняк”. У друку пачаў выступаць з 1925. Дэбютаваў вершамі і лірычнымі замалёўкамі. Для дзяцей напісаў аповесці “Санька-сігналіст” (1934), “Следапыты” (1936). На беларускую мову пераклаў паасобныя творы А. Чэхава, М. Горкага, Б. Лаўранёва, К. Станюковіча, І. Мікітэнкі, І. Лэ, М. Канапніцкай і інш.
Расстраляны Валерый Маракоў (нар. 27 сакавіка 1909), беларускі паэт і перакладчык. Дэбютаваў вершамі ў чэрвені 1925. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пялёсткі” (1926), “На залатым пакосе” (1927), “Вяршыні жаданняў” (1930), “Права на зброю” (1933), “Лірыка” (1959), “Вяршыні жаданняў” (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Рэабілітаваны 23 красавіка 1957.
Расстраляны Міхась Зарэцкі (сапр. Міхаіл Касянкоў, нар. 20 лістапада 1901), беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 — сябра літаб'яднання “Маладняк”. У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання “Полымя”. Аўтар зборнікаў апавяданняў “У віры жыцця” (1925), “Пела вясна” (1925), “Пад сонцам” (1926) і інш., аповесці “Голы звер” (1926), раманаў “Сцежкі-дарожкі” (1928), “Вязьмо” (1932), кніг нарысаў “Падарожжа на новую зямлю” (1929), “Лісты ад знаёмага” (1931). Аўтар п'ес “Сымон Карызна” (1935), “Ная” (1936) і інш., а таксама кінасцэнару “Пачатак шчасця”. Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма “Рагнеда” (1929), працяг рамана “Крывічы”. Пераклаў на беларускую мову раман “Цэмент” Ф. Гладкова (1930), “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Я. Гашака (ч. 1, 1931). Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы “Два экзамены (да пытання аб тэатральнай крытыцы)”, “Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (да крытыкі тэматычнага плана”). Выступленні М. Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “актыўны сябра нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі”. Рэабілітаваны 7 снежня 1957.
Расстраляны Алесь Дудар (сапр. Аляксандр Дайлідовіч, псеўд. і крыпт. Т. Глыбоцкі; Тодар Глыбоцкі; Ал.Д.; Т.Г.; Т.Г-кі; Арцём Яроцкі; нар. 24 снежня 1904), беларускі паэт, крытык, перакладчык. У 1923 — адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філіяў “Маладняка”. У снежні 1927 выйшаў з “Маладняка” і далучыўся да новага аб'яднання “Полымя”. Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і кніг перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моваў. Пераклаў некаторыя творы А. Пушкіна, “Дванаццаць” А. Блока, урыўкі з “Фаўста” Гётэ, творы С. Ясеніна, Б. Пастарнака, Г. Гайнэ і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі “Выбраныя вершы” С. Стандэ (1932), “Вільгельм Тэль” Ф. Шылера (1934), “Жаніцьба Фігаро” П. Бамаршэ (1936) і інш. За верш “Пасеклі наш край папалам…” арыштаваны ДПУ 20 сакавіка 1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22 ліпеня 1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Трэці раз арыштаваны 31 кастрычніка 1936 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Рэабілітаваны 21 верасня 1957.
Расстраляны Васіль Сташэўскі (нар. 23 сакавіка 1895), беларускі драматург і празаік. Друкаваўся з 1923 году, першую п’есу “На другі дзень” апублікаваў у 1926 годзе. Надрукаваў больш за 20 п’есаў.
Расстраляны Тодар Кляшторны (нар. 23 сакавіка 1903), беларускі паэт і перакладчык. Вучыўся на рабфаку ў Оршы. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (1931). Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП. Восенню 1936 быў арыштаваны і ў 1937 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар паэтычных зборнікаў “Кляновыя завеі”, “Ветразі”, “Праз шторм на штурм”, “Светацені” (1928), паэмаў “Палі загаманілі” (1930) і “Калі асядае муць”. Перакладаў на беларускую мову творы У. Маякоўскага, М. Асеева, А. Безыменскага, М. Галоднага, А. Лахуці, Л. Первамайскага. На вершы Кляшторнага напісаныя песні кампазітарамі М. Равенскім, І. Івановым.
Расстраляны Юлій Таўбін (нар. 15 верасня 1911), беларускі паэт і перакладчык. Выдаў пяць зборнікаў паэзіі. Арыштаваны ў канцы лютага 1933 г. Асуджаны на 2 гады высылкі (паводле звестак В. Куляшовай, “повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку”). Тэрмін адбываў у Цюмені. Перакладаў творы Г. Гайнэ, У. Маякоўскага на беларускую, творы ангельскіх паэтаў — на беларускую і рускую. 4 лістапада 1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. Выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 29 жніўня 1956. Незадоўга да другога арышту Таўбін паслаў у Ленінградскае выдавецтва “Художественная литература” пераклады вершаў Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, Ўільяма Батлера Ейтса і іншых паэтаў. Яны ўвайшлі ў кнігу М. Гутнера “Анталогія новай ангельскай паэзіі” (Ленінград, 1937), якая выйшла праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта.
Нарадзіўся Дэвід Рэмнік (анг. David Remnick), амерыканскі журналіст, пісьменнік і рэдактар. Рэпарцёр газеты The Washington Post, карэспандэнт. Лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 1994 году за кнігу “Маўзалей Леніна: апошнія дні савецкай імперыі” (Lenin's Tomb: The Last Days of the Soviet Empire). З 1998 году ― галоўны рэдактар часопіса The New Yorker.