№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 10 лістапада

  • 1483

    Нарадзіўся Марцін Лютэр (ням. Martin Luther, памёр 18 лютага 1546), нямецкі хрысціянскі тэолаг, ініцыятар Рэфармацыі, перакладчык Бібліі на нямецкую мову (1522—1542), у якім яму ўдалося зацвердзіць нормы агульнанямецкай нацыянальнай мовы.

  • 1730

    Нарадзіўся Олівер Голдсміт (анг. Oliver Goldsmith, памёр 4 красавіка 1774), ангельскі празаік, паэт і драматург ірландскага паходжання, яркі прадстаўнік сентыменталісцкай прозы, вядомы сваім сентыментальна-меладраматычным раманам “Вэкфілдскі святар” (The Vicar of Wakefield, 1766), паэтычнай антыідыліяй “Пакінутая вёска” (The Deserted Village, 1770), а таксама шэрагам п’есаў. Апошнім буйным творам Голдсміта быў фарс “Ноч памылак, альбо Знявага лепей за ганарыстасць” (1773); гэта была адзіная з п’есаў XVIII ст., якая не сыходзіла з ангельскай сцэны да самага XX ст. Ён лічыцца аўтарам класічнай дзіцячай казкі “Гісторыя цацы” (The History of Little Goody Two-Shoes”), з якой пайшло выслоўе “goody two-shoes” (“цаца”).

  • 1749

    Нарадзіўся Мацей Радзівіл (памёр 2 верасня 1800), вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург. Як драматург Мацей Радзівіл дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўленая опера “Агатка, або Прыезд пана” (лібрэта М.Радзівіла, музыка Я. Д. Голанда). У 1786 да імянін К. С. Радзівіла ў Альбе пад Нясвіжам пастаўленая опера “Войт альбанскага сялення” (лібрэта і музыка Мацея Радзівіла), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. Пісаў вершы. У творчасці Мацея Радзівіла сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамантычнымі тэндэнцыямі.

  • 1759

    Нарадзіўся Фрыдрых Шылер (ням. Johann Christoph Friedrich von Schiller, памёр 9 траўня 1805), нямецкі паэт, філосаф, гісторык і драматург, прадстаўнік рамантычнага кірунку ў літаратуры. Аўтар “Оды да радасці” (An die Freude, 1785), якая ў відазмененай версіі стала гімнам Еўрапейскага саюза. Увайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры як палымяны абаронца чалавечай асобы. Цягам апошніх сямнаццаці гадоў жыцця (1788—1805) Шылер сябраваў з ужо вядомым і ўплывовым Ёганам Вольфгангам Гётэ, з якім абмяркоўваў пытанні па эстэтыцы і натхняў Гётэ на заканчэнне твораў, пакінутых у чарнавых варыянтах. Гэты перыяд сяброўства двух паэтаў і іх літаратуразнаўчай палемікі ўвайшоў у нямецкую літаратуру пад назвай ваймарскага класіцызму.

  • 1838

    Памёр Іван Катлярэўскі (укр. Іван Котляревський, нар. 9 верасня 1769), украінскі пісьменнік, аўтар сатырычнай паэмы “Энеіда” (“Енеїда”) — першага мастацкага твора на сучаснай украінскай мове, адзін з ідэолагаў Асветніцтва ва Украіне, заснавальнік сучаснай украінскай літаратуры.

  • 1842

    Памёр Аляксей Кальцоў (руск. Алексей Кольцов, нар. 15 кастрычніка 1809), рускі паэт. Раннія паэтычныя спробы Кальцова ўяўляюць сабою перайманні вершаў Дзмітрыева, Жукоўскага, Пушкіна, Казлова, Хераскава і іншых паэтаў. Спробы пісаць у духу кніжнай паэзіі назіраюцца ў Кальцова да самай смерці, уперамешку з песнямі, ды і сярод апошніх некаторыя бліжэйшыя да кніжных формаў, чым да той спецыфічнай манеры, у якой бачныя асаблівасці кальцоўскага стылю. Іншы жанр паэзіі Кальцова — думы, якія формай падобныя да яго песняў, а паводле зместу ўяўляюць сабой своеасаблівую паэтычную філасофію.

  • 1851

    Памёр Ян Ходзька (нар. 24 чэрвеня 1777), беларускі пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Бацька Язэпа Ходзькі. У артыкуле ў часопісе Dzieje dobroczynnosci (1820, № 1) выказаўся за пашырэнне адукацыі сярод народа; ідэю народнай школы і асветы развіў у аповесці “Пан Ян са Свіслачы” (1821).

  • 1887

    Нарадзіўся Арнольд Цвайг (ням. Arnold Zweig, памёр 26 лістапада 1968), нямецкі пісьменнік. Лаўрэат літаратурнай прэміі Генрыха фон Кляйста. Яго самы вядомы твор — “Трагедыя унтэра Грышы” (Der Streit um den Sergeanten Grischa, 1927).

  • 1891

    Памёр Арцюр Рэмбо (фр. Jean Nicolas Arthur Rimbaud, нар. 20 кастрычніка 1854), французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму. Пачаў пісаць вершы ў 16 і кінуў у 20. Некаторы час меў блізкія стасункі з Полем Вэрленам, які дзеля яго кінуў жонку і малое дзіця. Разам яны падарожнічалі па Еўропе, але разышліся пасля таго, як Вэрлен, п’яны, стрэліў у Рэмбо, параніўшы яму руку. Хутка пасля гэтага Рэмбо вярнуўся дамоў і перастаў пісаць. Да гэтага выйшла тры яго зборнікі: “П’яны карабель” (Le bateau ivre, 1871), “Адно лета ў пекле” (Une Saison en Enfer, 1873) і “Азарэнні” (Les illuminations, 1874). Уплыў Рэмбо на літаратуру ХХ стагоддзя вельмі значны. Сімвалісты лічылі яго сваім папярэднікам, Віктор Гюго называў яго “Шэкспірам-дзіцем”, а Луі Арагон казаў, што развіццё французскай паэзіі прайшло “пад знакам уплыву Рэмбо”. На беларускую вершы Рэмбо перакладаў Андрэй Хадановіч.

  • 1894

    Нарадзіўся Георгій Іванаў (руск. Георгий Иванов, памёр 26 жніўня 1958), рускі паэт, празаік, перакладчык, адзін з найбуйнейшых паэтаў рускай эміграцыі. Пачаў выдавацца ў 1910 годзе, зрабіўся сталым супрацоўнікам часопіса “Апалон”, з 1917 году — сябра “Цэху паэтаў”. 26 верасня 1922 году выехаў у Германію, адкуль потым разам з жонкай, паэткай Ірынай Адоеўцавай, пераехаў у Парыж. Памёр у нястачы. У апошнія дзесяцігоддзі значнасць Іванава як паэта была сур’ёзна перагледжаная, і з 1989 году творы паэта выдаюцца на яго радзіме.

  • 1932

    Памёр Майроніс (літ. Maironis, сапр. Ёнас Мачуліс, нар. 2 лістапада 1862), літоўскі драматург, выбітны прадстаўнік літоўскага рамантызму, тэолаг, каталіцкі святар.

  • 1933

    Іван Бунін стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

  • 1942

    Памёр Сымон Баранавых (нар. 1 верасня 1900), беларускі празаік, дзіцячы пісьменнік. Выступаў у друку спачатку як селькор. Асноўная тэма творчасці — беларуская вёска і сацыяльныя працэсы, якія адбываліся там у 1920—1930-я. У 1927 апублікаваў першае апавяданне (газета “Чырвоная змена”). Выдаў зборнік апавяданняў “Злосць” (1930), аповесці “Чужая зямля” (1930), “Межы” (1930), “Новая дарога” (1936), аповесць для дзяцей “Пастка” (1935), раман “Калі ўзыходзіла сонца” (1957), “Дзве аповесці” (1967), “Новая дарога” (апавяданні, аповесці, раман, 1989). Загінуў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954 годзе.

  • 1995

    Пакараны смерцю Кен Сара-Віва (анг. Kenule “Ken” Beeson Saro-Wiwa, нар. 10 кастрычніка 1941), нігерыйскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Арганізатар кампаніі супраць разбурэння навакольнага асяроддзя ў раёне Агоні, за што ён і васьмёра яго прыхільнікаў былі павешаныя па загадзе нігерыйскіх уладаў.

  • 2001

    Памёр Кен Кізі (анг. Ken Elton Kesey, нар. 17 верасня 1935), амерыканскі пісьменнік, адзін з галоўных аўтараў біт-пакалення і пакалення хіпі. Шырока вядомы як аўтар рамана “Над зязюліным гняздом” (One Flew Over the Cuckoo's Nest, 1962), экранізаванага Мілашам Форманам у 1975. Быў арганізатарам і актыўным удзельнікам хіпаўскай камуны “Вясёлыя свавольнікі” (Merry Pranksters), якая ладзіла канцэрты-хэпенінгі пад назвай “Кіслотныя тэсты” з раздачай ЛСД усім ахвотным. Акрамя чатырох раманаў Кізі напісаў процьму эсэ і апавяданняў.

  • 2007

    Памёр Норман Мэйлер (анг. Norman Kingsley Mailer, нар. 31 студзеня 1923), амерыканскі пісьменнік, двойчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі і адзін з заснавальнікаў жанру, названага “новы журналізм” (раман, які складаецца з эсэ). Самы знакаміты раман Мэйлера — “Аголеныя і мёртвыя” (The Naked and the Dead) — расказвае пра Другую сусветную вайну. Сярод менш вядомых твораў пісьменніка — біяграфічная кніга “Гісторыя Освальда: Амерыканская таямніца” (Oswald's Tale: An American Mystery) пра забойцу Кенэдзі Лі Харві Освальда, які пэўны час жыў у Мінску.