Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джон Кітс (анг. John Keats, памёр 23 лютага 1821), адзін з найвялікшых ангельскіх паэтаў-рамантыкаў. Паводле адукацыі доктар. Разам з Байранам і Шэлі быў адной з ключавых фігураў малодшага пакалення рамантыкаў (т.зв. “школы кокні”). Прынёс у ангельскі рамантызм новы для таго часу элемент элінізму, культ прыгажосці. Кітсу належаць паэмы “Сон і паэзія” (Sleep and Poetry, 1816), “Эндыміён” (Endymion, 1818), “Гіперыён” (Hyperion, 1820) і інш., оды, вершы. Тры з шасці т.зв. “вялікіх одаў” Кітса пераклала на беларускую Ганна Янкута, некаторыя вершы — Я. Семяжон.
Нарадзіўся Карэл Гаўлічак-Бароўскі (чэшск. Karel Havlíček Borovský, памёр 29 ліпеня 1856), чэшскі паэт, публіцыст, палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў чэшскай журналістыкі, сатыры і літаратурнай крытыкі. Вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе (1838—1840), затым у духоўнай семінарыі, з якой быў выключаны за вальнадумства (1841). Вывучэнне моваў, літаратуры і гісторыі славянскіх народаў зблізіла яго з філолагам і паэтам П. Шафарыкам. Працаваў хатнім настаўнікам у Маскве, па вяртанні на радзіму заняўся публіцыстыкай, рэдагаваў газету Pražské noviny і літаратурны дадатак да яе Česka včela. Літаратурныя творы Гаўлічка-Бароўскага распаўсюджваліся збольшага ў спісах. Напісаў каля 78 эпіграмаў, пераклаў на чэшскую “Мёртвыя душы” і “Вія” Гогаля, “Казачую калыханку” Лермантава. Асноўныя творы — “Кутнагорскія лісты” (Epištoly kutnohorské), “Цірольскія элегіі” (Tyrolské elegie, паэма; 1852, надр. 1861), “Кароль Лаўра” (Král Lávra, 1854, надр. 1870).
Выйшаў зборнік Артура Конана Дойла “Прыгоды Шэрлака Холмса”.
Нарадзіўся Жан Амеры (ням. Jean Améry, народжаны Ханс (Хаім) Маер; памёр 17 кастрычніка 1978), аўстрыйскі пісьменнік, журналіст, кінакрытык. Вывучаў у Вене філасофію і літаратуру, быў блізкі да Венскага філасофскага гуртка, друкаваўся ў літаратурным часопісе Die Brücke. Пасля Аншлюсу эміграваў у Францыю, у 1941 — у Бельгію. Далучыўся да Супраціву, у ліпені 1943 быў арыштаваны гестапа за антынацысцкую прапаганду, падвяргаўся катаванням ў бельгійскім лагеры-крэпасці Брэендонк. Быў вязнем лагераў Аўшвіц, Бухенвальд, Берген-Бельзэн, вызвалены ў красавіку 1945. Пасля вайны вярнуўся ў Брусэль, узяў псеўданім, перарабіўшы ўласнае імя на французскі манер, доўгі час не хацеў ні пісаць па-нямецку, ні расказваць пра лагерны досвед, ні вяртацца на нямецкую зямлю. Аўтар кніг “Моладзевыя зоркі: Ідалы нашага часу” (1960), “Зачараваныя джазам” (1961), “Герхарт Гаўптман. Вечны немец” (1963). У 1964, саступіўшы просьбам пісьменніка Хельмута Хайсэнбютэля, які працаваў на радыё Паўднёвай Германіі, Амеры выступіў з тэкстам пра лёс інтэлектуалаў у канцлагеры. Гэта паклала пачатак яго працы над кнігай “За межамі віны і выкуплення”, якая выйшла ў 1966 і да сёння застаецца адной з галоўных кніг пра канцлагеры і Халакост. Другая з найбольш вядомых кніг Амеры — “Самагубства” (1976; праз два гады ён забіў сябе ў зальцбургскім гатэлі, прыняўшы смяротную дозу барбітуратаў). Пахаваны ў Вене.
Нарадзіўся Вітаўтас Дэкшніс (літ. Vytautas Dekšnys), літоўскі паэт і перакладчык. У 2005 годзе выдаў паэтычны зборнік “Выключэнні” (Iszimtys), за які ў 2006 на прэстыжным паэтычным фестывалі ў Друскеніках атрымаў прэмію “Малады яцвяг”. Перакладае мастацкую літаратуру і публіцыстыку з польскай, латышскай, украінскай, беларускай і іншых цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх моваў. Так, дзякуючы яму на літоўскай мове загучалі творы Міхася Баярына, Андрэя Адамовіча, Віктара Жыбуля, Марыйкі Мартысевіч. Творы самога В. Дэкшніса перакладзеныя на латышскую, славенскую, ангельскую. На беларускую мову вершы Дэкшніса перакладаў Андрэй Хадановіч.
Памёр Сяргей Пятроў (руск. Сергей Петров, нар. 7 красавіка 1911), рускі паэт, празаік і перакладчык. Вучыўся ў Казанскім усходнім педагагічным інстытуце, датэрмінова скончыў факультэт мовазнаўства і матэрыяльнай культуры Ленінградскага ўніверсітэта (аддзяленне заходнееўрапейскіх моваў і літаратураў). Арыштаваны 28 лютага 1933 году, высланы ў сяло Бірылюсы Заходне-Сібірскага краю, з таго часу арыштоўваўся неаднакроць, адседзеў тры гады ў турме і сямнаццаць гадоў правёў у сібірскай высылцы, выкладаючы на пасяленні замежныя мовы. Латышскую вывучыў ад непісьменнага сукамерніка-латыша, гішпанскую — атрымаўшы замову з выдавецтва на пераклад Франсіска Кеведа (і прыдумаў з гэтай нагоды жартоўнае двухрадкоўе: “Переведу Кеведо я, испанского не ведая”). Агулам ведаў больш за два дзясяткі моваў, на палове з іх пісаў арыгінальныя вершы. Перакладаў на рускую мову творы Райнэра Марыі Рыльке, Баляслава Лесьмяна, Поля Валеры, Карла Міхаэля Бельмана, Роберта Бэрнса, Вальтэра Скота, Дж. Г. Байрана, Ганса Сакса, Фрыдрыха Гёльдэрліна, Тэафіля Гацье, Клемана Маро, Шарля Леконта дэ Ліля, Серэна К’еркегора, паэзію скальдаў і многіх іншых. Калі пераклады Пятрова выдаваліся неаднакроць, хоць далёка не ўсе, арыгінальную яго творчасць пачалі адкрываць толькі цяпер. На сённяшні дзень у расійскім выдавецтве “Водолей” выйшлі тры тамы паэтычных твораў Пятрова, прычым ні адзін з твораў трэцяга тома дагэтуль ніколі нідзе не друкаваўся.