№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 11 лістапада

  • 1493

    Нарадзіўся Бернарда Таса (іт. Bernardo Tasso, памёр 5 верасня 1569), італьянскі пісьменнік, бацька Тарквата Таса. Галоўны твор Бернарда Таса — паэма “Амадзіс”, напісаная пад уплывам Арыёста і з жаданнем зраўняцца з ім, якое не спраўдзілася. Заблытаную інтрыгу крыніцы твора (гішпанскі раман “Амадзіс Гальскі”) аўтар заблытвае яшчэ больш, нечакана пераходзячы ад аднаго сюжэту да іншага. Асноўную ролю ў творы адыгрываюць элементы цудоўнага, алегорыя і грувасткія параўнанні.

  • 1821

    Нарадзіўся Фёдар Дастаеўскі (руск. Фёдор Достоевский, памёр 9 лютага 1881), сусветна вядомы рускі пісьменнік і мысляр. Паходзіў з вялікалітоўскага (беларускага) шляхецкага роду Дастаеўскіх. У Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці дагэтуль застаецца вёска з назвай Дастоева, дзе раней знаходзіўся родавы маёнтак Дастаеўскіх. Сярод самых вядомых яго твораў — раманы “Злачынства і пакаранне”, “Браты Карамазавы”, “Д’яблы”, “Падлетак”, “Гулец” і іншыя.

  • 1855

    Памёр Сёрэн Абю К'еркегор (дацк. Søren Aabye Kierkegaard, нар. 5 траўня 1813), дацкі філосаф, пратэстанцкі тэолаг і пісьменнік. У процівагу нямецкаму класічнаму ідэалізму (а дакладней, кірунку, які надаў яму Гегель) настойваў на другаснасці рацыянальнасці і першаснасці чыстага існавання (экзістэнцыяльнасці), якое пасля пэўнага дыялектычнага шляху развіцця асобы павіннае знайсці свой сэнс у веры.

  • 1864

    Нарадзіўся Марыс Леблан (фр. Maurice-Marie-Emile Leblanc, памёр 6 лістапада 1941), французскі пісьменнік. Яго малодшая сястра была вядомай опернай спявачкай, жонкай Метэрлінка, сябравала з Жанам Както. Не зазнаўшы камерцыйнага поспеху сваімі апавяданнямі, Леблан пераключыўся на дэтэктывы. Стварыў вобраз Арсэна Люпэна, джэнтльмена-рабаўніка, “шляхетнага злачынца”. З 1907 па 1937 надрукаваў больш за 20 твораў з гэтым героем. За ўнёсак у французскую літаратуру Марыс Леблан атрымаў Ордэн Ганаровага легіёна.

  • 1913

    Нарадзіўся Вісарыён Гарбук (памёр 8 жніўня 1986), беларускі пісьменнік. Быў арыштаваны ў 1936 і высланы на Калыму, вызвалены ў 1940. Першы зборнік апавяданняў выйшаў у 1963 г. у Мінску. Перакладаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа (зборнік “Напітак волатаў”, Мн., 1969). У 1971 г. паводле яго апавядання “Твар у палоску” быў зняты тэлефільм.

  • 1922

    Нарадзіўся Курт Вонэгут (анг. Kurt Vonnegut, памёр 11 красавіка 2007), амерыканскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Індыянапалісе, штат Індыяна, у сям'і архітэктара. Ягоныя бацькі паходзілі з сем'яў нямецкіх перасяленцаў. У снежні 1944 году Вонэгут трапіў у нямецкі палон, а ў лютым 1945-га, яшчэ знаходзячыся ў палоне, стаў сведкам бамбавання Дрэздэна авіяцыяй саюзнікаў. Вонэгут быў адным з сямі амерыканскіх палонных, якія здолелі перажыць гэтае бамбаванне, схаваўшыся ў сутарэннях пад бойняй. Уражанні пра гэта адлюстраваныя ў розных творах, асабліва ў адным з самых вядомых раманаў Вонэгута “Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзетак”, перакладзеным на беларускую Паўлам Касцюкевічам.

  • 1928

    Нарадзіўся Карлас Фуэнтэс (гішп. Carlos Fuentes Macías), мексіканскі пісьменнік і журналіст, аўтар раманаў “Замаскаваныя дні” (1954), “Смерць Арцеміё Круса” (1962), “Адам у Эдэме” (2009), апошні прысвечаны праблеме гандлю наркотыкамі ў Мексіцы, і інш.

  • 1930

    Нарадзіўся Тадэвуш Новак (польск. Tadeusz Nowak, памёр 10 жніўня 1991), польскі паэт і празаік. Для вершаў і прозы Новака характэрны баладны лад, гратэскавая фантастыка, блізкасць да народных вераванняў і легендаў. Выдаў з каментарамі і уступным артыкулам том паэзіі Яна Каханоўскага. Перакладаў вершы Ясеніна, Вёрашмарці, Пецёфі, Раднаці, Чаоры.

  • 1972

    Памерла Вера Інбер (руск. Вера Инбер, у дзявоцтве Шпенцэр; нар. 10 ліпеня 1890), руская паэтка і празаік. Перакладала на рускую творы Т. Шаўчэнкі, М. Рыльскага, П. Элюара, Я. Райніса, Ш. Пецёфі і інш.

  • 1990

    Памёр Яніс Рыцас (грэч. Γιάννης Ρίτσος, нар. 1 траўня 1909), грэцкі паэт, празаік, перакладчык, левы палітычны дзеяч, удзельнік грэцкага Супраціву падчас Другой сусветнай вайны. Лічыцца адным з чатырох вялікіх нацыянальных паэтаў ХХ стагоддзя. Ранняя паэзія друкавалася ў камуністычнай прэсе і была прысвечаная ідэалам камунізму, СССР, барацьбе пралетарыяту ў розных краінах, познія творы адзначаюцца рысамі сюррэалізму. Дзевяць разоў намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, лаўрэат Ленінскай прэміі міру (1977). Пераклаў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” на грэцкую (1983). На беларускую мову вершы Рыцаса перакладала А. Кобец-Філімонава.