№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 7 лістапада

  • 1838

    Нарадзіўся Філіп Агюст Вілье дэ Ліль-Адан (фр. Jean-Marie-Matthieu-Philippe-Auguste Villiers de l’Isle Adam, памёр 19 жніўня 1889), французскі паэт-сімваліст. Поль Вэрлен адносіў яго да “выклятых паэтаў”. У літаратуры Вілье дэ Ліль-Адан дэбютаваў у 1858 зборнікам “Дзве вершаваныя спробы” (Deux Essais de Poesie), затым перайшоў да драмы, рамана і навелы.

  • 1896

    Нарадзіўся Міхась Чарот (сапр. Міхаіл Кудзелька, расстраляны 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 утварылася з сябраў “Маладой Беларусі”. У 1923 удзельнічаў у стварэнні літаб'яднання “Маладняк”, з якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў сябрам літаб'яднання “Полымя”, потым уступіў у БелАПП. Дэбютаваў у друку ў 1919. Аўтар зборнікаў паэзіі “Завіруха” (1922), “Босыя на вогнішчы” (паэма, 1922), “Выбраныя вершы” (1925) і інш. Апублікаваў п'есы “Мікітаў лапаць” (1923), “Дажынкі”, аднаактоўку “Сон на балоце” (1924) і інш. Напісаў музычную драму “На Купалле” (пастаўленая ў 1921). Паводле аповесці “Свінапас” напісаў з Ю. Тарычам сцэнар першага мастацкага фільма “Лясная быль” (пастаўлены ў 1926). Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “агент польскай разведкі”. Апошні верш “Прысяга” (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і запомніў М. Хведаровіч. Рэабілітаваны 8 снежня 1956.

  • 1913

    Нарадзіўся Альбэр Камю (Albert Camus, памёр 4 студзеня 1960), французскі пісьменнік і філосаф, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў экзістэнцыялізму, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1957). Сярод найбольш значных яго твораў — аповесці “Чужаніца”, “Падзенне”, раман “Чума”, эсэ “Міф пра Сізіфа”. На беларускую Альбэра Камю перакладаў Зміцер Колас. У 2005 годзе ў серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” пабачыў свет зборнік выбраных твораў Камю па-беларуску.

  • 1923

    Нарадзіўся Аляксандр Дракахруст (памёр 14 лістапада 2008), беларускі рускамоўны паэт і перакладчык. Пераклаў на рускую шэраг вершаў і паэм М. Аўрамчыка, А. Астрэйкі, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, С. Гаўрусёва, С. Грахоўскага, А. Грачанікава, Е. Лось і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Аўтар кнігі выбраных перакладаў з беларускай мовы “Журавлиная стая” (1988).

  • 1940

    Нарадзіўся Антоніё Скaрмета (гішп. Esteban Antonio Skarmeta Vranicic), чылійскі пісьменнік харвацкага паходжання, сцэнарыст, педагог. Абараніў дысертацыю па філасофіі Хасэ Артэга-і-Гасэта, а таксама па навелістыцы Картасара. Узначальваў тэатр, выкладаў у Нацыянальным інстытуце і чылійскім універсітэце філасофію і літаратуру, працаваў на тэлебачанні. Дэбютаваў у 1967 кнігай навел. Заснаваў аддзяленне Інстытута Гётэ ў Чылі і літаратурную майстэрню Генрыха Бёля. З 1992 вёў кніжную праграму на тэлебачанні. Лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій, у т.л. прэміі ЮНЕСКА па дзіцячай літаратуры (2003).

  • 1948

    Памёр Хведар Ільяшэвіч (нар. 17 лютага 1910), беларускі паэт, журналіст, гісторык, палітычны дзеяч. Аўтар зборнікаў вершаў “Веснапесні” (1922), “Зорным шляхам” (1932) і “Захварбаваныя вершы” (1936), кнігі пра літаратурную творчасць Ядвігіна Ш., а таксама шматлікіх апавяданняў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій і перакладаў. Абараніў магістарскую дысертацыю на тэму “Друкарня дома Мамонічаў у Вільні” (1936). У 1944 годзе Ільяшэвіч планаваў выдаць у Беластоку найлепшыя творы беларускай літаратуры ў серыі “Беларуская народная бібліятэчка”, пераклады сусветнай класікі ў серыі “Бібліятэка перакладу”. Але праз наступ Чырвонай арміі летам 1944 году гэта не ажыццявілася, і Ільяшэвіч выехаў у Берлін.

  • 1954

    Нарадзіўся Гай Гэўрыел Кэй (анг. Guy Gavriel Kay), канадскі пісьменнік-фантаст, працуе ў жанры псеўдагістарычнага фэнтэзі.

  • 1990

    Памёр Лорэнс Дарэл (анг. Lawrence Durrell, нар. 27 лютага 1912), ангельскі пісьменнік, старэйшы брат пісьменніка-анімаліста Джэралда Дарэла. У 1933 годзе выходзіць (пад псеўданімам Гэфер Післейк) “Брома Бомбаст”, літаратурная пародыя на Бернарда Шоў. Нягледзячы на папулярнасць і прызнанне яго літаратурнага таленту ў свеце, на постсавецкай прасторы Лорэнс Дарэл больш вядомы па аўтабіяграфічных кнігах свайго брата.

  • 1992

    Памёр Валерый Пералешын (руск. Валерий Перелешин, нар. 20 ліпеня 1913), рускі паэт і перакладчык. Паходзіў са старажытнага польска-беларускага роду. У 1920 эміграваў з маці ў Харбін (Кітай), дзе скончыў гімназію і юрыдычны факультэт (1935), пасля чаго пачаў вывучаць кітайскую мову і кітайскае права. Першыя вершы апублікаваныя ў 1928, у канцы 1930-х у друку з'яўляюцца і пераклады з ангельскай і кітайскай. У 1938 прыняў манаскі пострыг пад імем Герман у Харбінскім Казанска-Багародскім манастыры. У 1946 атрымаў савецкае грамадзянства. Праз тры месяцы зняў з сябе сан. У 1950 вырашыў пераехаць на пастаяннае жыхарства ў ЗША, але быў высланы адтуль за спробу “стварэння кітайскай камуністычнай партыі” (пасля забарона была скасаваная). У 1953 перасяліўся ў Бразілію, дасканала авалодаўшы партугальскай мовай; усё наступнае жыццё пражыў у Рыё-дэ-Жанэйра, дзе выкладаў рускую мову, працаваў прадаўцом у ювелірнай краме і інш. Пры жыцці Пералешына апублікаваныя 14 (з іх апошні напісаны па-партугальску) зборнікаў арыгінальных вершаў, аўтабіяграфічная “Паэма без прадмета”, зборнікі перакладаў кітайскай і бразільскай паэзіі, пераклад старажытнакітайскага трактату “Дао Дэ Цзін” (асобныя выданні — 1994, 2000); многія вершы (у тым ліку напісаныя па-партугальску і па-ангельску) да сёння застаюцца нявыдадзенымі. Лічыцца адным з найбольш значных паэтаў рускага замежжа. Для яго вершаў характэрная класічная манера з арыентацыяй на цвёрдыя формы. Пералешын — майстар санэту, у 1960—1980 гг. стварыў мноства ўзораў гэтага жанру.

  • 2000

    Памёр Барыс Захадэр (руск. Борис Заходер, нар. 9 верасня 1918), рускі дзіцячы паэт, празаік, перакладчык, папулярызатар сусветнай дзіцячай класікі. Пераклаў на рускую мову казкі “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе” А. Мілна, “Мэры Попінс” П. Трэверс, “Пітэра Пэна” Дж. Бары, “Прыгоды Алісы ў Краіне Цудаў” Л. Кэрала, а таксама творы К. Чапэка, вершы Ю. Тувіма і Я. Бжэхвы.

  • 2005

    Памёр Міхаіл Гаспараў (руск. Михаил Гаспаров, нар. 13 красавіка 1935), рускі літаратуразнаўца і філолаг-класік, гісторык антычнай літаратуры і рускай паэзіі, перакладчык, вершазнаўца і тэарэтык літаратуры, аўтар фундаментальных працаў пра рускае і еўрапейскае вершаскладанне. Пераклаў на рускую мову шэраг антычных аўтараў (сярод іх Гарацый, Цыцэрон, Авідый, Арыстоцель і інш.), паэзію вагантаў, “Неўтаймоўнага Раланда” Арыёста і шмат іншага. Аўтар найгрунтоўнейшай працы “Нарыс гісторыі еўрапейскага верша” (1989).